Шуляк-галубятнік
Шуляк-галубятнік | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Надцарства | Эўкарыёты |
Царства | Жывёлы |
Тып | Хордавыя |
Падтып | Хрыбетныя |
Кляса | Птушкі |
Атрад | Сокалападобныя |
Сямейства | Ястрабіныя |
Род | Коршакі |
Від | Шуляк-галубятнік |
Бінамінальная намэнклятура | |
Accipiter gentilis Linnaeus, 1758 | |
Шуляк-галубятнік (Accipiter gentilis) — драпежная птушка роду коршакаў сямейства ястрабіных.
Марфалягічныя прыкметы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Памерам крыху большы за шэрую варону. Выражаны плоцевы дымарфізм — саміцы большыя за самцоў. Афарбоўка верху цела цёмная, шэра-бурая, ніжняя частка белаватая з папярочнымі шэрымі палоскамі. У маладых птушак верхняя частка, галава і зьнешняя частка крылаў бурыя, грудзі белыя з вэртыкальнымі бурымі палоскамі. У дарослага самца над вачыма выражаныя белыя «бровы». Колер вачэй у дарослых асобаў чырвоны або чырвона-карычневы, у маладых — яскрава-жоўты.
Маса самцоў 630—1100 г, даўжыня ў сярэднім 55 см, размах крылаў 98—104 см. Маса саміцаў 860—1360 г, даўжыня — 61 см, размах крылаў — 105—115 см.
Арэал і месцы пражываньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шуляк-галубятнік пашыраны ў Эўропе, Азіі ды Паўночнай Амэрыцы. Засяляе пераважна хвойныя і ліставыя лясы. Аддае перавагу гнездаваньню ў лясох, багатых на старыя і высокія дрэвы, зь сярэдняй асьветленасьцю і невялікімі палянкамі або ўзьлескам непадалёк, для паляваньня.
Колькасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэта адна з найпашыранейшых драпежных птушак Эўропы, ягоная колькасьць ацэньваецца ў 160—210 тыс. пар.
Размнажэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пэрыяд размнажэньня трывае з пачатку красавіка да сярэдзіны чэрвеня. Пара пачынае будаваць гняздо яшчэ за два месяцы да адкладаньня яек. Зазвычай гняздо разьмешчанае на галінцы каля камля або ў разгалінаваньні камля. Гняздо мае каля мэтру ў дыямэтры, разьмяшчаецца пераважна на вышыні 10—25 м над зямлёю і будуецца з сухіх галінак, па краі трапляюцца хваёвыя іголкі зь сьвежаю хвояю. Адкладаньне яек трывае з пачатку — у другой дэкадзе красавіка. Зазвычай саміца адкладае 2—4 яйкі з інтэрвалам у 2—3 дні. Яйкі шурпатыя на дотык, блакітна-белага колеру. Выседжваньне трывае ў сярэднім 37 содняў. Птушаняты зазвычай зьяўляюцца ў гнёздах з ІІІ дэкады траўня. Маладыя птахі перабуваюць у гнязьдзе каля 45 содняў. Пасьля вылету моладзь яшчэ ня менш за два тыдні знаходзіцца ў раёне гнязда.
Харчаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шуляк-галубятнік жывіцца пераважна птушкамі, якіх здабывае сам. 80—90 % здабычы складаюць дразды, дзятлы, сойкі, шэрыя вароны, гракі, галубы. Значна радзей ён ловіць цецярукоў, арабкоў, маладых глушцоў, качак, свойскую птушку; зрэдку таксама зайцоў і вавёрак.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шуляк-галубятнік — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў