Перайсьці да зьместу

Хочу перемен!

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Мы чакаем пераменаў!» — песьня савецкага рок-гурту «Кіно» на словы Віктара Цоя. У арыгінале гучыць, як «Перемен!», альбо, як «Changement!», з той прычыны, што альбом «Апошні герой» упершыню быў выданы ў Францыі, з надпісам на канвэрце на францускай мове. Песьня ўпершыню прагучала на IV фэсьце Ленінградзкага рок-клюбу. Таксама на тым жа фэсьце адбыліся прэм’еры і іншых песень рок-гурту «Кіно»: «Спакойная ноч», «Далей дзейнічаць будзем мы», «Паспрабуй сьпець разам са мной», «Зачыні за мной дзьверы».[1]

У запісу прынялі ўдзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Віктар Цой — гітара, вакал;
  • Георгі Гур’янаў — ударныя, бэк-вакал;
  • Юры Каспаран — гітара, бэк-вакал;
  • Андрэй Сігле — клявішныя;
  • Ігар Ціхаміраў — бас-гітара.

Песьня ў кінэматографе

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1987 годзе ранейшая вэрсія песьні ўвайшла ў паўнамэтражны фільм «Асса» (першая), рэжысэра Сяргея Салаўёва. У фінале першай «Ассы» зьяўляецца Віктар Цой, які сьпявае песьню «Мы чакаем пераменаў»[2]. Праз два гады песьня была перазапісана да альбому «Апошні герой» (1989 г.). Песьня стала пэўным гімнам таго часу, часу Перабудовы.

У 2005 годзе песьня «Пераменаў!» была выкарастана ў саўндтрэку да андэграўнднага фільму «Пыл» рэжысэра Сяргея Лобана. Песьня гучыць у канцы на фоне тытраў, і яе выконвае актор маскоўскага шоў-тэатру «СинематографЪ» Аляксей Знаменскі, на мове слабачуючых.[1]

Песьня ў расейскай палітыцы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2007 годзе песьня была выкарастана ў прадвыбарным роліку расейскай арганізацыі «Саюз правых сіл».

13 сьнежня 2008 году зьезд АДР «Салідарнасьць» афіцыйна прыняў гэтую песьню ў якасьці гімну свайго руху (праўда, не запытаўшы згоды праваўладальнікаў).[1]

Песьня ў беларускай палітыцы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас адной з акцыяў «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку», якая адбылася 3 ліпеня, у Менску на Прывакзальнай плошчы затрымалі кіроўцу аўтамабіля, калі ён на поўную гучнасьць слухаў песьню Віктара Цоя «Пераменаў!». Песьня гучала з аўтамабілю 10 хвілін. Аўтамабіль стаяў з уключаным аварыйным асьвятленьнем на прыпынку грамадзкага транспарту. Да машыны пад’ехала машына ДАІ, запыталіся ў чым справа. Супрацоўнік ДАІ папярэдзіў, што напіша пратакол за няправільную паркоўку, і запатрабаваў перасесьці кіроўцу і яго пасажырку ў машыну ДАІ, на што кіроўца адмовіўся. Пасьля гэтага да машыны падцягнулася падмацаваньне — людзі ў цывільным бандыцкага выгляду, якія выскачылі зь сіняга мікрааўтобуса без нумароў і, не прадставіўшыся, пачалі даваць каманды. Яны спрабавалі ўдарыць кіроўцу праз вакно, таму вадзіцель пачаў яго закрываць. Напачатку нападаючых было двое, пасьля 5—7 чалавек. Каб кіроўца ня мог закрыць вакно — у праём засунулі рацыю. Шкло спрабавалі разьбіць лакцём. Затым кіроўцу выцягнулі з машыны і пацягнулі ў аўтобус, наносячы ўдары па галаве. Пры гэтым на яго вочы нацягнулі куртку, каб ён нічога ня бачыў. У пастарунку Фрунзэнскага раёну міліцыянту, які складаў пратакол, было загадана, каб ён напісаў, што кіроўца мацюкаўся ўнутры свайго Мэрсэдэсу.

