Перайсьці да зьместу

Сэксмісія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сэксмісія
па-польску: Seksmisja
Жанр кінакамэдыя[1], навукова-фантастычны фільм[d][1][2], гумарыстычная фантастыка[d], постапакаліптычны фільм[d], антыўтапічны фільм[d] і кінафантастыка
Рэжысэр
Сцэнарыст
Прадусар
У ролях
Кампазытар
Апэратар
Мантаж Міраслава Гарліцкая[d]
Мастак Януш Сасноўскі[d]
Вытворчасьць KADR
Распаўсюд KADR
Дата выхаду 14 траўня 1984[5][1], кастрычнік 1984[6], 2 лютага 1985[6], 15 красавіка 1985[6], 8 верасьня 1985[6], 20 студзеня 1986[6], 6 лютага 1986[6] і 8 траўня 1986[6]
Працягласьць 116 хвіліна
Краіна
Мова польская мова
Старонка на IMDb

«Сэксмі́сія» (па-польску: Seksmisja) — польскі навукова-фантастычны фільм 1984 году працы рэжысэра Юліюша Махульскага. Твор зьмяшчае схаваную палітычную сатыру, характэрную для таго часу і месца ягонай вытворчасьці.

Падзеі пачынаюцца ў 1991 годзе. Два маладых чалавекі 30-ці гадоў — лавелас і прайдзісьвет Макс (Ежы Штур) і сарамлівы біёляг Альбэрт (Ольгерд Лукашэвіч) згаджаюцца паўдзельнічаць у навуковым экспэрымэнце, паводле якога іх замарозяць, каб потым разбудзіць праз тры гады. Аднак за час знаходжаньня ў адмысловых капсулах на Зямлі многае зьмянілася, і таму Альбэрт і Макс былі размарожаныя не праз тры гады, а больш чым праз паўстагодзьдзе 8 сакавіка 2044 году. У тым часе ўсе мужчыны вымерлі, і героі, такім чынам, апынуліся адзінымі мужчынамі ў сьвеце.

Ад лекаркі Ламіі Рэна (Бажэна Стрыйкуўна), якая даглядае іх, Макс і Альбэрт даведваюцца, што падчас іхнага сну на Зямлі пачалася ядравая вайна. Адным зь ейных наступстваў сталася зьнішчэньне мужчынскіх генаў, і таму яны ёсьць адзінымі мужчынамі на плянэце. Амазонкі XXI стагодзьдзя жывуць у глыбокім падзямельлі, пасьпяхова вырашаючы праблему размнажэньня без апладненьня, і не патрабуюць прысутнасьці самцоў. Жыхаркі калёніі ніколі не выходзяць на паверхню, бо лічаць, што пасьля глябальнай вайны паверхня плянэты падвергнулася заражэньню. Плоцевая цяга ў жанчын душыцца з дапамогай пігулак, пра неабходнасьць прыёму якіх нагадваюць адмысловыя прылады. Гэтыя пігулкі трансфармуюць цягу ў запал да кар’еры. Мужчыны падчас жаночая нарады ўцякаюць з-пад аховы, у той час як іх прысуджаюць да зьмены плоці. Уцёкі, здавалася б, праходзяць удала, то бок мужчыны з дапамогай Ламіі падымаюцца на самы верхні ўзровень, дзе яна паказвае ім як выглядае паверхня Зямлі ў пэрыскоп і дэманструе лічыльнік «выпраменьваньня М». Аднак мужчыны заяўляюць, што яны ўсё роўна маюць намер падняцца на паверхню, і аказваецца, што Ламія сьвядома заманіла іх у пастку, дзе мужчынаў схопліваюць. Ламіі паведамляюць, што ў яе адбіраюць працу па дасьледаваньні мужчынаў, і перадаюць іх у службу «Генэтыкс». Пераапрануўшыся мэдычнай сястрой, Ламія пранікае ў апэрацыйную, дзе мужчынаў рыхтуюць да «натуралізацыі», і ратуе іх прама з апэрацыйнага сталу. Хірургіняй, якая павінна была «натуралізаваць» мужчынаў, выяўляецца дачка Макса Ядвіга (Рышарда Ганін), якая кпіць зь яго за тое, што ён кінуў іх з маці. Гэтая дачка выказвае таксама меркаваньне пра тое, што целы мужчынаў можна выкарыстаць дзеля падрыхтоўкі «бялковай масы», гэта значыць спажыць у ежу. Ламія выводзіць мужчынаў на паверхню і сама паднімаецца зь імі. Усе трое ёсьць апранутымі ў скафандры.

Адышоўшы ад пункту выхаду некалькі мэтраў, яны ўпінаюцца ў тканіну, на якой быў намаляваны безжыцьцёвы ляндшафт. Перарэзаўшы гэтую перашкоду, група выходзяць па-за межы купалу, пабудаванага вакол пэрыскопа, і апынаюцца на сапраўдным беразе мора. Героі неўзабаве разумеюць, што ў вонкавым сьвеце можна жыць безь небясьпекі дзеля здароўя і, рухаючыся далей, неўзабаве знаходзяць чыйсьці добраўпарадкаваны дом. Да іх далучаецца іншая перасьледавацельніца Эма (Багуслава Павэлец). Выпадкова уключыўшы тэлевізар, яны пачынаюць глядзець выпуск навінаў, у якім паведамляюць пра гераічна загінулых Ламіі і Эме, а таксама аб нібыта натуралізаваных самцах. Макс адводзіць Ламію ў лажніцу, дзе мужчына знаёміць лекарку з плоцевымі асалодамі. Альбэрт тое самае спрычыняе з Эмай.

Неўзабаве, становіцца вядомым, што дом ёсьць маёнткам кіраўніцы ўсіх жанчынаў Ейнае Эксцэленцыі (Веслаў Міхнікоўскі), якая выдатна ведае, што паверхня Зямлі цалкам прыдатная для жыцьця, і адсюль кіруе сваім падземным сьветам. Мужчыны спрабуюць схапіць яе, і ў працэсе барацьбы аказваецца, што кіраўніца на самой справе ёсьць мужчынам. Па вайне ён апынуўся адзіным хлопчыкам, якога клапатлівая маці здолела выратаваць ад натуралізацыі, выдаўшы яго за дзяўчынку, а адмысловыя пігулкі дазволілі яму хутка падняцца паводле службовай герархіі. Кіраўнік прапануе кіраваць падземным сьветам па чарзе, але ў галоўных герояў іншыя пляны. Яны гатовыя пачаць сваю сэксмісію, выкарыстоўваючы свой біялягічны матэрыял, каб даць жыцьцё новаму пакаленьню хлопчыкаў, якое спыніць матрыярхат амазонак.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]