Станіслаў Жукоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Luckas-bot (гутаркі | унёсак) у 13:30, 21 кастрычніка 2011. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Станіслаў Жукоўскі
Станіслаў Жукоўскі. Фота: Р. Ёхансан, 1921 г.
Дата нараджэньня 13 траўня 1875
Месца нараджэньня Ендрыхаўцы ля мястэчка Рось, Ваўкавыскі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці восень 1944
Месца сьмерці Прушкаў ля Варшавы, Польшча
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак жывапіс, пэйзаж, інтэр’ер, натурморт
Жанры малярства, пэйзаж, інтэр’ер і натурморт[d]
Плынь рэалізм

Станісла́ў Юлья́навіч Жуко́ўскі (па-польску: Stanisław Żukowski; 13 траўня 1875; Ендрыхаўцы, Расейская імпэрыя — восень 1944, Прушкаў[прыбраць шаблён] ля Варшавы, Польшча) — жывапісец, пэйзажыст; адзін з найвыбітнейшых прадстаўнікоў свайго жанру канца XIX — першай трэці ХХ стагодзьдзя.

Польская і расейская мастацкія школы атрыбуюць яго, як польскага і расейскага мастака адначасна[1].

Біяграфія

Паходжаньне

Бацькамі Станіслава Жукоўскага былі Юльян Жукоўскі і Марыя з роду Вяржбіцкіх, якія мелі спадчынную сядзібу ў Старой Волі (цяпер вёска ў Пружанскім раёне). Вядомы савецкі дасьледнік жыцьця і творчасьці мастака М. Гарэлаў у сваёй грунтоўнай манаграфіі, спасылаючыся на ўспаміны пляменьніцы мастака Марыі, адзначае, што за ўдзел у паўстаньні 1863—1864 гадоў Юльян Жукоўскі быў пазбаўлены ўсіх саслоўных і маёмасных правоў[2].

Аднак паводле іншага меркаваньня Натальлі Маліноўскай-Франке такое магло здарыцца толькі з тымі, чый удзел у паўстаньні быў даказаны і каго высылалі зь Беларусі. Сам Юльян хутчэй за ўсё не прымаў удзел у паўстаньні, а пазбавіўся родавага маёнтка ў выніку эканамічных санкцый, якія былі накладзены на сем’і паўстанцаў, мясцовую шляхту і каталіцкі касьцёл указам пасьля паражэньня паўстаньня. Магчыма, кантрыбуцыя была накладзеная за ўдзел у паўстаньні двух ягоных старэйшых братоў — адзін зь якіх знаходзіўся ў кіраўніцтве паўстаньня, быў непасрэдным паплечнікам Кастуся Каліноўскага, а другі ўзначальваў паўстанцкі атрад[3]. Ня здолеўшы выплаціць кантрыбуцыю і падаткі, Юльян страціў сваю нерухомую ўласнасьць і быў вымушаны стаць арандатарам у Ендрыхаўцах, дзе й нарадзіўся Станіслаў. Душэўныя і матэрыяльныя ўзрушаньні, якія пасьледвалі за здушэньнем паўстаньня, пагоршылі псыхаэмацыйны стан Юльяна Жукоўскага[4]

Маці Станіслава, Марыя, паходзіла са шляхецкага роду Вяржбіцкіх з Варшавы. Яна атрымала добрае хатняе выхаваньне і адукацыю ў Парыжы, вылучалася сардэчнасьцю і далікатнасьцю[5], ведала некалькі замежных моваў і была цудоўнай піяністкай.

Дзяцінства

Станіслаў Жукоўскі нарадзіўся 13 траўня 1875 году ў вёсцы Ендрыхаўцы ля мястэчка Рось у сям’і Юльяна Жукоўскага і Марыі з роду Вяржбіцкіх, аб чым захаваўся запіс у архіве касьцёла пасёлка Рось:

Тысяча восемсот семдзесят пятага году траўня дваццаць сёмага дня ў Роскім рыма-каталіцкім парафіяльным касьцёле ахрышчанае дзіця па імені Станіслаў... дваранаў Іюліяна і Марыі, ад народзінаў Вяржбіцкай, Жукоўскіх, законных сужэнцаў сын, які нарадзіўся 1875 г. траўня 13 дня той самай парафіі ў мызе Ендрыхоўцы.[6]

Неўзабаве пасьля нараджэньня Станіслава Жукоўскія вярнуліся ў маёнтак Старая Воля (зараз в. Стараволя) недалёка ад Пружанаў, але ўжо толькі арандатарамі. Тут прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Станіслава[4].

Станіслаў быў малодшым з траіх дзяцей (брат Баляслаў быў старэйшы за Станіслава на 11 гадоў, а сястра Сэрафіма — на 4 гады). Менавіта малодшага сына больш за ўсё палюбіла маці будучага мастака[4]. Яна вучыла дзяцей замежным мовам і музыцы, заахвочвала іх да маляваньня. Бацька ж заўважаў толькі аднога старэйшага сына Баляслава і на яго аднаго ўскладаў свае надзеі. Да ўсіх астатніх ён адносіўся суха, амаль па-варожаму[7].

