Язэп Крупскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Язэп Крупскі
Jazep Krupski.jpg
Дата нараджэньня 11 кастрычніка 1934
Месца нараджэньня Куплін, Пружанскі павет, Палескае ваяводзтва, Польская Рэспубліка
Дата сьмерці 13 ліпеня 2014
Месца сьмерці Берасьце, Беларусь
Альма-матэр Менскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Аляксея Глебава і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў
Занятак мастак
Плынь станковы жывапіс
манумэнтальна-дэкаратыўнае мастацтва
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Крупскі.

Язэ́п Рыго́равіч Кру́пскі (11 кастрычніка 1934, в. Куплін, цяпер у Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці — 13 ліпеня 2014) — беларускі мастак.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і, дзе акрамя яго яшчэ былі тры сыны і пяць дачок. Зь дзяцінства даводзілася шмат працаваць, дапамагаючы бацькам па гаспадарцы. Бацьку ў 1939 арыштавалі НКУС-аўцы за тое, што меў зашмат кароваў[1].

Першапачатковую адукацыю Язэп Крупскі атрымаў у школе роднай вёсцы Куплін і ў Пружанах. Як успамінаў пазьней сам мастак, цікавасьць да маляваньня зьявілася ў яго ў школьныя гады, калі будучы творца спрабаваў маляваць прыроду, родную вёску. Школьныя настаўнікі, заўважыўшы здольнасьці Язэпа Крупскага, парэкамендавалі яму паступаць у Менскую мастацкую вучэльню.

Язэп Крупскі скончыў Менскую мастацкую вучэльню ў 1960 г. Адслужыўшы ў войску, скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1968). Атрымаў кваліфікацыю мастак-жывапісец пасьля абароны свайго дыплёмнага праекту «Хлапчукі бягуць». З 1978 — чалец Беларускага саюзу мастакоў.

Жыў у Берасьці, працаваў на прадпрыемстве «Мастацтва». У 1990-я за нявыплату арэнды пазбавіўся майстэрні, за нявыплату ўзносаў быў выключаны з Саюзу мастакоў[1].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працаваў у станковым жывапісе (пэйзаж, партрэт) і манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве (мазаіка, зграфіта, фрэска). Тэматыка яго твораў разнастайная. У пошуках новых тэмаў для сваіх твораў ён шмат езьдзіў па краіне на пленэры, прывозіў адтуль вялікую колькасьць пэйзажаў, замалёвак, эцюдаў, зь якіх пазьней нараджаліся новыя палотны. У сваіх творах Язэп Крупскі часта зьвяртаўся да тэматыкі роднай Берасьцейшчыны і Палесься (карціны «Палесьсе», «Украіна Берасьця», «Вербы над Бугам»)[2], нярэдкія на яго карцінах і сюжэты з малой радзімы: «Вёска майго дзяцінства», «Пружанскія балоты»[3].

Важнае месца ў творчасьці Язэпа Крупскага займала тэма вайны. У карцінах «Берасьце», «Фарсаваньне Дняпра», «Невядомыя салдаты», «Абарона Берасьцейскага вакзалу» (гэта карціна ў свой час экспанавалася на Ўсесаюзнай выставе ў Маскве) мастак перадаў на палатне гераізм і трагізм таго часу.

Галоўнай мэтай творчасьці Язэпа Крупскага было раскрыцьцё прыгажосьці прыроды і прыгажосьці чалавека.

Асноўныя творы мастака:

  • карціны «Фарсаваньне Дняпра», «Абарона Берасьцейскага вакзалу», «Пяшчотнасьць», «Невядомыя жаўнеры», «Непакораны», «Хлапчукі», «Тры грацыі», «Партрэт жонкі», «Дзяўчына ў белым», «Маці», «Настаўніца», «Аўтапартрэт»
  • пэйзажы «Палесьсе», «Сьвята Купальля», «Навагодняя казка», «Цёплы дзень», «Ускраіна Берасьця», «Полацак і стагодзьдзі», «Затоплены човен»
  • зграфіта ў кінатэатры «Беларусь» (Берасьце), «Ніць вечнасьці» ў Палацы культуры камбінату верхняга трыкатажу (Пінск)
  • мазаіка «Юнацтва» на фасадзе спарткомплексу Берасьцейскага пэдагагічнага ўнівэрсытэта
  • росьпіс «Жыцьцё» ў кінатэатры «Мір» (Берасьце)

Ілюстраваў вокладку паэмы Ю. І. Крашэўскага «Вёска» ў перакладзе Міколы Папекі.

Удзельнік мастацкіх выставаў з 1968 року. Творы захоўваюцца ў музэях і карцінных галерэях Берасьця, Баранавічаў, Пружанаў, Менску, у прыватных калекцыях у Польшчы й іншых краінах.

Дзякуючы дапамозе польскага мэцэната Яцэка Галембіеўскага ў Польшчы выйшаў каталёг карцінаў Язэпа Крупскага[1].

Нягледзячы на складаную матэрыяльную і духоўную сытуацыю, у якую мастак трапіў пасьля таго як пазбавіўся майстэрні і быў выключаны з Саюзу мастакоў за няўплату складак, Язэп Крупскі працягваў маляваць да канца свайго жыцьця: маляваў эцюды непадалёк ад свайго дому, зьвярнуўся да новай для сябе біблейскай тэматыкі, стварыўшы карціны «Адам і Ева», «Выгнаньне з раю», «Апошнія дні сьвятога Язэпа», «Нараджэньне Хрыстова»; працаваў над трыпціхам, прысьвечаным любімаму гораду Берасьцю. Памёр ва ўзросьце 79 гадоў.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Улюбёны ў родны край: мастак Язэп Крупскі / склад. В. А. Макарчук; рэд. Н. К. Шабуня. — Пружаны: ЦРБ імя М. Засіма, 2011. — 12 с. — (Знакамітыя землякі).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]