Усевалад Сьцебурака

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Усевалад Сьцебурака
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 17 ліпеня 1981(1981-07-17) (41 год) або 1981
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, празаік, шоўмэн, тэлевядоўца, пісьменьнік, гісторык, прафэсар унівэрсытэту
Мова беларуская мова[1]
Узнагароды

Усе́валад Мікала́евіч Сьцебура́ка (нар. 17 ліпеня 1981, Жлобін) — беларускі паэт, шоўмэн, тэлевядоўца. Ляўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2004).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і дактароў Мікалая і Інэсы Сьцебуракаў. Малодшы брат — Анатоль Сьцебурака — беларускі гісторык, дацэнт БДУ. У дзяцінстве жыў у Жлобіне і вёсцы Амговічы Слуцкага раёну Менскай вобласьці. У 1990 годзе сям’я пераехала ў Вялейку, дзе атрымаў сярэднюю адукацыю ў гарадзкой гімназіі. Скончыў гістарычны факультэт БДПУ імя М. Танка ў 2003 годзе, асьпірантуру па спэцыяльнасьці «Гісторыя Беларусі» БДТУ ў 2006 годзе. З 1998 году жыве ў Менску.

Праца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працаваў на пасадзе навуковага супрацоўніка ў Дзяржаўным музэі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь. У 2003—2010 гадах выкладаў гістарычныя дысцыпліны ў БДТУ і БДПУ. З 2012 году працуе ў ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» (ГА СБП). У 2012—2017 гг. на пасадзе памочніка старшыні, з сакавіка 2017 году — намесьнік старшыні ГА СБП [2].

З 2015 супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат» у якасьці вядучага праграмы «Размова» (2015—2019 гг.). З 2018 г. як вядучы і сцэнарыст працуе ў сатырычным праекце тэлеканала «Белсат»«Хай так ТВ», што стаў пілётнай айчыннай вэрсіяй папулярнага фармату Late night show. У працы над першым у гісторыі беларускага тэлебачаньня вечаровым шоў таксама бяруць удзел многія вядомыя дзеячы культуры (кліпмэйкер Мацей Сабураў, бард Яўген Барышнікаў, актор Дзьмітры Есяневіч, Віталь Рыжкоў і інш.)

Як шоўмэн вядзе розныя культурныя мерапрыемствы, сярод якіх беларускія літаратурныя прэміі: «Дэбют» імя Максіма Багдановіча, «Лепшая паэтычная кніга года» імя Натальлі Арсеньневай, «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова, прэзэнтацыі культурніцкай кампаніі Будзьма беларусамі і іншае[3]. Разам з народнай артысткай Рэспублікі Беларусь Зінаідай Бандарэнка вёў урачыстую частку вялікага сьвяточнага канцэрту «БНР-100» у Менску, 25 сакавіка 2018 году[4]. Неаднаразова працаваў вядоўцам на сьвяткаваньнх дзён нацыянальных культур Швэцыі і Польшчы ў Менску.

З 2017 году ўваходзіць у Раду ГА СБП і Вялікую Раду Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачаў друкавацца ў 1999 годзе на старонках «Нашай Нівы». Яго паэзія і проза зьяўлялася ў газэтах і альманахах: «Рэгіянальнай газэце», «Родзічах», «ЛіМ», «Літаратурная Беларусь», часопісах «Куфэрак Віленшчыны», «Дзеяслоў», ARCHE, у перакладзе на польскую мову ў часопісе «Pobocza», проза перакладалася таксама на ўкраінскую мову[5].

Ляўрэат прэміі «Залаты апостраф» часопісу «Дзеяслоў» у намінацыі «Лепшы дэбют» (2004). Прызэр Астравецкага паэтычнага слэму (2012)[6]. Удзельнік шматлікіх літаратурных фэстаў: «Бязьмежжа» (Польшча), паэтычнага фэсту памяці імя Міхася Стральцова, памяці Анатоля Сыса, памяці Ніны Мацяш «Бабіна лета» (Беларусь) і інш. Браў удзел у папулярных паэтычных праектах: «Начная чытанка», «Галасы паэтаў», «Чорна-белыя вершы»[7]

Першая кніга вершаў і малой прозы «Крушня»[8] выйшла ў бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў», другая — «Бег па самаадчуваньні»[9] ў выдавецкай сэрыі «Кнігарня пісьменьніка». Трэцяя кніга вершаў «Сны дарог» (Менск, 2017 г.).

Шэраг вершаў паэта сталі песьнямі беларускіх музыкаў — менскага гурту «S°unduk» (Сундук)[10], магілёўскага гурта «Zatoczka»[11].

Сябра ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» з 2010 году.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 2007 — «Крушня»;
  • 2013 — «Бег па самаадчуваньні»
  • 2017 — «Сны дарог»

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Arnold McMillin Spring Shoots: Young Belarusian Poets in the Early Twenty-First Century. — Cambridge, 2015.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]