Фальклёрны рух

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Фальклёрны рух — форма беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Выяўляўся ў ладжаньні традыцыйных сьвятаў: Калядаў, Гуканьня вясны, Купальля, Дзядоў; у стварэньні суполак, дзе моладзь развучвала народныя песьні; у вывучэньні, пашырэньні і кульце фальклёру, мовы, гісторыі, а таксама паганства. Паўстаў у 1970-я, калі нацыянальная інтэлігенцыя пачала невялікімі групамі прыватным чынам сьвяткаваць Купапьле. У сярэдзіне 1980-х, з узьнікненьнем іншых формаў дэмакратычнай апазыцыі, паступова страціў палітычнае значэньне.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фальклёрны рух узьнік стыхійна і аб’ектыўна. У сярэдзіне 1970-х у Беларусі не існавала арганізаванай пераемнасьці палітычнай апазыцыі, таму апазыцыя нараджалася наноў — у першую чаргу, у сфэры культуры, гістарычнай сьвядомасьці, мовы, мастацтва. Маладыя людзі, пераважна студэнты-гуманітарыі, выказвалі пратэст супраць занядбаньня нацыянальных традыцыяў у горадзе, пасьля — супраць адмаўленьня гэтых традыцыяў уладамі, нарэшце, — супраць саміх гэтых уладаў. Так фальклёрны рух аб’ектыўна напаўняўся палітычным зьместам, каб пасьля «перадаць» гэты зьмест іншым формам дэмакратычнай апазыцыі: непадцэнзурнаму друку, падпольным палітычным групам і асяродкам, выліцца ў палітычныя акцыі.

Фальклёрны рух хоць і ня меў выгляду адкрытага палітычнага пратэсту, тым ня менш ярка вылучаўся на тле агульнай ідэалягічнай аднастайнасьці ў грамадзтве, што прыводзіла да перасьледу ўдзельнікаў з боку ўладаў. Так, у 1979 годзе ў Менску міліцыя разагнала Каляды «Майстроўні», а ў 1985 годзе — Купальле на Нёмане. У фальклёрныя суполкі ўкараняліся агенты КДБ, а самі суполкі выганяліся з памяшканьняў («Майстроўня»). Падставаю для перасьледу былі нацыяналізм, гутаркі антысавецкага зьместу, распаўсюджваньне забароненай уладамі літаратуры, прыцягальнасьць дзействаў фальклёрнага руху.

Найбольш вядомыя завадатары фальклёрнага руху: Ларыса Сімаковіч, Алесь Марачкін, Мікола Купава, Яўген Кулік, Сяржук Сокалаў-Воюш, Вінцук Вячорка, Сяргей Запрудзкі, Вольга Яфіменка.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сачанка Г. «Вясну загукаці…» // Беларускі універсітэт. 19.03.1981;
  • Бажок А. Ля вытокаў новай традыцыі // Мінская праўда. 24.05.1981;
  • Трыгубовіч В. «На Івана ночка мала…» // Голас Радзімы. 23.07.1981;
  • бяз назвы // Мінская праўда. 06.02.1982;
  • Антонава Т. «Ах, калядачкі, бліны-ладачкі» // Голас Радзімы. 11.02.1982;
  • Кирпиченкова Н. Праздник, полный поэзии // Вечерний Минск. 03.03.1982;
  • Антонава Т. «Ой, вясна, што ты нам прынясла?» // Голас Радзімы. 20.05.1982;
  • Простота А. Это вечно юное Купалье // Вечерний Минск. 02.06.1982;
  • За папараць-кветкай // Голас Радзімы. 22.07.1982;
  • Прывітанне, вясна ясная! // Вячэрні Мінск. 20.04.1983;
  • Ціхановіч А. Як вясну гукалі // Звязда. 24.04.1983;
  • бяз назвы // Чырвоная Змена. 26.04.1983;
  • Так вясну гукалі… // ЛіМ. 29.04.1983;
  • Суша А. Як распачаўся маладзёжны рух // Супольнасьць. 1989, № 2;
  • Беларуская Сьпеўна-Драматычная Майстроўня / Беларуская Энцыклапедыя. Т. 2. — Менск, 1996. С. 429; тое самае ў кн.: Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі. Т. 1. — Менск, 1993. С. 415.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]