Перайсьці да зьместу

Уладзімер Снапкоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Снапкоўскі
Дата нараджэньня 22 траўня 1954(1954-05-22) (70 гадоў) або 1954[1]
Месца нараджэньня
Месца вучобы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт
Занятак навуковец, гісторык, прафэсар унівэрсытэту
Навуковая сфэра гісторыя
Месца працы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт
Вядомы як стваральнік першага навучальнага курсу пра зьнешнюю палітыку Беларусі
Сябра ў Беларуская асацыяцыя гісторыкаў[d] і Беларуская асацыяцыя палітычных навук[d]
Навуковая ступень доктар гістарычных навук[d]
Вучні Сяргей Лашкевіч
Узнагароды прэмія імя Валянціна Капцюга (2003), прэмія імя Ўладзімер Пічэты (2008)

Уладзімер Еўдакімавіч Снапкоўскі (1954, Віцебск, цяпер Беларусь) — беларускі гісторык.

Доктар гістарычных навук (1995), прафэсар (1995). Заслужаны працаўнік БДУ.

Скончыў Віцебскую СШ № 20 (1971), гістарычны факультэт БДУ (1976), асьпірантуру (1979) і дактарантуру (1992) пры Інстытуце гісторыі АН Беларусі. Малодшы і старэйшы навуковы супрацоўнік (1979—1982), старэйшы навуковы супрацоўнік (1988—1993) Інстытуту гісторыі, навуковы сакратар адьдзяленьня грамадзкіх навук АН Беларусі (1982—1988), адначасова (1980—1993) выкладнік катэдры новай і наноўшай гісторыі гістарычнага факультэту БДУ. 3 1993 г. прафэсар катэдры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін БДУ, адначасова вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі, таксама загаднік адьдзелу нацыянальных і міжнародных адносін Інстытуту гісторыі (1995—2000)[2].

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дасьледуе беларускую эміграцыю, міжнародныя адносіны і арганізацыі ў 20 ст., працуе ў галіне гістарыяграфіі ўсеагульнай гісторыі і гісторыі Беларусі, паліталёгіі і грамадазнаўства. Вядучы адмысловец па гісторыі зьнешняй палітыкі Беларусі. Упершыню распрацаваў сыстэматызаваны навучальны курс па гэтай праблематыцы для навучэнцаў, якія займаюцца вывучэньнем міжнародных дачыненьняў. Выдаў падручнікі па гэтай дысцыпліне (на беларускай і расейскай мовах). Дасьледуе сучасныя праблемы зьнешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Яго апошнія манаграфіі, якія выйшлі ў 2009–2013 гг., прысьвечаныя беларуска-расейскім і беларуска-польскім дачыненьням. Чытае курсы па прадметах: "Гісторыя зьнешняй палітыкі Беларусі", "Зьнешняя палітыка Рэспублікі Беларусь" у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце на катэдры міжнародных адносін. Укладальнік шэрагу зьборнікаў дакумэнтаў і матэрыялаў па зьнешнепалітычнай гісторыі Беларусі ХХ — пачатку ХХІ ст. («Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў (1914–1991 гг.)» у 4 тамах, «Зьнешняя палітыка Беларусі (1996–2010 гг.)», т. 8–10, «Дзяржаўныя межы Беларусі (1917–2010 гг. )» у 2 тамах. Аўтар болей за 260 навуковых і навукова-папулярных публікацыяў, у тым ліку манаграфіяў «Беларуская ССР у ААН (1944—1985)» (Мн., 1985), «Дзьве германскія дзяржавы і эўрапейская бяспека: гісторыя і сучаснасьць» (Мн., 1989, у сааўтарстве з М. Г. Елісеевым), «Шлях Беларусі ў ААН. 1944—1945 гг.» (Мн., 1994) і «Зьнешнепалітычная дзейнасьць Беларусі: 1944—1953 гг.» (Мн., 1997). Шэраг артыкулаў надрукаваныя ў Расеі, Польшчы, Аўстрыі і ЗША. Актыўна супрацоўнічае з замежнымі калегамі. У 1998 г. як запрошаны навуковец Інстытуту Гарымана Калюмбійскага ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку вывучаў сучасную палітыку ЗША і краінаў Захаду ў дачыненьні да Беларусі. Сябра Рады Беларускай асацыяцыі гісторыкаў, чалец Беларускай асацыяцыі палітычных навук, навуковых радаў факультэту міжнародных адносін БДУ і Інстытуту гісторыі, адмысловых навуковых радаў па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысэртацыяў па палітычных навуках і па гісторыі зьнешняй палітыкі і міжнародных адносін пры БДУ. Ляўрэат прэміі імя акадэміка Валянціна Капцюга Сыбірскага аддзяленьня Расейскай акадэміі навук (2003) за выданьне кнігі «Нарысы гісторыі беларусаў Сыбіры», прэміі БДУ імя акадэміка Ўладзімера Пічэты (2008) за падрыхтоўку цыклю падручнікаў і навуковых прац па гісторыі зьнешняй палітыкі Беларусі. Удзельнічаў у міжнародных навуковых канфэрэнцыях у Нямеччыне, Вялікабрытаніі, ЗША, Летуве, Польшчы, Расеі, Украіне. Прайшоў навуковыя стажыроўкі ў Хумбэрсайдзкім унівэрсsтэце (г. Хал, Вялікабрытанія), Грынвіцкім унівэрсытэце (Лёндан, Ангельшчына), Украінскім інстытуце міжнародных адносін, Дыпляматычнай акадэміі МЗС РФ[3].

