Перайсьці да зьместу

Абу Нувас

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Абу Нувас
أبو نواس
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Хасабан Ібн Хані
Нарадзіўся 762(0762)
Памёр 813 або 814
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт
Жанр застольныя песьні, панэгірыка, любоўная лірыка, лірыка, сатыра, элегіі, паляўнічыя вершы
Мова арабская мова[4]

Абу Нувас аль-Хасан бэн Хані Аль-Хакамі (па-арабску: أبو نواس الحسن بن هانئ الحكمي), вядомы як Абу́ Нува́с[5] (па-арабску: ابونواس, пэрс. ابونواس; 756—814) — адзін з найвыбітнейшых клясычных арабскіх паэтаў эпохі пачатку Сярэднявечча; пісаў на арабскай, часам на пэрсыдзкай мовах. Нарадзіўся ў Ахвазе, Пэрсіі ў сям’і меркавана бацькі-араба і маці-пэрсіянкі.[6][5] Абу Нувас увайшоў у арабскі фальклёр, у прыватнасьці, у некалькі гісторыяў з «Тысячы і адной ночы». У гонар Абу Нуваса быў названы кратар на Мэркурыі.

Абу Нувас паходзіў зь беднай сям’і вольнаадпушчанага чалавека, гэта значыць раба з рэгіёну, заваяванага арабамі, які навярнуўся з іслам, а пазьней атрымаў свабоду і стаў наймітам у войску апошняга халіфа Амэядаў. Маці Абу Нуваса была пэрсіянкай і зарабляла на жыццё мыцьцём воўны. Абу Нувас нарадзіўся ў паселішчы Ахваз у правінцыі Хузэстан. У розных крыніцах год ягонага нараджэньня вар’юецца ад 747 да 762 году. Ён правёў сваё дзяцінства ў Басры, працуючы ў краме гандляра парфумай, для якога зьбіраў араматычныя зёлаў.

Абу Нувас ніколі ня ведаў свайго бацькі, Гані, які быў жаўнерам у войску Марвана II. Была высунутая вэрсія, што ён нарадзіўся ў Басры, але паводле іншым сьцьверджаньням, што ў Дамаску або ў Ахвазе.

Абу Нувас эміграваў у Багдад, магчыма, у кампаніі з Валіба ібн аль-Губабам, і неўзабаве стаў вядомы сваёй дасьціпнай і гумарыстычнай паэзіяй, якая тычылася не традыцыйнай тэмы пустэльні, а гарадзкога жыцьця, радасьцяў віна і алькаголю, а таксама грубага гумару. Сярод ягоных твораў былі вершы пра паляваньне, сэксуальнае аб’ектывацыя жанчынаў і хлопчыкаў, а таксама панэгірыкі сваім заступнікам. Ён быў вядомы сваімі кпінамі і сатырай, а ягонымі ўлюбёнымі тэмамі былі сэксуальная пасіўнасьць мужчынаў і сэксуальная нястрыманасьць жанчынаў. Абу Нуваса рэзка негатыўна ставяцца да лесьбіянства, і ён часта зь яго кпіў, бо ўспрымаў як абсурд. Ён любіў шакаваць грамадзтва, адкрыта пішучы пра рэчы, якія забараняе іслам. Магчыма, ён быў першым арабскім паэтам, які пісаў пра мастурбацыю.

У VIII і IX стагодзьдзях Басра была адным з галоўных цэнтраў арабскай філялёгіі, і тут Абу Нувас пазнаёміўся зь філялягічнымі навукоўцамі, якія дапамаглі яму атрымаць выдатную для таго часу адукацыю. Тут ён таксама пазнаёміўся з паэтам Валібам ібн аль-Губабам. Стаць вучнем Валіба, чые вершы былі шырока вядомыя па-за межамі ягонага роднага гораду Куфы, было вялікім посьпехам для Нувас, бо тут ён змог пазнаёміцца з мастацтвам паэзіі, слухаючы ўрокі свайго настаўніка, запісваючы ягоныя вершы і наведваючы паэтычныя конкурсы. Ён таксама ўвёў яго ў кампанію «залатой моладзі». У гэтым таварыстве паэт бавіў час спачатку ў Басры, а пазьней у Куфе і Багдадзе. Тут яго заўважыў знакаміты мэцэнат паэзіі халіф Гарун аль-Рашыд. Як прыдворны панэгірыст, Абу Нувас складаў панэгірыкі, у якіх усхваляў прадстаўнікоў кіроўнай дынастыі і іншых высокапастаўных асобаў імпэрыі. Паэт не заўсёды быў у вясёлым настроі лёгкадумнага марнатраўца жыцьця, бо ў сваіх вершах ён часаў разважаў пра недасканаласьць Сусьвету, чалавечыя пакуты і сацыяльную несправядлівасьць.

