Славенскае прэс-агенцтва
Каардынаты: 46°3′26″ пн. ш. 14°30′17″ у. д. / 46.05722° пн. ш. 14.50472° у. д.
славен. Slovenska tiskovna agencija | |
Тып | таварыства з абмежаванай адказнасьцю |
---|---|
Заснаваная | 3 чэрвеня 1991 (33 гады таму) |
Уласьнікі | Ведамства зносін Славеніі |
Краіна | Славенія |
Разьмяшчэньне | Любляна |
Адрас | Цівольская дарога, д. 48[1] |
Ключавыя фігуры | Ігар Кадунц (кіраўнік), Алёша Рэгар (адказны рэдактар), Младан Тэрчэль (старшыня)[2] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Паслугі | анонс, відэа, круглы стол, навіны, радыё, рэкляма, рэпартаж, фота[3] |
Абарачэньне | ▲4 млн эўра (2018 год) |
Лік супрацоўнікаў | 80 (2023 год) |
Матчына кампанія | Ведамства зносін Славеніі |
«Славенскае прэс-агенцтва» («СПА») — дзяржаўны сродак масавай інфармацыі Славеніі, заснаваны ў чэрвені 1991 году.
Дзейнічае паводле адмысловага Закону ад ліпеня 2011 году. Выпускае навіны па-славенску і па-ангельску. На 2023 год налічвала 80 журналістаў. Улучала ўнутраную, замежную, гаспадарчую, спартовую, карэспандэнцкую, культурніцкую і ангельскую (з 1994 году) службы. Мела карэспандэнцкія пункты ва ўсіх абласьцях Славеніі і тры за мяжой у Заграбе (Харватыя), Брусэлі (са сьнежня 1995 году як першы) і Нью-Ёрку (ЗША). Падпісчыкамі ангельскай службы «СПА» былі замежныя прэс-агенцтвы і амбасады замежных дзяржаваў, а таксама буйныя замежныя прадпрыемствы. Выступала супольнікам замежных агенцтваў праз Балканскае аб’яданьне навіновых агенцтваў (Грэцыя) і Зьвяз міжземнаморскіх навіновых агенцтваў (Кіпр), Эўрапейскі зьвяз навіновых агенцтваў (Румынія) і Міжнародную раду сувязі прэсы (Ангельшчына). Зь 2006 году мела фотаслужбу. У 2009 годзе стварылі радыёслужбу. Дадаткова выпускала інфаграфіку і табліцы. Мела архіў з 2-х млн навінаў, 500 000 фотаздымкаў і 70 000 гуказапісаў. Прапанавала анлайн-абвесткі і відэапаслугі. Штогод ладзіла некалькі круглых сталоў у сваім прэс-клюбе[4].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]4 траўня 1991 году падпісалі дамову аб стварэньні «Славенскага прэс-агенцтва» («СПА»). 3 чэрвеня 1991 году яго ўнесьлі ў судовы рэестар. 20 чэрвеня 1991 году пачалі выпускаць навіны па-славенску і па-ангельску. 1 верасьня 1992 году «СПА» стала сябрам Эўрапейскага зьвязу навіновых агенцтваў (Швайцарыя). 1 траўня 1994 году стварылі ангельскую службу «СПА». 1 сьнежня 1995 году стварылі першы карэспандэнцкі пункт за мяжой у Брусэлі (Бэльгія). 16 кастрычніка 1996 году заснавалі вэб-сайт агенцтва. 27 траўня 2000 году запусьцілі «Штодзённы бюлетэнь СПА». 1 сакавіка 2001 году заснавалі службу ўласных паведамленьняў. Адначасна журналістка Міхела Зупанчыч стала першай прадстаўніцай «СПА», якая атрымала ўзнагароду за журналісцкія дасягненьні ад Таварыства журналістаў Славеніі[4].
1 траўня 2002 году «Славенскае прэс-агенцтва» перанесла галаўную сядзібу ў Любляне з вуліцы Цанкар’ева на Цівольскую дарогу. 1 студзеня 2006 году заснавалі карэспандэнцкую службу. 1 лютага 2006 году запусьцілі фотаслужбу. 1 студзеня 2008 году ўвялі інфаблёкі і інтэрнэт-банэры. 1 чэрвеня 2009 году запусьцілі гаспадарчы партал. 1 верасьня 2009 году адчынілі радыёслужбу. 1 лістапада 2009 году стварылі прэс-клюб для круглых сталоў. 1 лютага 2010 году адчынілі старонкі ў сацыяльных сетках. 1 красавіка 2010 году запусьцілі відэаслужбу. 1 траўня 2010 году адчынілі мастацкі партал. 1 верасьня 2011 году стварылі мабільны дастасунак. 1 лютага 2013 году стварылі мэдыяпартал анонсаў. 1 сакавіка 2013 году «Славенскае прэс-агенцтва» ўступіла ў Міжнародную раду сувязі прэсы (Ангельшчына). 1 студзеня 2014 году заснавалі групу распрацоўкі новых тэхналёгіяў. 1 лістапада 2014 году Ірына Ёвева стала 2-й журналісткай «СПА», якая атрымала ўзнагароду Таварыства журналістаў Славеніі[4].
