Словазлучэньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Словазлучэньне — гэта два або некалькі самастойных слоў, зьвязаных падпарадкавальнай сувязьзю.
Словазлучэньні адрозьніваюцца ад сказа (яны толькі частка сказа й ня могуць быць адзінкай зносін) і ад слова (яны больш дакладна называюць прадметы, дзеяньні, прыметы). Словазлучэньні бываюць:

  • простыя — маюць два слова (высокі чалавек, леташняя пшаніца)
  • складаныя — маюць тры й болей самастойных слоў (чалавек высокага росту, пшаніца леташняга ўраджаю).

Словазлучэньні выдзяляюцца са сказаў сваімі сувязямі:

  • значэньняў[a]
  • правапісам[b]

Напрыклад, у сказе Бруіцца празрыстая рэчка, хаваецца ў ніцых кустах. (Я. Журба) можна выдзеліць наступныя словазлучэньні: рэчка (якая?) празрыстая | хаваецца (дзе?) ў кустах | кустах (якіх?) ніцых[c].

Словазлучэньне грунтуецца на падпарадкавальнай сувязі. Таму ў кожным словазлучэньні вылучаецца галоўнае слова (галоўны член) і залежнае слова (залежны член). Сувязі паміж членамі словазлучэньня вызначаюцца з дапамогай пытаньня (гл. ранейшы прыклад). Галоўным членам словазлучэньня могуць быць назоўнікі, дзеясловы, прыметнікі, прыслоўі. З улікам гэтага словазлучэньні падзяляюцца:

  • дзеяслоўныя
  • іменныя (назоўкавыя, прыметнікавыя)
  • прыслоўныя.

У словазлучэньні існуюць адносіны паміж словамі:

  • прадметам і яго прыметай (вялік сад, сьпелыя яблыкі)
  • дзеяньнем і яго прыметай (чытаць уголас, ісьці сьпяшаючыся)
  • дзеяньнем і акалічнасьцю — месца, часу, прычыны і г.д., пры якой яно адбываецца (жыць у горадзе, прыехаць увечары, трэсьціся ад страху).

У адрозьненьні ад значэньня залежнага члена словазлучэньні бываюць:

  • азначальныя (сьнег (які?) чысты, краіна (чыя?) наша)
  • аб'ектная (араць (чым?) трактарам, араць (што?) поле, вестка (ад каго?) ад таварыша)
  • прасторавыя (адпачываць (дзе?) у вёсцы, ісьці (дзе?) лесам)
  • часавыя (прыехаць (калі?) праз год, сабрацца (калі?) па абедзе)
  • мэтавыя (змагацца (зь якой задачай?) дзеля шчасьця)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Бурак, Л. І. Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя : вучэб. дапам. для філал. фак. ун-таў / Л. І. Бурак. − Мінск: Універ-кае, 1987.
  • Кароткая граматыка беларускай мовы : у 2 ч. Ч. 2. Сінтаксіс / навук. рэд. А. А. Лукашанец. — Мінск : Беларус. навука, 2009.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Або сувязі сэнсавыя
  2. ^ Або сувязі граматычныя
  3. ^ Спалучэньне дзейніка з выказьнікам — граматычная аснова сказа — называецца прэдыкатыўным спалучэньнем (рэчка бруіцца, хаваецца) і да словазлучэньняў не адносіцца.