Сэрца на далоні

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сэрца на далоні
па-беларуску: Сэрца на далоні
Жанр: раман
Аўтар: Іван Шамякін
Мова арыгіналу: беларуская
Публікацыя: 1964
Выдавецтва: Полымя

«Сэ́рца на дало́ні» — раман беларускага пісьменьніка Івана Шамякіна.

Іван Шамякін працаваў над раманам у 1960—1963 гадох. Спачатку ён быў надрукаваны ў часопісе «Полымя», а ў 1964 годзе зьявілася яго асобнае выданьне.

Па матывах раману ў 1964 годзе на Беларускім тэлебачаньні выйла інсцэніроўка «Сэрца на далоні» (рэжысэр Віктар Карпілаў).

За раман «Сэрца на далоні» Іван Шамякін атрымаў у 1967 годзе літаратурную прэмію імя Якуба Коласа.

Падставы напісаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другая палова 1950-х і першая палова 1960-х гадоў сталі ў Савецкім Саюзе часам перамен у грамадзтве, часам выкрыцьця культу асобы Ёсіфа Сталіна, аднаўленьня ленінскіх нормаў жыцьця, якія на той час падаваліся дэмакратычнымі. Гэты час называюць «хрушчоўскай адлігай», бо ў 1956 годзе, пасьля дакладу Мікіты Хрушчова «Аб кульце асобы і яго наступствах» на ХХ зьезде КПСС, у грамадзтве «пацяплела»: адбывалася своеасаблівае «ўзвышэньне чалавека», зварот да паказу жыцьця простых людзей, іх надзённых клопатаў, удзелу ў грамадзкім жыцьці. Многія тады пранікліся верай у магчымасьць пабудовы ў краіне самага справядлівага камуністычнага грамадзтва, усе члены якога будуць жыць па прынцыпах маральнага кодэксу будаўніка камунізму. Пісьменьнікі шмат пісалі пра тое, што быць будаўніком новага грамадзтва абавязаны кожны грамадзянін, што кожны чалавек варты ўвагі і павагі. Асуджэньне культу асобы павінна было прывесьці да таго, каб рэпрэсіі і беззаконьне не паўтарыліся ў будучым. Апісваючы тагачасны пэрыяд у жыцьці грамадзтва, Іван Шамякін скіраваў увагу на найбольш вострыя праблемы: жаданьне ведаць праўду пра недалёкае мінулае (ваеннае і пасьляваеньнае), надзеі на дэмакратызацыю сыстэмы грамадзкага жыцьця.

Вобразы-сымбалі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва твору мае сымбалічнае значэньне. Сэрца на далоні — гэта сымбаль пераасэнсаваньня жыцьця, дэмакратычных зьмен у грамадзтве, якое пазбаўляецца ад спадчыны часоў культуры асобы. Выздараўлівае ня толькі хворае сэрца галоўнай гераіні Зосі Савіч, выздараўлівае і ўсё грамадзтва.

Вобраз Зосі Савіч зьяўляецца абагульненым вобразам усяго беларускага народу. Гэтая жанчына прайшла праз фашысцкі палон і высылку ў Сыбір па ілжывым даносе, але тым ня менш захавала чалавечнасьць, дабрыню і веру ў людзей. Лёс гэтай жанчыны — гэта лёс народу, які выстаяў у гады вайны і часы сталінскіх рэпрэсій.

Цікавыя факты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Правобразам доктара Савіча ў рамане «Сэрца на далоні» быў Яўген Клумаў, беларускі акушэр-гінэколяг, Герой Савецкага Саюзу (1965), кандыдат мэдычных навук, прафэсар, удзельнік Менскага падпольля[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Доктар Клумаў. Сэрца на далоні(недаступная спасылка)