19 кастрычніка 2015 году запусьцілі навуковы партал. 18 студзеня 2016 году галаўную сядзібу перамясьцілі зь 50-га ў 48-ы дом па Цівольскай дарозе. 2 лютага 2016 году выпусьцілі першы нумар унутранага штомесячнага бюлетэня. 8 лістапада 2016 году адчынілі службу прамых рэпартажаў. 28 красавіка 2017 году набыла моц супольная працоўная дамова журналістаў «СПА». 1 кастрычніка 2017 году запусьцілі відэаслужбу жывых трансьляцыяў. 23 лістапада 2018 году журналістка «СПА» Леа Удоўч атрымала ўзнагароду за дасягненьні маладых журналістаў Таварыства журналістаў Славеніі. 6 сьнежня 2018 году ўкаранілі альгарытм выпуску навінаў пра гандаль на «Люблянскай біржы». Па выніках 2018 году выручка «Славенскага прэс-агенцтва» перавысіла 4 млн эўра. 21 сакавіка 2019 году «СПА» выйграла тэндэр Інавацыйнага фонду лічбавых навінаў «Гугла» (ЗША). 1 красавіка 2019 году запусьцілі партал праверкі фактаў. 15 сакавіка 2020 году доступ да навінаў зрабілі бясплатным на 2,5 месяцы ў сувязі з пандэміяй уханьскага каронавірусу[4].
1 красавіка 2020 году запусьцілі анлайн-службу круглых сталоў. 30 лістапада 2020 Ведамства зносін Славеніі спыніла фінансаваньне «Славенскага прэс-агенцтва» праз адсутнасьць справаздачы і далейшую адсутнасьць дамовы на 2021 год. 1 траўня 2021 году запусьцілі служба падкастаў. 3 траўня 2021 году ў выніку грамадзкага закліку на дзейнасьць агенцтва сабралі 387 000 эўра ахвяраваньняў. 23 чэрвеня 2021 году славенскі прэзыдэнт Борут Пагор узнагародзіў «СПА» одэнам заслуг за ролю ў вяшчаньні. 8 лістапада 2021 году Ведамства зносін Славеніі аднавіла фінансаваньне агенцтва паводле дамовы. 25 лістапада 2021 году Таварыства журналістаў Славеніі прысудзіла фатографу «СПА» Таміно Петэліншэку ўзнагароду за рэпартаж з манастыра Плетэр’е, а рэдакцыі — за выдатныя журналісцкія дасягненьні ў захаваньні агенцтва пры спыненьні дзяржаўнага фінансаваньня. 26 траўня 2022 году запусьцілі ангельскамоўны партал «Унутры Славеніі». 1 ліпеня 2022 году распачалі ўдзел у сумесным навіновым асяродку ў Брусэлі з удзелам агенцтвамі друку 16 краінаў Эўропы. 1 лістапада 2022 году перанялі лічбавае ангельскамоўнае выданьне «Славенскі час»[4].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дэян Верчыч (1991—1993)
- Душыца Юрман (1993—1994)
- Тадэй Лабернік (1994—2001)
- Ігар Вязоўнік (2001—2005)
- Лідзія Паўлоўчыч (2005—2007)
- Аленка Паўлін (2007—2009)
- Баян Весялінавіч (2009—2021)
- Ігар Кадунц (зь 2021 году)[4]
Галоўныя рэдактары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Душан Рогель (1991—1993)
- Тадэй Лабернік (1993—1998)
- Жэлька Загорац (1998—1999)
- Вера Цэльцэр (1999—2001)
- Тадэя Шэрган (2001—2005)
- Міхела Зупанчыч (2005, в.а.)
- Надзя Падобнік (2006—2007)
- Ева Горват (2006—2007, в.а.)
- Борут Мешка (2007—2009)
- Барбара Штрукель (2009—2021)
- Алёша Рэхар (зь 2021 году)[4]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Зьвесткі для сувязі (слав.) // «Славенскае прэс-агенцтва», 2023 г. Праверана 12 траўня 2023 г.
- ^ Кіраўніцтва (слав.) // «Славенскае прэс-агенцтва», 2023 г. Праверана 12 траўня 2023 г.
- ^ Паслугі (слав.) // «Славенскае прэс-агенцтва», 2023 г. Праверана 12 траўня 2023 г.
- ^ а б в г д е ё Пра агенцтва (слав.) // «Славенскае прэс-агенцтва», 2023 г. Праверана 12 траўня 2023 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |