Шупеня
Шупеня | |
Нацыянальная страва | беларуская, летувіская, украінская |
---|---|
Асноўны складнік | фасоля/гарох, сала/сьвініна |
Распаўсюджаныя складнікі | ячныя крупы, бульба, грыбы, цыбуля, мука |
Шупеня (па-летувіску: šiupinys, па-ўкраінску: шопень) — патраўка ці рагу на аснове груцы і скварак ці мяса, вядомая ў беларуска-літвінскай і ўкраінскай кухнях.
Лявон Патоцкі апісвае шупеню ў «Мэмуарах пана Камэртона» як улюбёную страву жамойтаў, якую гатавалі на вясельле ці хрэсьбіны. Паводле Данэлайціса, елі яе таксама на Масьленіцу(lt) ды Каляды. У Клайпедскім краі падавалася з кавай ці півам.
На Беларусі распаўсюджаная ў межах гістарычнай Літвы. Ва Ўкраіне захавалася толькі на Гуцульшчыне. Пад Кракавам вядомая падобная страва пад назваю «дзядоўская суполка»(pl).
Прыгатаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларускі варыянт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1 —1,5 кг маладой бульбы
- 1 —2 шклянкі маладых бабоў
- 1 вялікая цыбуліна
- 3 —4 сталовыя лыжкі алею
- 0,5 шклянкі сьмятаны
- кроп
- соль
- мелены чорны перац
Бульбу абабраць, вымыць і адварыць да гатовасьці, так сама адварыць бабы і зьняць зь іх лупіньне. Цыбулю дробна парэзаць і спасіраваць да залацістага колеру. Да цыбулі дадаць сьмятану і прагрэць. Патаўчы бульбу, бабы й цыбулю ў таўканіцу, дадаць кроп і мелены перац. Падаваць можна зь сьвежай і салёнай гароднінай ды мясам.
Летувіскі варыянт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 100 г тлустай сьвініны або кілбасы
- ½ цыбулі-рэпкі дробным кубікам
- 50 г груцы
- 50 г гароху
- 50 г фасолі
- 2 бульбіны (надраць і крыху адціснуць)
- булён мясны або гароднінны
- яйка
Сьвініну і цыбулю абсмажыць, дадаць крупы, гарох, фасолю (бабовыя папярэдне замачыць у халоднай вадзе на 6-8 гадзінаў), заліць булёнам і тушыць да гатовасьці мясапрадуктаў. Потым іх выняці і, памешваючы, увесьці таркаваную бульбу. Варыць, памешваючы, да гатовасьці (каб перастаў адчувацца крухмал). Падаваць з салёнымі гуркамі, хлебам, зяленівам, грыбамі, сьмятанаю і яйкам «у мяшэчак».
Украінскі варыянт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1—1,5 кг маладой бульбы
- 1-2 шклянкі фасолі
- 50 г кукурузных крупаў
- 1 цыбуля-рэпка
- 3—4 ст. лыжкі сала
- 0,5 шклянкі сьмятаны
- кроп
- соль
- мелены чорны перац
Бульбу абабраць, памыць і адварыць да гатовасьці, так сама адварыць фасолю і зьняць лупіньне. Зварыць кукурузныя крупы. Цыбулю дробна нарэзаць і спасіраваць да залацістага колеру. Да цыбулі дадаць сьмятану і прагрэць. Патаўчы гарачую бульбу, фасолю й цыбулю ў таўканіцу, зьмяшаць з кукурузнаю кашаю, дадаць кроп і мелены перац. Падаваць з маласольнымі гуркамі ды мясам.
Звычаі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Беларусі густую шупеню падаюць сватам са сьвіным хвастом, які стаіць тырчма, калі дзяўчына дае згоду выйсьці замуж, і паземна на паверхні пры адмове[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ніна Шчарбачэвіч. «Рэстаратары нарэшце сталі да мяне прыслухоўвацца» // Ігуменскі тракт. — 5 лістапада 2013. — № 37 (52).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Tarybų Lietuvos enciklopedija. — Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. — Т. 4 (Simno — Žvorūnė). — С. 209.