Сямён Герус

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Сямён Пятровіч Герус (21 лістапада 1925, Кунічна, цяпер у складзе вёскі Прымень, Наваградзкі раён — 1998) — беларускі мастак-графік.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў Наваградзкую пэдагагічную вучэльню (1945), Віленскі мастацкі інстытут (1952). У 1953 годзе па запрашэньні Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту пераехаў зь Вільні ў Менск для стварэньня катэдры графікі і эстампнай майстэрні. С. Герус быў першым выкладнікам графічнага аддзяленьня мастацкага факультэту, навучаў тэхнікам графічнага мастацтва — лінарыту, дрэварыту, літаграфіі, афорту, сухой іголцы, акватынце і інш., заахвочваў зьвяртацца да гістарычнай тэматыкі. Працаваў у інстытуце да 1967 году. Сярод вучняў С. Геруса — Арлен Кашкурэвіч, Людвіг Асецкі і іншыя.

Калі ў 1991 годзе пры Саюзе мастакоў Беларусі стваралася мастацкая суполка «Пагоня», С. Герус адным зь першых падаў заяву на ўступленьне. Аднак, таксама графік, Яўген Кулік прапанаваў не прымаць яго ў суполку, матывацыі ня даў, але прапанову прынялі аднагалосна.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працаваў у станковай графіцы. Першым сярод беларускіх мастакоў у паваенныя гады ўзьняў гістарычную тэматыку ў выяўленчым мастацтве. Цыкл графічных твораў С. Геруса, прысьвечаных Кастусю Каліноўскаму і Францішку Скарыну, быў заўважаны. Графічны твор «Кастусь Каліноўскі» (1953), выкананы вуглём, адзін з найбольш удалых і лепшых у гэтай сэрыі. Постаць Каліноўскага паказана на фоне паўстанцаў-касінераў, у вобразе падкрэсьлены моц, воля, рашучасьць і мужнасьць. Удала выкарыстаны на аркушы эфэкт асьвятленьня, які надае малюнку трывожны настрой. У 1965 годзе С. Герус паўтарае гэтую работу з адпаведнымі дапаўненьнямі і перапрацоўкай у лінагравюры, а ў 1985 — у аўталітаграфіі[1]. Графічны партрэт Ф. Скарыны, створаны вуглём у 1954 годзе вылучаецца дакладнасьцю перадачы і глыбінёй псыхалягічнага вобразу асьветніка, паказвае яго засяроджаным у час працы ў друкарні. У другім партрэце Ф. Скарыны (1967), зробленым у той жа тэхніцы, мастак хаця і засяроджвае ўвагу на іканаграфічным падабенстве, але стварае свой вобраз друкара.[2]

У розных тэхніках (лінагравюра, літаграфія, афорт, малюнак) выканаў партрэты К. Каліноўскага (1953), Ф. Скарыны (1954), Я. Цікоцкага (1957), П. Броўкі (1967), А. Русака (1971), М. Танка (1975), А. Міцкевіча (1977), М. Багдановіча (1981), Я. Коласа (1982), А. Бембеля (1983), Н. Арсеньневай, Л. Геніюш, С. Грахоўскага (усе 1996), дэлегатаў 6-га Сусьветнага фэстывалю студэнтаў і моладзі ў Маскве (1957, сэрыя), пэйзажы «Плошча Перамогі» (1972), «Стары Менск» (1995-96, сэрыя), тэматычныя кампазыцыі «Мы — беларусы» (1968), «Янка Купала ў Вязынцы» (1982) і інш.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кастусь Каліноўскі і Студзеньскае паўстанне 1863 года на Беларусі. — Мн., 1989. — С. 8
  2. ^ Францішак Скарына і яго час. — Мн., 1989. — С. 14-15

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларускі саюз мастакоў, 1938—1998. — Мн., 1998. — С. 124.