Перайсьці да зьместу

Чаркесы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Чаркескі сьцяг

Чарке́сы (саманазва: адыгэ) — 1) адна з народнасьцяў адыгаў, што жыве ў Карачаева-Чаркесіі (Расеі). Колькасьць 50,8 тыс. чалавек, у тым ліку ў Карачаева-Чаркесіі — 40,2 тыс. чалавек. 2) прынятая ў славянскіх мовах назва адыгаў — заходнекаўкаскага народу, да якога ў прыватнасьці належаць штучна падзеленыя за Савецкім часам кабардынцы, адыгейцы ды іншыя. У краінах Блізкага Ўсходу, куды былі выселеныя ў другой палове XIX ст. многія насельнікі Заходняга Каўказу пад назвай «чаркесы» аб’яднаныя ўсе адыгі, абхазы, а часам і іншыя народы Паўночнага Каўказу, што перасяліліся туды пасьля акупацыі Каўказу Расейскай Імпэрыяй.

Чаркеская мова (ці чаркескія мовы) складаюцца зь дзьвюх надзвычай блізкіх дыялектаў (моваў): заходнечаркескага (адыгейскага) і ўсходнечаркескага (кабардынскага). Мяркуецца, што ўсходнечаркеская гаворка ў XIII—XIV стагодзьдзях аддзялілася ад адзінай чаркескай мовы. Разам з абхаскай і абазынскай мовамі чаркеская належыць да адыга-абхаскай моўнай сям’і. Заходнечаркеская зьяўляецца афіцыйнай мовай у Аўтаномнай Рэспубліцы Адыгея. Усходнечаркеская — афіцыйная ў Кабардына-Балкарыі і Карачаева-Чаркесіі. Дзеля таго што ва ўсходнечаркескай гукаў менш, чым у заходнечаркескай, тым, хто размаўляе па-ўсходняму, зразумець заходнечаркескую цяжэй чым наадварот. Падчас апытаньня аб мове ўсе адказваюць, што гавораць па-адыгейску. Таму часьцяком цяжка падзяліць чаркескую мову на адыгейскую і кабардынскую. Падзел на ўсходне-адыйгейскую і заходнечаркескую (кабардынскую) больш абгрунтаваны, але не пашыраны і не ўспрымаецца самімі чаркесамі.

Чаркесы разам зь ісламізацыяй пачалі карыстацца арабшчынай як пісьмовай мовай, а таксама перанялі арабскую пісьмовасьць для сваёй мовы. У 1920-1930 гадох быў укаранёны лацінскі альфабэт. З 1937/38 ён быў заменены мадыфікаваным кірылічным. Дасёньня ў чаркесаў няма адзінага альфабэту. Яны карыстаюцца двума-адным для заходнечаркескай (арыентаваным на тэміргоеўскі дыялект), і адным для ўсходнечаркескай гаворкі, інакш кажучы для кабардынскага дыялекту.

Чаркескі ваяр

Калісьці чаркесы (у сэнсе ўсе тады адзіныя адыскія народы) зьяўляліся адным з самых шматлікіх этнасаў Каўказу. У 1830 г. яны налічвалі больш за мільён чалавек. Так было, пакуль Расейская імпэрыя не пачала экспансію на поўдзень. Гэта каталізавала працэс стварэньня чаркескае дзяржаўнасьці. Але недаўгавечная дзяржава адыгаў праіснавала восем гадоў у 1856—1864 г. Сьмелае змаганьне чаркесаў прыцягнула да сябе ўвагу многіх эўрапейцаў, у тым ліку й нашых суродзічаў, што ў 1850—1860-я гады вырушылі змагацца з Расейскай імпэрыяй на Каўказ. Вядомы імёны дзясяткаў беларусаў і палякаў, што бралі ўдзел у вайне на баку чаркесаў. Была нават падпісана дамова аб супрацоўніцтве паміж прыхільнікамі аднаўленьня Рэчы Паспалітай і чаркескім урадам.

Чаркесы («адыгі» — гэта саманазоў) былі падзеленыя на 12 плямёнаў. Гэта й выкарыстала Расейская Імпэрыя ў сваёй палітыцы. Чаркесы супраціўляліся ня менш гераічна за насельнікаў імамату Шаміля на Ўсходнім Каўказе. Уся Кубань і чарнаморскае ўзьбярэжжа былі арэнай баёў. Апошнім месцам супраціву чаркескіх патрыётаў стала ўрочышча Гбаада, сёньня курорт «Красная паляна», дзе адбыўся апошні бой 21 траўня 1864 г. Потым пачаліся зачысткі. Расейскія войскі выціснулі чаркесаў з кубанскіх раўнін, палілі аулы, выразаючы жыхароў і выціскаючы ацалелых у Турэччыну. Большасьць падчас перасяленьня загінула.

