Сямён Косбэрг
Сямён Косбэрг | |||||||
Дата нараджэньня | 14 кастрычніка 1903 | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Месца нараджэньня | Слуцак, Менская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя | ||||||
Дата сьмерці | 3 студзеня 1965 | ||||||
Месца сьмерці | Варонеж, Расейская СФСР, Савецкі Саюз | ||||||
Прычына сьмерці | дарожна-транспартнае здарэньне | ||||||
Месца пахаваньня | |||||||
Месца вучобы | Маскоўскі авіяцыйны інстытут (1931) | ||||||
Занятак | бортынжынер, інжынэр | ||||||
Навуковая сфэра | ракетабудаваньне | ||||||
Месца працы | Канструктарскае бюро хімічнай аўтаматыкі | ||||||
Вядомы як | распрацоўнік ракетных рухавікоў для касьмічных караблёў | ||||||
Навуковая ступень | доктар навук (1959) | ||||||
Узнагароды | | ||||||
Сямён Арыевіч Косбэрг[1] (14 кастрычніка [ст. ст. 1 кастрычніка] 1903, Слуцак, цяпер Менская вобласьць, Беларусь — 1965, Варонеж, цяпер Цэнтральная фэдэральная акруга, Расея) — савецкі канструктар ракетных рухавікоў[2].
Галоўны канструктар вадкасных ракетных рухавікоў для пілятаваных касьмічных караблёў, штучных спадарожнікаў Зямлі і аўтаматычных міжплянэтных станцыяў у Савецкім Саюзе[3]. Доктар тэхнічных навук (1959). Лаўрэат Ленінскай прэміі (1960) і герой Сацыялістычнай Працы (1961)[4]. Апошнюю годнасьць атрымаў за палёт Юрыя Гагарына ў космас.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям'і каваля, у якога было 9 дзяцей. У 1917—1919 гадох навучаўся ў Слуцкай камэрцыйнай вучэльні. У 1919—1925 гадох працаваў майстрам у кузьні свайго бацькі. У 1922—1924 гадох наведваў вечаровыя заняткі ў Слуцкай гімназіі, па выніках якіх скончыў сярэднюю школу. Пасьля двух гадоў службы ў Чырвонай арміі ўладкаваўся на Ленінградзкую фабрыку імя Сьцяпана Халтурына (Расейская СФСР). У 1927 годзе паступіў у Ленінградзкі політэхнічны інстытут (ЛПІ) на караблебудаўнічы факультэт, дзе вывучаў авіяцыйную спэцыяльнасьць, якую ў 1929 годзе вылучылі ў асобны факультэт. У 1931 годзе скончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут, які ўтварылі ў жніўні 1930 году на аснове часткі факультэтаў ЛПІ[4].
У 1931 годзе працаўладкаваўся інжынэрам-канструктарам у Інстытут авіяцыйных матораў, дзе займаўся стварэньнем наўпроставага ўпрыску паліва ў галоўкі цыліндраў авіярухавікоў. Пазьней заняў пасаду начальніка навукова-дасьледчага аддзелу. У 1940 годзе стаў намесьнікам галоўнага каструктара Досьледна-каструктарскага бюро Маскоўскага авіяцыйнага карбюратарнага завода № 33 і начальнікам распрацоўкі наўпроставага ўпрыску. У кастрычніку 1941 году стаў галоўным канструктарам канструктарскага бюро завода № 33, які эвакуявалі ў Бердск (Новасібірская вобласьць)[4].
Стаў адным са стваральнікаў авіяцыйных рухавікоў для зьнішчальнікаў Ла-5 і Ла-7. Пад яго кіраўніцтвам стварылі досьледныя ўзоры рэактыўных рухавікоў для самалётаў Арцёма Мікаяна і Аляксандра Якаўлева. Сярод іншага, стварылі першы савецкі тленава-газавы вадкасны ракетны рухавік (ВРР), які запускаецца ў бязважкасьці, а таксама сэрыйныя ВРР апошніх ступеняў ракетаў-носьбітаў касьмічных апаратаў[4].
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Другім выразам Юрыя Гагарына пасьля «Паехалі» пры першым пуску штучнага спадарожніка Зямлі быў: «Косбэрг спрацаваў»[3]. У Слуцку яго імем назвалі вуліцу. Кратэр Косбэрга на адваротным ад Зямлі баку Месяца названы ў гонар Сямёна Косбэрга[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Іна Студзінская, Уладзь Грыдзін. Як выглядае беларуская гімназія, якой 402 гады // Беларуская служба Радыё «Свабода», 12 лістапада 2019 г. Архіўная копія ад 12 лістапада 2019 г. Праверана 13 сакавіка 2023 г.
- ^ Павал Севярынец. Габрэйства // Люблю Беларусь / дызайн. Сяржук Церасюк. — Менск: Наша ніва, 2008. — С. 134. — 618 с. — (Кнігарня Наша Ніва).
- ^ а б Тацьцяна Лазоўская. «Слуцкі сьлед» у космасе // Зьвязда : газэта. — 5 красавіка 2014. — № 63 (27673). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в г д Косберг Сямён Арыевіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8. — С. 429. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
Гэта — накід артыкула пра асобу з Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
- Нарадзіліся 14 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1903 годзе
- Памерлі 3 студзеня
- Памерлі ў 1965 годзе
- Пахаваныя на Новадзявочых могілках
- Героі Сацыялістычнай Працы
- Кавалеры ордэна Леніна
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Ляўрэаты Ленінскай прэміі
- Нарадзіліся ў Слуцку
- Выпускнікі ВНУ Масквы
- Інжынэры-мэханікі
- Касманаўтыка
- Памерлі ў Варонежы