Між тым, як самаго кіроўцу павезьлі апэратыўнікі ў аўтобусе, у аўтамабіль да жонкі затрыманага кіроўцы, сеў начальнік ДАІ Дзьмітры Карзюк. Праехаўшы 200 мэтраў падсеў супрацоўнік ДАІ, які перад гэтым забіраў дакумэнты. У суправаджэньні шасьці машын ДАІ рухаліся да Фрунзэнскай РУУС. Машыну затым забралі на штрафстаянку.

Кіроўцу засудзілі на 10 сутак, перавеўшы з Акрэсьціна ў турму №8 Жодзіна.[3]

Песьня як гімн пратэсту

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля гэтага выпадку ўдзельнікі акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» вырашылі зрабіць песьню сваім гімнам пратэсту. Падчас чарговай акцыі 13 ліпеня песьню вырашана паставіць на будзільнік (у якасьці рынгтону), які павінен быў зайграць а 20 гадзіне, падчас акцыі. Гэта становіцца новым фарматам акцыі[4]. Таксама гэтую ж песьню пачынаюць выкарыстоўваць з 21 ліпеня і ўдзельнікі акцыі «Стоп-бэнзін».

Забарона песьні беларускімі ўладамі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ліпені 2011 году песьню «Пераменаў!» забаранілі да трансьляцыі на беларускім радыё. Так, адміністрацыя Першага канала Беларускага радыё распрацавала для супрацоўнікаў сьпіс песень і выразаў, якія не павінны трапляць у этэр. Перш за ўсё, гэта песьня «Пераменаў» Віктара Цоя, а таксама песьні «Ляпісаў» — «Грай» і «Belarus freedom». Гэтыя кампазыцыі далучылі да ранейшых забаронаў груп «N.R.M.», «Крамбамбуля», «Крама» і іншых. Першы выпадак здарыўся, калі слухач настойваў, каб уключылі песьню «Пераменаў». Вядучы папрасіў прабачэньня і адмовіў. Тады слухач прама спытаў: «У вас пачалася цэнзура?» Вядучы ня ведаў, што яму адказаць, таму проста выключыў чалавека з этэру.

Апроч таго, на працоўным стале кожнага радыёвядучага вывясілі раздрукоўку забароненых для вымаўленьня ў этэры словаў. Гэта здарылася пасьля выпадку з Шосам Аляксандрам Рыгоравічам на «Рускім радыё». Дырэкцыя радыё сабрала нараду, на якой растлумачыла, што прамаўляць у этэры «ШОС» ці проста «Аляксандр Рыгоравіч» забараняецца. А ўсе паведамленьні ад слухачоў некалькі разоў перачытваюцца, перш чым пусьціць у этэр.[5]

12 жніўня, тэлеканал АНТ паказаў канцэрт гурта «Кіно» ў Маскве ў «Алімпійскім» у 1990 годзе. Паказ прысьвячаўся 21-я гадавіне гібелі Віктара Цоя. Аднак «крамольную» песьню «Пераменаў!» з канцэрту выразалі і беларускія гледачы яе так і не ўбачылі.[6]

Песьня перакладзена таксама і на беларускую мову. У перакладзе гучыць, як «Новых зьмен!».[7]

  1. ^ а б в КИНО - Хочу перемен (Клип из к/ф «Пыль») (рас.). ka4nem.ru. Праверана 24 жніўня 2011 г.
  2. ^ Мы зноў чакаем пераменаў. Susvet.Info. Праверана 24 жніўня 2011 г.
  3. ^ Затрыманага пры праслухоўванні песьні Цоя кіроўцу сустракалі шампанскім. Telegraf.by (19 ліпеня 2011). Праверана 24 жніўня 2011 г.
  4. ^ Жителя Гомеля отправили к психиатру за расхваливание Лукашенко (рас.). ЗАО «ВЗГЛЯД.РУ» (14 ліпеня 2011). Праверана 24 жніўня 2011 г.
  5. ^ Віктар Цой папаў ў спіс забароненных. Аршанскі інфармацыйны сайт (18 ліпеня). Праверана 24 жніўня 2011 г.
  6. ^ Цэнзура АНТ не прапусьціла песню «Перемен» Віктара Цоя (Відэа). Беларускі Народны Рух «Незалежная Беларусь» (15 жніўня 2011). Праверана 24 жніўня 2011 г.
  7. ^ Новых змен!. Нацыянальны паэтычны партал «Вершы.ru» (ліпень 2011). Праверана 24 жніўня 2011 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]