Цяпер дзень 21 траўня лічыцца Днём памяці чаркескага народу. Расейцы афіцыйна лічаць гэты дзень датай заканчэньня Каўкаскай вайны.

Бальшавікі падзялілі землі чаркескіх плямёнаў на некалькі адміністрацыйных утварэньняў. Цяпер бжэдугі, чэмгуі, натухаеўцы, габукаеўцы, тэміргоеўцы жывуць на абшарах Рэспублікі Адыгеі; кабардзінцы, бэсьленеўцы, абадзэхі — у Кабардына-Балкарыі; абазіны — у Карачаева-Чаркесіі (карачаеўцы й балкарцы — цюркамоўныя народы); невялікія паселішчы шапсугаў, жанэўцаў захаваліся на ўзьбярэжжы ля Сочы й Туапсэ, але большасьць іх вынішчылі ў ХІХ ст. Убыхі ўжо нідзе не жывуць — яны былі вынішчаныя ў Каўкаскую вайну да апошняга чалавека.

Ідэі аб’яднаньня чаркесаў гучалі заўжды — за Саветамі падпольна, пасьля гучна з боку нацыянальнага руху «Адыгэ Хасэ». Праўда, афіцыйныя ўлады ніколі ўсур’ёз над тым не разважалі, а стратэгія чаркескіх нацыяналістаў пакуль палягае ва ўмацаваньні самастойнасьці тых адміністрацыйных адзінак, што ўжо існуюць.

Пры канцы савецкага часу на чыстай чаркескай мове ў Адыгеі гаварылі толькі старыя. На адыскай мове не вучылі ў школах, ні тым больш ва ўнівэрсытэтах. Аднак у 1990-х чаркескамоўных паболела. Амаль не засталося комплексаў у карыстаньні чаркескай мовай. Наадварот, сярод гарадзкой моладзі стала прэстыжна размаўляць па-свойму. Некаторыя нават камплексуюць, што непадобныя на «праўдзівых адыгаў» — занадта русыя.

У 1992 г. Адыгейская аўтаномная вобласьць выйшла з Краснадарскага краю і стала сувэрэннай рэспублікай у складзе Расеі. Нацыянальная самасьвядомасьць пачала мацнець. Зьяўленьне дзяржаўна замацаванай сымболікі (сьцяга, герба ды гімну), прыняцьце ў якасьці дзяржаўнай мовы чаркеска-адыскае мовы — усё гэта прывяло да таго, што сёньняшнія падлеткі валодаюць роднай мовай вольна.

За часы Рэспублікі адыская мова стала абавязковым прадметам нават у тэхнічных вучэльнях. «Нацыяналізаваўся» й Адыгейскі дзяржунівэрсытэт. І такое адраджэньне адбылося, нягледзячы на тое, што чаркеская мова належыць да самых складаных моў сьвету — выключна багатая на граматычныя выключэньні, а таксама зь вялізнай колькасьцю гукаў (54 зычныя, 3 галосныя).

Праўда, культура застаецца маларазьвітаю, на чаркескай мове друкуюцца толькі адна газэта і альманах. Кнігі найбольш прывозяць з кабардынскага Нальчыку — такой сабе чаркескай Вільні. Тэлебачаньне Адыгеі маламоцнае і амаль выключна расейскамоўнае.

Чаркескі танец

Асноваю чаркескага нацыянальнага адраджэньня ёсьць музыка й танцы.

Танцы мелі рэлігійнае значэньне. Напрыклад, рытуал пакланеньня сонцу натхніў адыскі танец удж-хъурай — узяўшыся за рукі ў коле, мужчыны і жанчыны спрабуюць зьвярнуцца да сьвяціла. Чаркескі танец нясе таксама сацыяльную і гістарычную інфармацыю. Выдатна захаваліся й традыцыйныя сьпевы, у якіх нават ёсьць згадкі пра Вялікае Княства Літоўскае і войны Івана Жахлівага.

