Перайсьці да зьместу

Акцэнтны верш

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Акцэ́нтны верш — від танічнага верша, рытм якога заснаваны на аднолькавай (або прыблізна аднолькавай) колькасьці акцэнтаў (апорных рытмічных націскаў) у вершаваных радках. Колькасьць міжнаціскных складоў у ім неаднолькавая (звычайна ад 0 да 8 складоў). Калі іншыя віды танічнага верша (акцэнтна-складовы верш, дольнік, тактавік) у пэўнай ступені захоўваюць сувязь з сілаба-тонікай ці сілабікай (аднолькавая колькасьць складоў у радках — у акцэнтна-складовым вершы, пэўнае адчуваньне мэтрычнай канвы, перш за ўсё трохскладовых мэтраў, — у дольніку і тактавіку), то акцэнтны верш зь іншымі сыстэмамі вершаваньня такой сувязі ня мае.

Гісторыя акцэнтнага верша

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Акцэнтны верш (літаратурны) узьнік на аснове народнага інтанацыйна-сказавага верша, яго быліннага тыпу (былінны верш). Першыя спробы акцэнтнага верша былі своеасаблівым перайманьнем узораў народнага быліннага верша («Песни западных славян» А. Пушкіна, «Песня про купца Калашникова» М. Лермантава, «…А чалом, чалом» і «Страцім-лебедзь» М. Багдановіча і інш.).

Прыхільнікам акцэнтнага верша быў У. Маякоўскі. Ён найбольш поўна раскрыў велізарныя выяўленчыя магчымасьці як акцэнтнага верша, так і танічнай сыстэмы вершаваньня ўвогуле. Менавіта таму часам гавораць нават пра верш Маякоўскага як пра своеасаблівы від верша. У радках гэтага верша — розная колькасьць складоў, інтэрвалы паміж апорнымі націскамі таксама розныя, але колькасьць акцэнтаў (апорных націскаў) аднолькавая ці амаль аднолькавая. Разам з тым у гэтым вершы добра адчуваюцца і моўныя адрэзкі, аб’яднаныя вакол акцэнтаў. Гэтыя сэнсавыя комплексы аддзеленыя адзін ад аднаго рытмічнымі паўзамі і нават вылучаныя графічна (г. зв. лесьвіца Маякоўскага), каб не адбылося, як падкрэсьліваў паэт, «ні сэнсавай, ні рытмічнай блытаніны». Рытм унутрырадковых націскаў і паўзаў падтрымліваецца паўтарэньнем сугуччаў (рыфма) і аднародных кляўзулаў у канцы вершаваных радкоў, а таксама чаргаваньнем міжрадковых паўзаў. Усё гэта і стварае вельмі багатую, гнуткую рытміку як верша Маякоўскага, так і акцэнтнага верша ўвогуле.

Вось адзін з такіх вершаў:

Рака жыцьця не прывыкла паказваць броды.
Яна несупынная ў паваротах сваіх.
І помыслы ў сэрцы людзкім — глыбокія воды,
Ды чалавек разумны вычэрпвае іх.
Чэрпаць поўным каўшом не стамляецца коўшаль.
І зоры начуюць у цёмных водах на дне.
У водах адстойваецца вякоў жаль,
І туманом таемным на дапытлівасьць тхне.
Руплівасьць не слухаецца пакорнай дагоды.
І сонца спасьцігу ўзыходзіць з-пад вей.
Мялець ня думаюць небародныя воды.
Чэрпае чалавек глыбей.
(Р. Барадулін)

Акцэнтны верш у беларускай літаратуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У беларускай сучаснай паэзіі акцэнтны, у адрозьненьне ад каламыйкавага і дольніка, амаль не выкарыстоўваецца. Тлумачыцца гэта, відаць, перш за ўсё нацыянальнымі фальклёрнымі традыцыямі. Пры ўвогуле шырокім бытаваньні ў беларускай вуснай творчасьці танічнага народнага верша адна яго разнавіднасьць — музычна-моўны (песенны) верш — займае ў ёй выключнае становішча, другая — інтанацыйна-сказавы (рэчытатыўны) верш — не знайшла шырокага распаўсюджаньня. Акцэнтны ж літаратурны верш грунтуецца якраз на другой разнавіднасьці народнага танічнага верша. Аднак у беларускай паэзіі на ўзьмежжы сілабікі і тонікі яшчэ ў XIX ст. узьнікла арыгінальная форма акцэнтна-складовага верша, які можна назваць акцэнтна-складовым вершам. Падчас у вершазнаўчых працах акцэнтны верша называюць ударнікам. Некаторыя дасьледчыкі тэрмінам «акцэнтны верш» называюць танічную сыстэму вершаваньня.