Францішак Рамейка
Францішак Рамейка | |
Род дзейнасьці | сьвятар |
---|---|
Дата нараджэньня | 11 ліпеня 1885 |
Месца нараджэньня | Нецькі |
Дата сьмерці | 16 чэрвеня 1931 (45 гадоў) |
Месца сьмерці | Вільня |
Прычына сьмерці | агнястрэльная рана[d] |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | сьвятар-адраджэнец, грамадзкі дзяяч |
Бацька | Андрэй Рамейка |
Маці | Антаніна Янцэвіч |
Франці́шак Раме́йка (11 ліпеня 1885[1], вёска Нецькі, цяпер у Мядзельскім раёне Менскай вобласьці, Беларусь[2] — 16 чэрвеня 1931, Вільня, Другая Рэч Паспалітая) — беларускі каталіцкі сьвятар-адраджэнец(be), грамадзкі дзяяч.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся Францішак у сялянскай сям’і каталікоў Андрэя Рамейкі і Антаніны зь Янцэвічаў.
У лістападзе 1903 году вытрымаў іспыт на званьне аптэкарскага вучня пры экзамэнацыйнай камісіі Маскоўскае навучальнае акругі. У 1905—1909 — студэнт духоўнай каталіцкай сэмінарыі ў Вільні.
У 1909 прызначаны вікарыем касьцёлу бэрнардынаў у Вільні. Нейкі час служыў у Іўі Ашмянскага павету. У 1910—1913 служыў пробашчам парафіі сьв. Аляксея ў Сяльцы, а ў 1913—1921 — у парафіі Найсьвяцейшай Тройцы ў Шарашове[3] (абедзьве ў Пружанскім павеце Гарадзенскае губэрні).
За польскім часам служыў у парафіі Найсьвяцейшай Панны Марыі Ласкавай у Задарожжы.[3] У 1928 годзе за сваю дзейнасьць па пашырэньні выкарыстаньня беларускае мовы ў Каталіцкай Царкве і паўсядзённым жыцьці парафіянаў быў часова пазбаўлены права займацца душпастырскай дзейнасьцю. Гэта адбілася на ягоным псыхічным стане.
У 1929—1931 — сьвятар у кемелішкаўскай парафіі Нараджэньня Найсьвяцейшае Панны Марыі[3].
16 чэрвеня 1931 Францішак Рамейка прыехаў у Вільню ў госьці да Адама Станкевіча. Не дачакаўшыся таго, застрэліўся ў ягоным кабінэце. Пахаваны на Бэрнардынскіх могілках Вільні.
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падчас служэньня ў парафіі ў Сяльцы Францішак Рамейка займаўся будаўніцтвам мясцовага мураванага касьцёлу сьв. Аляксея, якое было скончына ў 1912 годзе. Газэта «Наша ніва» ў 1912 годзе (№ 32) паведамляла пра гэта наступнае: «У самым мястэчку Сяльцы есьць дзьве царквы (адна новая і адна старая, уніяцкая) і будуецца цяпер пекны касьцёл у стылю готыка-раманскім; …Будуе гэты касьцёл малады ксёндз, Р., шчыры беларус».
Выступаў за шырокае ўжываньне беларускай мовы ў набажэнствах. У 1925 годзе сярод іншых беларускіх сьвятароў падпісаў мэмарандум да Канфэрэнцыі польскіх біскупаў, які патрабаваў увядзеньня выкладаньня беларускай мовы, літаратуры і гісторыі ў духоўных сэмінарыях і інш.[4].
Матэрыяльна падтрымліваў выданьне беларускіх каталіцкіх часопісаў і газэтаў («Biełarus», «Biełaruskaja krynica» і інш.), займаўся распаўсюдам беларускіх друкаваных выданьняў.
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ паводле іншых зьвестак — у 1886
- ^ Я. Драўніцкі. Змагар за родную мову // Наша слова. — 2006. — № 12 (748).
- ^ а б в Леанід Маракоў. Святыні Беларусі, што згадваюцца ў даведніку, і святары, якія ў іх служылі Даведнікі пісьменніка, гісторыка, энцыклапедыста Леаніда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі» Праверана 8 сьнежня 2012 г.
- ^ Натальля Анофранка, Алег Гардзіенка. Агляд моўнай палітыкі Рыма-каталіцкага касьцёла ў Беларусі ў XX ст. // Terra historica. — 2002. — № 1.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Павал Севярынец. Беларуская глыбіня. Самагубства ксяндза Рамэйкі // Наша Ніва. — 5 сьнежня 2012. — № 45 (786). — С. 12. — ISSN 1819-1614.