Перайсьці да зьместу

Беларуская сьпеўна-драматычная майстроўня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Майстроўня (таварыства)»)

Беларуская Сьпеўна-Драматычная Майстроўня, альбо Беларуская Майстроўня, Майстроўня — беларускае моладзевае творчае згуртаваньне ў 1979—1984 у Менску.

Створанае студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту на філялягічным факультэце БДУ, пазьней далучыліся студэнты іншых ВНУ Менску, асьпіранты, школьная і рабочая моладзь гораду.

Назоў згуртаваньня падкрэсьліваў пераемнасьць зь беларускім адраджэнскім рухам 1920-х. Першапачаткова дэкляраваная мэта — адраджэньне ў гарадзкім асяродку беларускай народнай абраднасьці, сьвятаў. Удзельнікі Майстроўні вывучалі народныя песьні пад кіраўніцтвам кампазытара і хармайстра Ларысы Сімаковіч, ладзілі Каляды, гуканьні вясны, Купальлі ў Менску, Заслаўі, Вязынцы. Сьвяты былі як санкцыяваныя, так і не дазволеныя ўладамі (Каляды-1979).

У 1980 годзе пастаўленая беларуская народная драма «Цар Максымілян» (у апрацоўцы У. Галубка) з узмоцненымі патрыятычнымі матывамі і апяваньнем іншадумства. Майстроўня мэтанакіравана спалучала сьпеўна-фальклёрную дзейнасьць з культурна-асьветнай і палітычнай. Адраджэньне беларускай народнай культуры разглядалася як аптымальная форма выхаваньня нацыянальнай сьвядомасьці, форма фальклёрна-этнаграфічнага клюбу дазваляла весьці ўласна палітычную дзейнасьць. На зборах удзельнікі Майстроўні, запрошаныя навукоўцы і дзеячы культуры чыталі лекцыі, праводзілі гутаркі на культурна-гістарычныя, моўныя, палітычныя, эканамічныя тэмы, большасьць якіх засноўвалася на цяжка даступным ў той час матэрыяле («Вітаўт Вялікі», «Іван Луцкевіч», «Беларуская Народная Рэспубліка»). Ладзіліся вечарыны да ўгодкаў Міколы Гусоўскага, Максіма Багдановіча, Кастуся Каліноўскага. Арганізоўваліся вандроўкі ў памятныя мясьціны (Вільня, Нясьвіж, Ракуцёўшчына, Вязынка і інш.). Вяліся практычныя заняткі па беларускай мове, выпускаліся насьценныя газэты, распаўсюджвалася нелегальная прэса (часопіс «Люстра дзён», «Аб усім, што баліць»), эмігранцкая, самвыдавецкая літаратура. Удзельнікі Майстроўні праводзілі прапагандысцкія і дабрачынныя акцыі, выступалі з канцэртамі, лекцыямі, гутаркамі ў ВНУ, школах, дзіцячых садках, ва ўстановах, у рабочых інтэрнатах, месцах зьняволеньня.

У 1983 пры Майстроўні ўтварылася Таварыства Беларускай Школы (старшыня — Віктар Івашкевіч), якое агітавала адкрываць беларускамоўныя дзіцячыя садкі і школы і актыўна падтрымлівала існуючыя. З 1983 Майстроўня працавала ў Палацы культуры Белсаўпрафа. Новай формай дзейнасьці сталі талокі на рэстаўрацыйных аб’ектах у Траецкім прадмесьці Менску, на археалягічных раскопках. Некаторыя былыя ўдзельнікі Майстроўні — выпускнікі ВНУ Менску, сталі ініцыятарамі стварэньня аналягічных згуртаваньняў у Берасьці, Горадні, Маладэчне, Наваполацку і іншых гарадах.

Сьвядомая беларускамоўнасьць і палітызаванасьць вылучалі Майстроўню сярод большасьці тагачасных фальклёрных калектываў, выклікалі канфлікты з уладай. 13 чэрвеня 1984 году актывісты Майстроўні выйшлі на несанкцыяваную дэманстрацыю пратэсту супраць зносу помніка гісторыі і архітэктуры — будынку гарадзкога тэатра (тэатар «Поляка») на пляцы Волі ў Менску, дзе ў 1852 была пастаўленая першая беларуская опэра «Ідылія». Дэманстрантаў затрымала міліцыя, супраць некаторых распачатае сьледзтва. Далейшае існаваньне Майстроўні стала немагчымым. Пасьля спыненьня дзейнасьці Майстроўні яе актывісты стварылі ў Менску Моладзевы клюб імя У. Караткевіча (1985—1986) і клюб «Талака» (з 1987), якія фактычна сталі пераемнікамі Майстроўні.