Перайсьці да зьместу

Юзэф Казімер Касакоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Юзаф Касакоўскі»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Касакоўскі.
Юзэф Казімер Касакоўскі
Юзэф Казімер Касакоўскі
Юзэф Казімер Касакоўскі

Герб «Сьлепаўрон»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 16 сакавіка 1738
Шылы Ковенскага павету
Памёр 9 траўня 1794 (56 гадоў)
Варшава, Каралеўства Польскае
Род Касакоўскія
Бацькі Дамінік Касакоўскі
Мар’яна з Забелаў
Дзейнасьць перакладнік, пісьменьнік, каталіцкі сьвятар, каталіцкі тэоляг, публіцыст, палітычны актывіст, каталіцкі біскуп

Ю́зэф Казі́мер Касако́ўскі[a] (16 сакавіка 1738, Шылы Ковенскага павету, цяпер Янаўскі раён Ковенскага павету Летувы — 9 траўня 1794, Варшава, цяпер Польшча) — рымска-каталіцкі й дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай. Пісар вялікі літоўскі (з 1775), тытулярны біскуп цыненскі і біскуп-суфраган троцкі (1775—1781), біскуп інфлянцкі (з 1781). Кавалер ордэнаў Сьвятога Станіслава (1778) і Белага Арла (1781).

Прадстаўнік шляхецкага роду Касакоўскіх гербу «Сьлепаўрон», сын Дамініка і Мар’яны з Забелаў. Меў братоў: гетмана Сымона, кашталяна Антонія й ваяводу Міхала.

Ю. К. Касакоўскі, XIX ст.

Скончыў Ковенскі езуіцкі калегіюм. У 1758 атрымаў урад падчашага ковенскага, потым судзьдзі земскага, абіраўся паслом на сойм. У 1761 высьвечаны на сьвятара, навучаўся ў Віленскай акадэміі, дзе атрымаў ступень доктара філязофіі, і Варшаве. Выконваў абавязкі пробашча ў Воўпе й каноніка ў Вільні. Ад 1764 кусташ віленскі. Прыхільна ставіўся да Барскае канфэдэрацыі, для яе падтрымкі разам з братам Сымонам спрабаў стварыць Генэральную канфэдэрацыю Вялікага Княства Літоўскага, за што яго ўзялі пад арышт расейскія ўлады.

Невядомы мастак, па 1780

13 сакавіка 1775 прызначаны тытулярным біскупам Цыну з абавязкамі біскупа-суфрагана троцкага Віленскае дыяцэзіі, адначасна — пісар вялікі літоўскі. Варагаваў з Антоніем Тызэнгаўзам, пасьля адстаўкі якога перавёў шмат рамесьнікаў з Горадні ў свае маёнткі. 17 верасьня 1781 прызначаны інфлянцкім біскупам, быў таксама адміністратарам Курляндзкае дыяцэзіі. У 1783 інфлянцкая дыяцэзія на кароткі час увайшла ў склад Магілёўскае архідыяцэзіі.

Дзеля ўласнага ўзбагачэньня шмат займаўся фінансавымі махінацыямі й ашуканствам. Быў прыхільнікам прарасейскае партыі, у 1787 пачаў атрымліваць сталую пэнсію з расейскае амбасады, быў пратэжэ амбасадара Ота Магнуса фон Штакельбэрга, зь яго намінацыі засядаў у 1782—1786 у Пастаяннай Радзе (у 1784—1786 старшыня дэпартамэнту справядлівасьці). Удзельнічаў у працы Чатырохгадовага сойму 1788—1792. 19 сьнежня 1791 прызначаны біскупам-каад’ютарам віленскім.

Супрацьстаяў Канстытуцыі 3 траўня, разам з братам Сымонам узначальваў Таргавіцкую канфэдэрацыю ў Вялікім Княстве Літоўскім. З дапамогай расейскіх войскаў фактычна атрымаў уладу на Літве, якую намагаўся далучыць да Расеі. Дзеля адарваньня Вялікага Княства ад Кароны спрыяў утварэньню асобных дзяржаўных камісіяў ВКЛ, якімі фактычна кіраваў[2].

У час паўстаньня на чале з Касьцюшкам 22 красавіка 1794 ягоны маёнтак сканфіскаваў паўстанцкі ўрад[3], а самога яго неўзабаве асудзілі й павесілі ў Варшаве як здрадніка.

Займаўся літаратурнай творчасьцю. У 1786 надрукаваў два раманы Ксёндз Плябан (польск. Ksiądz Pleban), у якім паказаў найдасканальнейшую парафію эпохі Асьветніцтва, і «Паніч гаспадар» (польск. Panicz gospodarz). У 1787 напісаў раман «Абывацель» (польск. Obywatel), а ў 1791 — Czarownica (Чараўніца). Перакладаў з францускае мовы, аўтар мэмуараў.

  1. ^ Таксама Язэп Казімер Касакоўскі[1]
  1. ^ Дзярновіч А. Плач па Вялікім Княстве // METRICIANA: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Том ІІ. — Менск: Athenaeum — Аддзел спецыяльных гістарычных навук ІГ НАНБ, 2003. — 260 с. (Athenæum VIIІ)
  2. ^ Пазднякоў В. Касакоўскія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 69.
  3. ^ Kronika powstań polskich 1794—1944. — Warszawa: Wydawnictwo Kronika, 1994. ISBN 83-86079-02-9. — S. 30.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]