Юзэф Станіслаў Сапега
Юзэф Станіслаў Сапега | |
Герб «Ліс» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 16 студзеня 1708 Гданьск |
Памёр | 4 сьнежня 1754 Вільня |
Пахаваны | |
Род | Сапегі |
Бацькі | Аляксандар Павал Сапега Марыя Крыстына дэ Бэцюн |
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, каталіцкі дыякан, каталіцкі біскуп |
Юзэф Станіслаў Сапега (польск. Józef Stanisław Sapieha; 16 студзеня 1708, Гданьск — 4 сьнежня 1754, Вільня) — дзяржаўны і рэлігійны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага[2], біскуп.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Аляксандра Паўла, маршалка вялікага літоўскага, і Марыі Крыстыны, дачкі Франсуа Гастона дэ Бэцюна, сястрыніча каралевы Марыі Казімеры д’Аркен. Меў братоў Казімера Лявона і Міхала Антонія, ягоным хросным бацькам быў Станіслаў Ляшчынскі.
Да 1727 году навучаўся ў езуіцкім калегіюме ў Браневе, пазьней у сэмінарыі Сьвятога Крыжа ў Варшаве. Тагож году атрымаў ніжэйшыя сьвячэньні. 18 красавіка 1729 году высьвечаны на субдыякана і 5 сакавіка 1730 году ўзначаліў жамойцкі архідыяканат. 14 сакавіка 1732 году высьвечаны на дыякана, а 8 траўня таго ж году — на сьвятара.
У часе элекцыі 1733 году падтрымаў Станіслава Ляшчынскага і па абдыкацыі (адрачэньня) таго ад стальцу зьехаў зь ім да Гданьску й Караляўца. Прызначэньне яго камянецкім біскупам у зьвязку з абдыкацыяй не было пацьверджанае Рымам. Дзякуючы падтрымцы канцлера Яна Фрыдэрыка Сапегі быў прыняты Аўгустам ІІІ, ад якога атрымаў прызначэньне на віленскае каад’ютарства. Адначасна быў прызначаны тытулярным біскупам Дыяцэзарэі ў Ісаўрыі, кансэкраваны 1 верасьня 1737 году.
У 1740 годзе разам з братам Міхалам Антоніем дамогся права апекі над пляменьнікамі Аляксандрам Міхалам і Міхалам Ксавэрам Сапегамі, што прывяло да больш актыўнага ўдзелу біскупа ў палітычных справах. У 1740—1742 гадох браў дзейсны ўдзел у маёмасных спрэчках з Радзівіламі, якія са зьменным посьпехам цягнуліся ажно да паўнагодзьдзя Аляксандра Міхала.
У 1746 годзе выступіў супраць прымусовага адабраньня праваслаўнае царквы як рэакцыі на перасьледы каталіцтва на захопленай Расеяй Смаленшчыне. Па вялікім пажары ў Вільні ў 1748 годзе стварыў новы плян места, які мусіў перадухіляць падобныя катастрофы ў будучыні. Аднак плян быў адхілены магістратам празь вялікія выдаткі на ягонае зьдзяйсьненьне.
Зьбіраў уласную бібліятэку, перапісваў кнігі, дасьледаваў і ўпадаркоўваў архівы Сапегаў[2]. У 1753 годзе фундаваў тэлескоп для Віленскае Акадэміі.
Памёр 4 сьнежня 1754 году. Пахавалі біскупа ў Віленскай катэдры.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
П. Ю. Ендажаёўскі, 1746
-
Невядомы мастак, XVIII ст.
-
Невядомы мастак, XVIII ст.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыі (белар.) — Мінск: Віктар Хурсік, 2017. — С. 70. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
- ^ а б Мацук А. Сапега Юзаф Станіслаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 543.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Юзэф Станіслаў Сапега — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў