Эдвард Кісель
Эдвард Кісель (24 лютага 1918, Юндзілаў, Браслаўскі павет — 28 верасьня 1993) — рымска-каталіцкі дзеяч Польшчы, першы біскуп беластоцкі.
Вучыўся ў школе ў Германавічах, пасьля ў гімназіях Дзісны і Пінска. У 1937 паступіў у Архідыяцэзіяльную вышэйшую духоўную сэмінарыю ў Вільні. Адначасова запісаўся на курсы тэалёгіі Віленскага ўнівэрсытэту імя Стэфана Баторыя. У 1941 у Віленскай катэдры атрымаў дыяканскія пасьвячэньні з рук арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага. 3 сакавіка 1942 арыштаваны гестапа, знаходзіўся ў турме ў Лукішках, а потым быў высланы ў Нямеччыну, але ў Варшаве ўцёк з палону. Нейкі час хаваўся ў ксяндзоў арыяністаў, затым у Лазьневе (20 км ад Варшавы), дзе скончыў сваю навучаньне. 14 лютага 1943 атрымаў сьвятарскае пасьвячэньне, прыміцыйную Сьвятую Імшу адправіў у Чанстахове.
Вясной 1943 прызначаны вікарыем у Чорную Весь на Беласточчыне, затым пераведзены ў Ухава. Пасьля таго, як немцы спалілі Ухава, пераехаў у Беласток, дзе выконваў сьвятарскую паслугу ў касьцёле сьвятога Роха. У студзені 1953 абараніў доктарскую дысэртацыю. У 1971 прызначаны канцлерам арцыбіскупскае курыі ў Беластоку, а ў 1974 — капітульным канонікам базылікі Віленскае мэтраполіі.
3 траўня 1976 прызначан тытулярным біскупам Ліматы і апостальскім адміністратарам Беластоцкай архідыяцэзіі. Кансэкрацыя адбылася ў Беластоцкай катэдры. Пад яго кіраўніцтвам на Беласточчыне было адбудавана 18 касьцёлаў і капліцаў, духоўная сэмінарыя ў Беластоку, інтэрнат для клерыкаў, дом для сьвятароў-пэнсіянэраў, паўстала 18 новых парафій. 25 сакавіка 1992 Папа Ян Павал II зацьвердзіў булай арцыбіскупства і мітраполію ў Беластоку, першым арцыбіскупам-мітрапалітам якой быў прызначаны Эдвард Кісель.
Памёр 28 верасьня 1993 а дзевятай гадзіне вечара. Дзень 1 кастрычніка 1993 на Беласточчыне быў абвешчаны днём смутку і жалобы.