Дзіўнае спалучэньне ў паэзіі Абу Нуваса рэлігійнага вальнадумства, якое часам пераходзіла ў адмаўленьні асноўных догмаў ісламу, скептыцызму, часам даходзячы да цынізму, і эпікурэйскага сьцьвярджэньня пачуцьцёвых радасьцяў з сумнымі разважаньнямі пра быцьцё і зямныя задавальненьні перад абліччам сьмерці, было павязана ня столькі з натуральнай векавой эвалюцыяй сьветапогляду, колькі з структурай сярэднявечнага паэтычнага мастацтва, у якім адзін і той жа паэт мог адначасова працаваць у розных жанрах, складаць элегіі, прасякнутыя расчараваньнем у жыцьці, атрутныя сатыры і вершы, якія апяваюць каханьне, віно і радасьці бяседы. У часы Абу Нуваса традыцыйная ісламская забарона на ўжываньне віна была практычна забытая сярод багдадзкай прыдворнай шляхты. Абасыдзкія халіфы Гарун ар-Рашыд і аль-Амін стала ладзілі пышныя сьвяты ў сваіх багдадзкіх рэзыдэнцыях, якія спрабавалі пераймаць многія прыдворныя і заможныя грамадзяне. Вінныя крамы былі зачыненыя толькі ў час посту.

Выгнаньне і турэмнае зьняволеньне

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Абу Нувас быў вымушаны на нейкі час уцячы ў Эгіпет пасьля таго, як напісаў хвалебныя элегіі для эліты пэрсыдзкага роду Бармакідаў, уплывовага роду, які быў зрынуты і забіты халіфам Харунам ар-Рашыдам. Ён вярнуўся ў Багдад у 809 годзе па сьмерці Гаруна ар-Рашыда. Большасьць навукоўцаў мяркуюць, што Абу Нувас напісаў большую частку сваіх вершаў у час панаваньня аль-Аміна. Пазьнейшае ўзыходжаньне на трон Мугамада аль-Аміна, дваццацідвухгадовага сына Гаруна ар-Рашыда і былога вучня Абу Нуваса, спрыяла паэту. Ягонай самай вядомай каралеўскай элегіяй быў верш, які ён напісаў у гонар аль-Аміна. Абу Нувас правёў апошнія гады свайго жыцьця ў Багдадзе ў якасьці прыдворнага паэта.

Ягоны сучасьнік Абу Гатым аль-Мэкі часта казаў, што ў сваіх творах Абу Нувас хаваў глыбокія зьмястоўныя думкі. Сучасьнікі творцы стала асуджалі яго за распусту, але аднагалосна адзначалі ягоную адукаванасьць, бо ён добра разьбіраўся ў мэдыцыне, астраноміі ды іншых навуках. Тым ня менш, Абу Нуваса пасадзілі ў турму, калі вестка пра п’яную распусту паэта раззлавала аль-Аміна. Сьцьвярджалася, што сакратар аль-Мамуна Занбор падманам змусіў п’янага Абу Нуваса напісаць сатыру, якая зьмяшчала выказваньні сатырычнага характару пра імама Алі. Затым Затор публічна прачытаў верш, каб падоўжыць тэрмін зьняволеньня Абу Нуваса. Паводле розных крыніцаў, паэт альбо памёр у турме, альбо быў атручаны Ісмаілам ібн Абу Саглем.

Сьцьвярджалася, што Абу Нувас, баючыся зьняволеньня, пакаяўся ў сваіх учынках і стаў глыбока рэлігійным чалавекам, але іншыя лічылі, што пакаяньне ў вершах было наўпрост павязанае з надзеяй на атрыманьне памілаванне ад халіфа.

