Перайсьці да зьместу

Ян Пазьняк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Я. Пазьняк»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Пазьняк.
Ян Пазьняк
лац. Jan Paźniak
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 19 лютага 1895(1895-02-19)
Суботнікі, Лідзкі павет Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр: 1940
Менск, БССР
Дзеці: Станіслаў Пазьняк[d]
Бацька: Аляксандар Пазьняк
Маці: Ганна Пазьняк

Я́н Аляксандравіч Пазьня́к (19 лютага 1887, паводле іншых зьвестак — 1895[1], мястэчка Суботнікі Лідзкага павету Віленскай губэрні, цяпер Іўеўскі раён Гарадзенскай вобласьці — пасьля кастрычніка 1939, НКУС, Менск?) — беларускі грамадзка-культурны дзяяч, выдавец і публіцыст.

Дзед беларускага палітыка і грамадзкага дзеяча Зянона Пазьняка.

Паходзіў зь сялянскай радзіны беларусаў-каталікоў: бацькі — Аляксандар і Ганна (з роду Тучкоўскіх) Пазьнякі.

Атрымаў агульную сярэднюю і музычную адукацыю. Рана далучыўся да беларускага руху. У 1909—1912 гадох браў удзел у працы беларускіх хрысьціянска-асьветніцкіх гурткоў. У 1913—1915 гадох разам з А. Бычкоўскім, Б. Пачопкам і А. Лявіцкім (Ядвігіным Ш.) выдаваў віленскую газэту «Biełarus». Служыў арганістам у Лаварышках каля Вільні, у касьцёле Сьвятога Яна ў Вільні (1918—1920).

З 1917 году актыўна ўдзельнічаў у беларускім хрысьціянска-дэмакратычным руху. Быў з 1928 году сакратаром Прэзыдыюму ЦК Беларускае хрысьціянскае дэмакратыі, з 1936 году — старшынём Прэзыдыюму Беларускага народнага аб’яднаньня. Арганізоўваў на вёсцы беларускія мастацкія калектывы, рупіўся пра адкрыцьцё беларускіх школаў. У 1928—1936 гадох рэдагаваў газэту «Biełaruskaja krynica». З пачатку 1930-х гадоў — старшыня Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэту. За рэдактарска-публіцыстычную і палітычную дзейнасьць перасьледаваўся польскімі ўладамі Віленшчыны. Некалькі месяцаў правёў у вязьніцы, штрафаваўся[1]. Напрыканцы 1938 году, у сувязі з закрыцьцём газэты «Biełaruskaja krynica», рэдактар часопісу «Хрысьціянская думка».

Пасьля пачатку 2-й сусьветнай вайны, у кастрычніку 1939 году Ян Пазьняк быў арыштаваны савецкімі акупацыйнымі войскамі і вывезены зь Вільні[2]. 22 красавіка 1940 году быў перавезены 226-м палком 15-й брыгады войскаў НКУС з Чэрвеня ў Менск[3]. Далейшы лёс пэўна невядомы[2]. Аднак дасьледаваньнем Польска-расейскага цэнтру дыялёгу і згоды праз параўнаньне сьпісаў польскіх грамадзян, зьніклых на тэрыторыях, занятых СССР у 1939 годзе, з канвойнымі сьпісамі войскаў НКУС выяўлена, што Ян Пазьняк, верагодна, быў забіты НКУС паводле рашэньня Палітбюро ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 году. Паводле дасьледаваньня, карэляцыя дат рашэньня і перавозкі, а таксама адсутнасьць інфармацыі пра далейшы лёс кажуць за тое, што гіпотэза блізкая да праўды. Гэта азначае, што Ян Пазьняк мог быць расстраляны ў Катыні ці іншым месцы масавага расстрэлу польскіх грамадзян і знаходзіцца ў г. зв. «Беларускім катынскім сьпісе», то бок месцам яго сьмерці зь вялікай верагоднасьцю зьяўляецца Менск[3]. Таксама і паводле Леаніда Маракова, Ян Пазьняк, верагодна, быў расстраляны НКУС у Менску[4].

Ян Пазьняк выступаў у друку з артыкуламі, у якіх між іншым камэнтаваў бягучыя палітычныя падзеі, аналізаваў грамадзкую, рэлігійную і культурную сытуацыю беларускай меншасьці ў Польшчы, акрэсьліваў напрамкі яе дзеяньняў для абароны сваіх правоў, растлумачваў ідэалягічныя асновы хрысьціянскага дэмакратызму[2]. Сярод напісаных ім працаў ёсьць «Самаўрад вясковых гмін», выдадзены ў Вільні ў 1929 годзе[4].

  1. ^ а б Пазняк Янка // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. — Менск-Мюнхэн: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
  2. ^ а б в Энцыклапедыя… том 5. — С. 377.
  3. ^ а б Fragment rekonstrukcji białoruskiej listy katyńskiej. — Цэнтр польска-расійскага дыялогу і дамовы.
  4. ^ а б Пазняк Янка // Рэпрэсаваныя… том II.
  • Пазняк Янка // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. — Менск-Мюнхэн: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
  • ПАЗНЯК Янка(недаступная спасылка) // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967: Энцыклапедычны даведнік: У 2 т. Т. 2. — Мн:, 2007.