Перайсьці да зьместу

Флор Манцэвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Флярыян Манцэвіч»)
Флор Манцэвіч
Род дзейнасьці настаўнік, грамадзкі дзяяч
Дата нараджэньня 30 жніўня 1890
Месца нараджэньня Іказьнь, Браслаўскі раён
Дата сьмерці 30 ліпеня 1941 (50 гадоў)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак настаўнік, грамадзкі дзяяч
Сябра ў Таварыства беларускай школы
Бацька Данат Манцэвіч
Маці Алена Паўлаўна
Жонка Аляксандра Міхайлаўна Манцэвіч (Герасімава)
Дзеці Барыс Флоравіч Манцэвіч[d]

Флор[a] Данатавіч Манцэвіч (30 жніўня 1890, Іказьнь — 30 ліпеня 1941) — беларускі пэдагог і грамадзкі дзяяч. Удзельнік Таварыства беларускай Школы. Флор Данатавіч быў першым настаўнікам беларускага музыказнаўца і этнографа Генадзя Цітовіча[1]. Дэпутат Народнага сходу Заходняй Беларусі (28—30 кастрычніка 1939, Беласток), сябра яго Паўнамоцнай камісіі для прадастаўленьня Дэклярацыі аб уваходжаньні Заходняй Беларусі ў БССР на 5-ю пазачарговую сэсію Вярхоўнага Савету СССР. Дакладчык на сходзе па пытаньні «Аб уваходжаньні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай ССР».

Пашпарт Флора Манцэвіча. 1940 год

Флор Данатавіч Манцэвіч нарадзіўся ў сялянскай сям’і, бацька Флора быў удзельнікам Нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 рр. Скончыў Полацкую настаўніцкую сэмінарыю (1910). Настаўнічаў у Дзьвінскім павеце Віцебскай губэрні.

Зьбіраў беларускі песенны і музычны фальклёр, займаўся музыкай, дасылаў карэспандэнцыі ў газэту «Наша Ніва» (псэўданім Якім Пярэчка). У іх абараняў годнасьць селяніна, выступаў супраць нацыянальнага прыгнёту.

У часы Першай сусьветнай вайны працаваў санітарам пры шпіталях.

Ад 1917 году ўдзельнічаў у арганізацыі школьнага навучаньня на радзіме, з 1923 году настаўнік у польскай пачатковай школе ў Браслаўскай гміне й Мёрскай. Выступаў за адкрыцьцё беларускіх школаў у Заходняй Беларусі.

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР, удзельнічаў у стварэньні новай сыстэмы народнай адукацыі. У Друі ўзначальваў курсы па перападрыхтоўцы настаўнікаў беларускіх школаў, працаваў настаўнікам у вёсцы Малая Кавалеўшчына Мёрскага раёну.

У пачатку акупацыі Беларусі нацыстамі па даносе арыштаваны гітлераўцамі і пасьля катаваньня расстраляны. Дакладнае месца сьмерці і пахаваньня невядомыя. Ёсьць непацьверджаныя зьвесткі, што Флор Манцэвіч загінуў у Полацку, па іншай вэрсіі быў забіты ў вёсцы Малая Кавалеўшчына.

  1. ^ таксама сустракаецца варыянт Флярыян
  1. ^ Г.И.Цитович Мой первый учитель // Люди Нарочанского края. Воспоминания участников революционной борьбы и Великой Отечественной войны. — Мн.: Беларусь, 1975. — С. 94-101. — 592 с. — 75 000 ас.