Сюрстрэмінг
Сюрстрэмінг (па-швэдзку: surströmming) — швэдзкі нацыянальны прадукт, які ўяўляе сабой кансэрваваны квашаны селядзец. Першапачаткова сюрстрэмінг выраблялі толькі на Высокім беразе, але цяпер яго вытворчасьцью займаюцца практычна на ўсім узьбярэжжы Норлянду.
Гатаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Селядзец ловяць у красавіку да нерасту. Галаву і вантробы выдаляюць, але ікру пакідаюць для смаку. Апэндыкс таксама пакідаюць, паколькі ў ім зьмяшчаюцца фэрмэнты, істотна важныя для разьмякчэньня. Селядзец на некалькі дзён кладуць у бочкі зь зьедлівым тузлукам (канцэнтраваным саляным растворам), каб выдаліць кроў і тлушч). Затым рыбу перакладаюць у бочачкі зь менш канцэнтраваным тузлукам, дзе яна разьмягчаецца і кісьне яшчэ прыкладна два месяцы. У ліпені яе закрываюць у банкі і ставяць у халоднае месца. Якасьць канчатковага прадукту вызначаецца канцэнтрацыяй тузлука і тэмпэратурай, пры якой захоўваюцца бочачкі. Рыба працягвае кіснуць нават пасьля таго, як яе закрываюць у банкі.
Падчас працэсу закісаньня ўласныя фэрмэнты прадукту і бактэрыі ўтвараюць прапіёнавую кісьлю, бутанавую кісьлю і воцатную кісьлю, а таксама серавадарод, што надае рыбе рэзкі непрыемны пах.[1]
Ужываньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Швэды ядуць сюрстрэмінг з варанай бульбай, памідорамі, сырой цыбуляй або з хлябцамі з маслам. Таксама сюрстрэмінг можа выкарыстоўвацца для прыгатаваньня бутэрбродаў. Найбольш распаўсюджаныя напоі, якія ўжываюцца зь сюрстрэмінгам: піва, шнапс, малако або швэдзкі аналяг квасу (муст). Некаторыя вытанчаныя гурманы заядаюць рыбу брусьніцамі і запіваюць малаком.
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 4 чэрвеня 2005 году першы ў сьвеце Музэй сюрстрэмінгу быў адкрыты ў Шэпсмальме, што за 30 км на поўнач ад Эрншэльдсьвіку, гораду ў паўночнай частцы Высокага берагу.
- У красавіку 2006 году некаторыя буйныя авіякампаніі, такія як Air France і British Airways, забаранілі правоз кансэрваванага сюрстрэмінгу, растлумачыўшы гэта патэнцыйнай «выбуханебясьпечнасьцю» банак. У выніку, у Стакгольмскім аэрапорце Арлянда быў спынены продаж прадукта.[2]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ McGee, Harold On Food and Cooking (Revised Edition). — 2004. — ISBN 0-684-80001-2 p. 236
- ^ Airlines ban 'foul' Swedish fish.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ringblom, Fredrik and Westerlund, Örjan (2009) En handbok surströmming Grenadine. ISBN 9789185329816. (швэд.)