  • Зьнешнепалітычная дзейнасьць Беларусі. 1944—1953 гг.. — Менск: Беларуская навука, 1997. — 208 с. — ISBN 985-08-0028-3
  • Гісторыя зьнешняй палітыкі Беларусі ў 2 частках / рэд. Г.В. Мыцык. — Менск: БДУ, 1997. — Т. 1. Ад пачаткаў дзяржаўнасьці да канца ХУІІІ ст. — 281 с. — 600 ас. — ISBN 985-445-902-0
    • Гісторыя зьнешняй палітыкі Беларусі ў 2 частках. — Менск: БДУ, 2004. — Т. 2. Ад канца канца ХVІІІ да пачатку XXI ст. — 303 с. — ISBN 985-485-268-7
  • Зьнешняя палітыка Рэспублікі Беларусь. — Менск: БДУ, 2007. — 183 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-485-521-9
  • Беларуска-расейскія адносіны. — Менск: БДУ, 2009. — 139 с. — 100 ас. — ISBN 978-985-518-119-5
  • Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў (1914 - 1991 гг.): зб. дак. і матэрыялаў у 4 тамах / склад. А.Ф. Вялікі, гал.рэд. Сяргей Мартынаў. — Менск: Юніпак, 2010. — Т. 3. 1 верасня 1939 г. — 3 ліпеня 1944 г. — 444 с.
    • Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў (1914 - 1991 гг.): зб. дак. і матэрыялаў у 4 тамах / склад. А.Ф. Вялікі, гал.рэд. Сяргей Мартынаў. — Менск: Юніпак, 2012. — Т. 2. 19 сакавіка 1921 –31 жніўня 1939 г. — 480 с.
    • Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў (1914 - 1991 гг.): зб. дак. і матэрыялаў у 4 тамах / склад: У.Е.Снапкоўскі, А.В.Ціхаміраў, А.В.Шарапа, А.Ф.Вялікі, гал.рэд. Сяргей Мартынаў. — Менск: Юніпак, 2015. — Т. 4. (4 ліпеня 1944 г. – 25 жніўня 1991 г.). — 449 с.
  • Беларуска-польскія адносіны (1918-1989 гг.): Дасьледаваньні, дакумэнты, ілюстрацыі і карты / склад. А.Ф. Вялікі, гал.рэд. Сяргей Мартынаў. — Менск: Энцыкляпэдыкс, 2013. — 234 с. — 50 ас. — ISBN 978-985-6958-63-5
  • Зьнешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў / склад. У.Е.Снапкоўскі, А.В.Ціхаміраў і А.В.Шарапа, гал.рэд. Сяргей Мартынаў. — Менск: БДУ, 2013. — Т. 9 (2001 ― 2005 гг.). — 688 с.
    • Зьнешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў / склад. У.Е.Снапкоўскі, А.В.Ціхаміраў і А.В.Шарапа, гал.рэд. Сяргей Мартынаў. — Менск: БДУ, 2014. — Т. 10 (2006–2010 гг.). — 607 с.
  1. ^ Snapkoŭskì, Uladzìmìr Jeŭdakìmavìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Снапкоўскі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 66. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
  3. ^ Снапкоўскі Ўладзімер Міхайлавіч // Факультэт міжнародных адносін БДУ, 2018 г. Праверана 9 ліпеня 2018 г.