Паэтычная спадчына Абу Нуваса вельмі вялікая. Ягонаму пяру належаць вершы ўсіх традыцыйных жанраў, акрамя таго, ён лічыўся стваральнікам асаблівага жанру паляўнічых вершаў — тардыят. Славу яму прынесьлі яго хамрыят — вершы аб віне. Гэта звычайна доўгія шматсюжэтныя вершы са складанай кампазыцыяй.

Для любоўнай лірыкі Абу Нуваса ўласьціва ўжываньне мноства дэталяў, прымяненьне разнастайных мэтафараў, рытарычных зваротаў і іншых паэтызмаў. У лірычных вершах захоўваецца дыялёг, ні ў чым не парушаецца жывая плынь прамовы.

Супраціўнік бэдуінскага «псэўдаклясыцызма», ён зьяўляецца бачным прадстаўнікоў «новага стылю», які адлюстроўвае больш вытанчаныя формы побыту й настроі багатага мяшчаніна ў пэрыяд ператварэньня халіфата з замкнёнай арабскай дзяржавы ў дзяржаву міжнароднага значэньня. У шматлікіх вершах Абу Нуваса высьмейваецца амаль увесь набор штампаў старажытнарабскай паэзіі: аплакваньне спарахнелых рэшткаў бэдуінскі намётаў, «бэдуінскія» жаночыя імёны Лэйла, Хінд, Асма і мноства іншых. Толькі ў панегірыках паэт імкнуўся прытрымлівацца традыцыйнага канону.

Сярэднявечны літаратар ібн Джыні кажа, што «Абу Нувас ведаў на памяць 700 урджузаў». Зьяўляючыся славутым паэтам, Абу Нувас пераконваў сваіх вучняў у неабходнасьці дасканала ведаць старую паэзію — бясконцую скарбніцу вобразаў. Ён казаў: «Набывайце веды — гэта мудрасьць». Праўда, пасьля таго, як вучні дэманстравалі свае веды ў гэтай галіне, ён патрабаваў, каб яны «забылі ўсё, што вывучылі на памяць». Гэта азначала, што ён быў супраць сьляпога перайманьня штампа, а зусім ня супраць самой старой паэзіі.

Ягоныя песьні сабраны некаторымі арабскімі навукоўцамі ў зборнік «Дыван»: выдадзеныя ў нямецкай апрацоўцы Крэмэрам у Вене ў 1855 годзе. Эўрапейскія дасьледчыкі называюць Абу Нуваса «арабскім Анакрэонам» і «арабскім Гайнэ». Пачуцьцёвасьць знайшла немалое адлюстраваньне ў ягонай творчасьці; але сярод пачуцьцёвых і проста парнаграфічных любоўных вершаў (звычайна ў гонар умілаваных свайго ж полу) вылучаецца цыкль далікатных і вытанчаных песьняў, прысьвечаных нявольніцы Джынане.

Зьяўляючыся прадстаўніком геданізму ў сваёй паэзіі, Абу Нувас, паводле паданьняў, пераносіў ідэалы сваёй паэзіі ў жыцьцё, вёў жыцьцё вельмі легкадумнае і шалапутнае; аб ягоных любоўных і нецьвярозых прыгодах, яшчэ ў свой час якія сталі легендарнымі, распавядаюць «Тысяча і адна ноч» і спэцыяльныя зборнікі фрывольных вершаў і анэкдотаў. Значная частка гэтых анекдотаў уяўляе сабой вандроўныя сюжэты.

  1. 1 2 Roux P. d. Nouveau Dictionnaire des œuvres de tous les temps et tous les pays (фр.) — 2 — Éditions Robert Laffont, 1994. — Vol. 1. — P. 8. — ISBN 978-2-221-06888-5
  2. G. W. T. Abu Nuwas (анг.) // Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911. — Vol. 1. — P. 80.
  3. Абу-Нувас (рас.) // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. АндреевскийСПб: Брокгауз — Ефрон, 1890. — Т. I. — С. 47.
  4. Abu Nuwas // CONOR.SI
  5. 1 2 Гарзанці, Альда. Enciclopedia Garzanti della letteratura.  (італ.)
  6. Esat Ayyıldız. "Ebû Nuvâs’ın Şarap (Hamriyyât) Şiirleri". Bozok Üniversitesi İlahiyat Fakültesi Dergisi 18 / 18 (2020): 147-173.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]