Важную ролю ў фармаваньні чаркескага этнасу адыгрывае і вера. Цяпер чаркесы — мусульмане-суніты, але да XIX ст. яны былі паганцамі. Некаторыя чаркескія інтэлектуалы лічаць сваёй рэлігіяй нацыянальны звод гонару — «адыгэ хабзэ». Таму іншыя рэлігіі заўсёды мелі праблемы з пашырэньнем сярод адыгаў. Ідэі супраціўленьня чаркескія нацыяналісты зьвязваюць, хутчэй, ня з Богам, а са сваёй нацыянальнай ідэяй адыгагъэ (адыгствам).

Большай часткай чаркесы пасьля СССР — нерэлігійныя людзі. Праявы рэлігійнасьці зьвязаныя перадусім з прыежджымі чачэнцамі ці чаркесамі — рэпатрыянтамі з краінаў Усходу.

Рэпатрыяцыя чаркесаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На мільённую дыяспару ў актывістаў чаркескага нацыянальнага руху вельмі вялікія спадзяваньні, прычым ня толькі ў матэрыяльным, але і ў чалавечым пляне. Адной з мэтаў, што вызначылі сабе чаркескія нацыяналісты, зьяўляецца забесьпячэньне вяртаньня ўсіх ахвотных на радзіму. Яны дасягнулі немалых посьпехаў у гэтым напрамку — ужо цяпер толькі ў Адыгеі налічваецца пад дзьве тысячы рэпатрыянтаў з Турцыі, Сырыі, Эгіпту, апошнім часам з Ізраілю. Найвялікшай праблемай для іх зьяўляецца працаўладкаваньне. Хто больш спрытны, пачынае бізнэс, але замінае жорсткая моўная палітыка Расеі — бязь веданьня расейскай мовы зачыняюцца ўсе шляхі.

Мітынг памяці генацыду чаркесаў у Стамбуле, Турцыя

Чаркескі рух выклікае занепакоенасьць Масквы, бо тамтэйшыя нацыяналісты паказалі сваю гатоўнасьць да радыкальных захадаў, прымаючы ўдзел у вайне ў Абхазіі на пачатку 1990-х.

Абхазы — блізкія сваякі чаркесаў. Праўда, пасьля Каўкаскае вайны разарваўся ланцужок гаворак, ад абазінцаў да шапсугаў і далей на поўдзень праз убыхаў да абхазаў. Было выбітае адное зьвяно — убыхі.

Чаркескі ўдзел у канфлікце зьвязаны з арганізацыяй, што ставіла на мэце стварэньне незалежных дзяржаваў як на грунце расейскіх, так і грузінскіх аўтаномій, — Канфэдэрацыяй горскіх народаў Каўказу. У шэрагах аддзелаў Канфэдэрацыі чаркескія добраахвотнікі разам з Басаевым рушылі ў Абхазію. «Адыгэ Хасэ» таксама чынна падтрымліваў Абхазію ад пачатку вайны.

Чаркесы і Беларусь

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Польскі гісторык Б. Бараноўскі ў артыкуле "Кавказ и Польша в XVII в // Россия, Польша и Причерноморье в XV-XVIII вв", М.: Наука, 1979 г., кажа "Адзежа польскіх паслоў нічым не адрозьнівалася ад грузінскай ці чаркескай. Польскі кароль Ян Сабескі апранаўся зазвычай у каўкаскую адзежу. Пра тое, якая была мода ў краі чаркесаў ці Грузіі, ён даведваўся ад адмысловых пасланцоў. Сёдлы і конская вупраж таксама вырабляліся па чаркескай ці грузінскай модзе (...) [у XVII ст. на вайсковае службе Рэчы Паспалітай знаходзілася] шмат чаркесаў і іншых горцаў Каўказа, якіх звычайна таксама называлі чаркесамі, пяцігорцамі, людзьмі з Бэштаў [усё гэта сынонімы кабардынцаў - усходніх адыгаў (чаркесаў)] і г. д. Часам нават цэлыя чаркескія аддзелы наймаліся на службу Рэчы Паспалітай. Іх заслугі былі вялікія ў барацьбе з туркамі і татарамі, і асабліва з швэдамі. Пра ўплыў чаркескага вайсковага майстэрства на Рэч Паспалітую можа казаць тое, прыкладам, што ў літоўскім войску XVII ст. былі шматлікімі так званыя часткі пяцігорскай кавалерыі. Меліся таксама ўзброеныя, а часткова і апранутыя на чаркескі капыл аддзелы, у якіх служылі галоўным чынам палякі, беларусы, украінцы і літвіны."[1]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чаркесысховішча мультымэдыйных матэрыялаў