Танічнае вершаваньне
Тані́чнае вершава́ньне — сыстэма вершаваньня, у аснове якой — аднолькавая (прыблізна аднолькавая) колькасьць моцных, або апорных, націскаў у вершаваных радках. Колькасьць жа ненаціскных складоў паміж імі розная — ад ніводнага да васьмі.
Гісторыя зьяўленьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратурны танічны верш склаўся ў XIX — пачатку XX ст. на аснове народнага вершаваньня, танічнага па сваёй прыродзе. Прычым адразу вызначылася некалькі відаў танічнага вершаваньня: акцэнтна-складовы, дольнік, тактавік, акцэнтны. У кожным зь іх ёсьць тое асноўнае, што вызначае танічнае вершаваньне ўвогуле — чаргаваньне пэўнай колькасьці моцных націскаў у вершаваных радках. Разам з тым кожны адрозьніваецца сваёй мерай свабоды ў дачыненьні да колькасьці складоў у радках, колькасьці ненаціскных складоў паміж моцнымі націскамі, ужываньня рыфмы і г. д.
Першыя ўзоры літаратурнага танічнага верша — гэта пераважна стылізацыя «пад народнае» (творы А. Кальцова, «Сказка о рыбаке и рыбке» А. Пушкіна, «Песня про купца Калашникова» М. Лермантава і інш.). Т. Шаўчэнка на аснове ўкраінскага народнага верша стварыў свой тып верша — г. зв. каламыйкавы верш з аднолькавай колькасьцю складоў у радках (8+6). Шаўчэнкаўскі каламыйкавы верш аказаў моцны ўплыў на асобных украінскіх, расейскіх і беларускіх паэтаў (П. Тычына, А. Малышка, М. Сьвятлоў, Э. Багрыцкі, Я. Купала).
Вялікую ролю ў разьвіцьці танічнага вершаскладаньня адыграла наватарская паэзія У. Маякоўскага, уплыў якой адбіўся на ўсёй эўрапейскай вершатворчасьці, у тым ліку беларускай.
Танічны верш у беларускай паэзіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Танічным вершам пісалі Я. Купала («Тарасова доля», «Бандароўна»), М. Чарот («Босыя на вогнішчы»). Танічнае вершаскладаньне сустракаецца ў творчасьці П. Панчанкі, М. Танка, К. Кірэенкі, Р. Барадуліна і некаторых іншых беларускіх паэтаў. Унікальны прыклад ужываньня розных відаў танічнага вершаскладаньня ў адным творы — «Страцім-лебедзь» М. Багдановіча.
Танічны літаратурны і народны вершы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Танічны літаратурны і народны верш пры іх вялікім падабенстве (і там і тут — роўная колькасьць моцных націскаў у радках), пры тым, што першы ўзьнік пад уплывам другога, усё ж значна адрозьніваюцца. Галоўнае адрозьненьне — у функцыі моцных, або апорных, націскаў. Калі ў народным вершаваньні націск выконваў толькі рытмічную ролю, мог падаць на малазначныя словы, нават службовыя, то ў літаратурным танічным вершы ён мае сэнсавае значэньне і абавязкова прыходзіцца на найбольш значнае па сэнсе слова. У народным вершаваньні націск выраўноўваў усе словы (гэтаму дапамагала і мэлёдыя, музычнае суправаджэньне слоўнага тэксту), а ў танічным ён, наадварот, падкрэсьлівае, рытмічна выдзяляе асобныя словы і словазлучэньні. Націску ў танічным вершы дапамагаюць шматлікія паўзы, якія адыгрываюць рытмаарганізуючую ролю. Яны аддзяляюць адзін ад другога інтанацыйна самастойныя рытмічныя адрэзкі, у цэнтры якіх і знаходзяцца націскі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4
Гл. таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэта — накід артыкула па літаратуры. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |