Перайсьці да зьместу

Эрых фон Фалькенгайн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Эрык фон Фалькенхайн»)
Эрых фон Фалькенгайн
11 верасьня 1861(1861-09-11)[3][4]8 красавіка 1922(1922-04-08)[1][2][3][…] (60 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца сьмерці

Э́рых фон Фа́лькенгайн (па-нямецку: Erich von Falkenhayn; 11 верасьня 1861, Грудзёндз — 8 красавіка 1922, пад Патсдамам) — нямецкі генэрал, вайсковы міністар Нямеччыны (1913—1914), начальнік генэральнага штабу Нямеччыны (1914—1916) падчас Першай сусьветнай вайны.

Вайсковую службу распачаў ў 1880 годзе. У 1890 скончыў Акадэмію Генэральнага Штабу. Некалькі гадоў быў інструктарам кітайскай арміі, а пад час паўстаньня баксэраў працаваў у нямецкім штабе інтэрвэнцкіх сілаў. Пасьля вяртаньня дахаты служыў у нямецкім Генэральным Штабе. З чэрвеня 1913 (да студзеня 1915) выконваў функцыі прускага вайсковага міністра.

Няўдачы нямецкай арміі на пачатку Першай сусьветнай вайны прывялі да таго, што кайзэр Вільгельм II прызначыў Фалькенгайна 14 верасьня 1914 шэфам Генэральнага штабу замест Гэльмута фон Мультке.

Напачатку Фалькенгайн паспрабаваў адцяць на Заходнім фронце ангельцаў і французаў ад мора. Гэта не атрымалася. Тады ён прыняў стратэгію пераносу актыўных дзеяньняў на іншыя франты, галоўным чынам на ўсходні, каб змусіць Расею прасіць замірэньня. У 1915 падрыхтаваў пераможныя апэрацыі на ўсходнім фронце, а таксама захапіў Сэрбію. Аднак ён меў канфлікт з камандуючым ўсходнім фронтам — Гіндэнбургам і Людэндорфам, таму не хацеў кідаць усе сілы на Расею. Ня верыў у магчымысьць поўнай перамогі над Расейскай Імпэрыяй і баяўся за аслабленьне заходняга фронту. Чакаючы на палітычную дамову з Расеяй, вырашыў аслабіць заходніх саюзьнікаў: праз атакі падводнымі чоўнамі ангельскіх караблёў ды «выкрываўленьне» францускай арміі (Бітва пад Вэрдэнам).

Параза пляну пад Вэрдэнам, наступ Брусілава на ўсходзе і ўваход у вайну Румыніі сталіся вынікам адхіленьня Фалькенгайна ад камандаваньня 29 жніўня 1916. Ягонымі наступнікамі сталі Гіндэнбург і Людэндорф.

Яго прызначылі камандуючым 9-й Арміі, якая ваявала супраць Румыніі (верасень 1916 — чэрвень 1917), дзе выдатна праявіў свае якасьці. Вясною 1917 выехаў да Турэччыны. Тамака камандаваў турэцкай Групай Арміі Палестына. Атрымаў некалькі балючых паразаў і ў лютым 1918 быў вызвалены з пасады. Напрыканцы вайны кіраваў нямецкай 10-й Арміяй, што знаходзілася ва Ўкраіне (з сакавіка 1918 да лютага 1919).

Сышоў на спачынак 5 чэрвеня 1919. Пасьля вайны выдаў ўспаміны «Нямецкае камандваньне ў 1914—1916».

  1. ^ а б Фалькенхайн Эрих фон // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  2. ^ а б Erich von Falkenhayn // Encyclopædia Britannica (анг.)
  3. ^ а б в Erich Falkenhayn // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  4. ^ а б в Deutsche Biographie (ням.)München BSB, Historische Kommission bei der Bayerischen Akademie der Wissenschaften, 2001.