Пачатковая адукацыя

Маючы жаданьне даць сыну добрую адукацыю, Юльян Жукоўскі ўвосені 1880 году адвёз Станіслава ў Варшаву на вучобу ў прыватную клясычную прагімназію Лагоўскага, дзе Станіслаў прабыў нядоўга. Хутка яго перавялі ў рэальную вучэльню ў Беласток, дзе вучыўся яго старэйшы брат[7]. Менавіта ў вучэльні Станіслаў з асаблівай ахвотай заняўся маляваньнем, якое тут выкладаў выпускнік Маскоўскага Строганаўскага вучылішча, будучы вядомы расейскі пэйзажыст і майстар інтэр’ернага жывапісу Сяргей Южанін, які звярнуў увагу на мастацкія здольнасьці Станіслава[4].

С. Жукоўскі. «Травень», 1895-96 гг. Дом Жукоўскіх у маёнтку Старая Воля

Жаданьне Станіслава стаць мастаком не падзяляў яго бацька. У якасьці пакараньня за непаслухмянства свайго сына той часта адсылаў яго на вёску да пастухоў[7].

У гады навучаньня ў Беластоку пачынаючым мастаком у 1890 і 1891 гг. былі напісаны два этуды, на якіх адлюстраваны маёнтак Старая Воля. Гэта адна-павярховы драўляны дом, які сваёй архітэктурай сведчыць пра беларускія барочныя традыцыі на рубяжы XVIIIXIX стст. Дом адметны мураваным порцікам з дзьвюма парамі калён паабапал уваходу, якія зьяўляюцца цэнтрам кампазыцыі галоўнага фасада. На калёны абапіраецца двупрыступкавы атык. Пазьней, у часе расейскага пэрыяду жыцьця і творчасьці, мастак неаднаразова будзе вяртацца да матыву роднага дома. Гэты матыў праходзіць праз карціны «Май» (18951896 гг), «Разьезд на золку» (1902 г, Адэскі мастацкі музэй), «Бяссонная ноч. Золак» (эскіз да карціны. 1903 г.) і інш.[4].

Адукацыя ў Маскве

У 1892 годзе Станіслаў пакідае Беласток і таемна ад’яжджае ў Маскву, каб паступіць у вучэльню жывапісу, скульптуры і дойлідзтва. У дакумэнтах, пададзеных у вучэльню, ён дадае сабе два гады ўзросту, каб не прад’яўляць заяву на паступленьне ад імя бацькоў. У выніку 19-гадовы ўзрост даў яму магчымасьць без дазволу бацькі паступіць у навучальную ўстанову, але толькі ў якасьці вольнага наведвальніка, паколькі навучэнцамі маглі стаць юнакі ва ўзросьце 12-18 гадоў[4]. Распрацаваць такі плян яму ўдалося, імаверна, не без дапамогі Сяргея Южаніна[8].

У Маскоўскай вучэльні Жукоўскі праходзіць чатырохгадовы курс навучаньня, які ўключаў арыгінальны, галаўны, фігурны і натурны клясы. Яго выкладчыкамі былі С.Каровін, Мікалай Касаткін(ru), Канстанцін Савіцкі(ru), Абрам Архіпаў(ru), Леанід Пастарнак(ru). Вызначальны ўплыў на станаўленьне Станіслава Жукоўскага як мастака аказаў Васіль Паленаў(ru), які фармальна не зьяўляўся яго настаўнікам, аднак майстэрню Паленава юнак часта наведваў у вольныя часы. У В.Паленава Жукоўскі навучыўся надаваць сваім пэйзажам яскравы і сакавіты калярыт[4]. Вітольд Бялыніцкі-Біруля, найбліжэйшы сябра і аднаклясьнік Жукоўскага, ўспамінаў:

Паленаў захапляў сваіх вучняў сілаю фарбаў прыроды, якую пісаў... Зь яго прыходам ў вучэльню мы пачалі разумець фарбы, шукаць колер: да яго мы гэтага ня ведалі[9].

С. Жукоўскі шмат працуе на пленэры, актыўна выстаўляецца на вучнёўскіх выставах. У пачатку сакавіка 1895 году ён атрымлівае білет «для свободного проживания во всех городах м местностях Российской Империи» (з дазволам маляваць этуды з натуры[9]) тэрмінам з 6 сакавіка па 1 верасьня 1895 году з далейшым падаўжэньнем на тэрмін 23 жніўня — 1 студзеня 1896 году. Гэты час ён праводзіць на Гарадзеншчыне. Тут былі намаляваны карціны «Нёман» (1895 г, Музэй выяўленчых мастацтваў Татарыі), «Лес. Папараці» (1895 г, Дзяржаўная Трацьцякоўская галерэя) і іншыя[10].

У 1896 годзе Канстанцін Савіцкі, настаўнік Жукоўскага, садзейнічае адпраўцы ў Санкт-Пецярбург для ўдзелу ў 24-й перасоўнай выстаўцы вучнёўскай работы С.Жукоўскага «Памешчыцкі дом». Пэйзаж экспанаваўся пад назвай «Раніца». Адгэтуль і да 1918 году Станіслаў Жукоўскі прымае ўдзел ва ўсіх выставах перасоўнікаў[11].

У 1897 годзе Жукоўскі бліскуча здае іспыты, атрымлівае два малыя срэбраныя медалі за этуд і малюнак і пачынае пісаць карціну на Вялікі срэбраны медаль. У гэтым жа годзе ён ладзіць шлюб зь сяброўкай па вучэльні Аляксандрай Ігнацьевай. Яе постаць можна заўважыць у такіх пэйзажах і інтэр’ерах мастака, як «Бяссонная ноч», «Апошні акорд», «Журботныя думкі». У 1897 годзе Жукоўскі накіроўвае ў Савет выкладчыкаў вучэльні просьбу перавесьці яго з вольных наведвальнікаў у навучэнцы. Гэтая просьба была задаволена, што дало мастаку магчымасьць атрымаць пасьведчаньне аб выключэньні з падатнага стану[11].

С. Жукоўскі «Вясновая вада». Палатно, алей, 1898. 78x121 см

Увосені 1898 году ў вучэльню прыйшоў выкладаць Ісак Левітан(ru) і для Жукоўскага настала пара самага напружанага вёчнёўства[12]. У яго малады мастак вучыўся працаваць на пленэры і выбіраць эneдныя матывы. Аднак, калі ў Левітана гэтыя матывы ўвасабляліся ў вялікія эпічныя і нават драматычныя палотны, то ў Жукоўскага яны ўвасаблялі камэрныя палотны рамантычна-журботнай танальнасьці[11]. Сёлета ж Жукоўскі піша этапную для сябе «Вясновую ваду», якую з выставы перасоўнікаў купляе Расейскі музэй імпэратара Аляксандра ІІІ[11].

У 1899 годзе С. Жукоўскі стварае яшчэ адзін этапны твор — «Ноч пад месяцам». За гэтую карціну 5 красавіка 1901 году Жукоўскі падае прашэньне прысудзіць яму Вялікі срэбраны мэдаль[13]. Мэдаль быў прысуджаны і, згодна са статутам Маскоўскага мастацкага таварыства, чальцом якога С. Жукоўскі становіцца ў 1899 годзе, гэта ўзнагарода прынесла Жукоўскаму званьне кляснага мастака[11].

Ушанаваньне памяці

У вёсцы Стараволя Пружанскага раёну, дзе мастак правёў маладыя гады, яму пастаўлены помнік[14].

Крыніцы

  1. ^ Nancy ed. Eickel Russia, The Land, The People: Russian Painting 1850-1910. — Washington DC: 1986. — ISBN 0295964391
  2. ^ Горелов М.И. Станислав Юлианович Жуковский. — М: 1982.
  3. ^ Пракаповіч, Натальля. Пейзажыст Станіслаў Жукоўскі — ураджэнец Пружаншчыны Культура. «Рэха Берасьцейшчыны». Праверана 19 чэрвеня 2011 г.
  4. ^ а б в г д е ё Натальля Маліноўская-Франке. Станіслаў Жукоўскі і яго творчасць, прысвечаная родным мясцінам // Беларускі гісарычны часопіс. — Мн.: 2009. — № 1. — С. 31.
  5. ^ Віктар Карамазаў. Краса і воля. — Мінск: Медиал, 2008. — С. 83—84.
  6. ^ Віктар Карамазаў. Краса і воля. — Мінск: Медиал, 2008. — С. 83.
  7. ^ а б в Н.И. Станкевич. С.Ю. Жуковский. — Массовая библиотечка по искусству. — Ленинград: Художник РСФСР, 1974. — С. 6.
  8. ^ Віктар Карамазаў. Краса і воля. — Мінск: Медиал, 2008. — С. 85.
  9. ^ а б Віктар Карамазаў. Краса і воля. — Мінск: Медиал, 2008. — С. 86.
  10. ^ Натальля Маліноўская-Франке. Станіслаў Жукоўскі і яго творчасць, прысвечаная родным мясцінам // Беларускі гісарычны часопіс. — Мн.: 2009. — № 1. — С. 32—33.
  11. ^ а б в г д Натальля Маліноўская-Франке. Станіслаў Жукоўскі і яго творчасць, прысвечаная родным мясцінам // Беларускі гістарычны часопіс. — Мн.: 2009. — № 1. — С. 33.
  12. ^ Н.И. Станкевич. С.Ю. Жуковский. — Массовая библиотечка по искусству. — Ленинград: Художник РСФСР, 1974. — С. 11.
  13. ^ Віктар Карамазаў. Краса і воля. — Мінск: Медиал, 2008. — С. 90.
  14. ^ Ales’ (13 траўня 2011) Люстрадзён на сёньня Знакамітыя землякі. Блог жыхароў Ваўкавышчыны. Праверана 19 чэрвеня 2011 г.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Станіслаў Жукоўскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў