Перайсьці да зьместу

Базыліка Сьвятога Пятра

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Сабор сьв. Пятра»)
Каталіцкая базыліка
Базыліка Сьвятога Пятра
Basilica di San Pietro
Краіна Ватыкан
Плошча Сьвятога Пятра Ватыкан[1]
Адрас плошча сьвятога Пятра[d]
Каардынаты 41°54′8″ пн. ш. 12°27′12″ у. д. / 41.90222° пн. ш. 12.45333° у. д. / 41.90222; 12.45333Каардынаты: 41°54′8″ пн. ш. 12°27′12″ у. д. / 41.90222° пн. ш. 12.45333° у. д. / 41.90222; 12.45333
Канфэсія Каталіцтва
Эпархія Рымская дыяцэзія[d] 
Тып будынка Катэдра
Архітэктурны стыль Барока
Аўтар праекту Данатэ Брамантэ, Антоніё Сангальлё Малодшы, Мікелянджэлё, Джакама да Ваньёля, Джакама дэльля Порта, Карлё Мадэрна, Джаваньні Лярэнца Бэрніні
Заснавальнік Юліюс II
Дата заснаваньня 18 красавіка 1506
Будаваньне 18 красавіка 1506—18 лістапада 1626
Статус частка аб’екту Сусьветнае спадчыны[d]
Сайт Афіцыйны сайт
Базыліка Сьвятога Пятра на мапе Ватыкану
Базыліка Сьвятога Пятра
Базыліка Сьвятога Пятра
Базыліка Сьвятога Пятра
Базыліка Сьвятога Пятра на Вікісховішчы

Базы́ліка Сьвято́га Пятра́ (італ. Basilica di San Pietro) — каталіцкая базыліка і найбуйнейшы будынак Ватыкану, які да апошняя часу лічыўся адным з найбольшых хрысьціянскіх храмаў у сьвеце. Гэты храм, таксама, — адна з чатырох патрыяршых базылікаў Рыму й цырыманіяльны цэнтар каталіцкай Царквы. Агульная вышыня храму складае 136 мэтраў. Паводле каталіцкай традыцыі, базыліка ёсьць месцам пахаваньня сьвятога Пятра, вярхоўнага сярод апосталаў Ісуса, а таксама першага біскупа Рыму. Магіла сьвятога Пятра, як лічыцца, знаходзіцца беспасярэдне пад высокім алтаром базылікі. З гэтае прычыны многія папы былі пахаваныя ў гэтым месцы з раньняга хрысьціянскага пэрыяду. Царква стаяла на гэтым месцы яшчэ з часоў рымскага імпэратара Канстантына Вялікага, то бок старая базыліка датуецца IV стагодзьдзем. Будаваньне цяперашняй базылікі пачалося 18 красавіка 1506 году й было завершанае 18 лістапада 1626 году[2].

Купал базылікі.

Калісьці на тым месцы, дзе цяпер стаіць базыліка сьвятога Пятра, разьмяшчаліся сады цырка Нэрону, дарэчы, ад яго застаўся абэліск з Геліёпалю, які да гэтага дня стаіць на плошчы ля будынку. Першая базыліка была пабудаваная ў 324 годзе, падчас панаваньня першага хрысьціянскага імпэратара Канстантына. Алтар храму быў разьмешчаны над магілай, у якой як лічыцца пахаваны сьвяты Пётра, які прыняў у 66 годзе пакутніцкую сьмерць у цырку Нэрона. У другой базыліцы ў 800 годзе папа Леў III каранаваў Карла Вялікага Імпэратарам Захаду. Як і ўсе першыя цэрквы ў Рыме, і гэтая царква, і збудаваная пазьней мелі ўваход на ўсход і апсыду ў заходнім канцы храму[3]. З моманту пабудовы цяперашняй базылікі дзеля адрозьненьня гэтых двух будынкаў папярэдні будынак атрымаў назву Старая базыліка Сьвятога Пятра[4]. У XV стагодзьдзі базыліка, якая існавала ўжо адзінаццаць стагодзьдзяў, пагражала абрынуцца, і пры Мікалаю V яе пачалі пашыраць і перабудоўваць. Прычынай заняпаду былое тое, што рэзыдэнцыяй папаў у тыя часы быў Авіньён. Мікалай V замовіў працу над старым будынкам у Леона Батысты Альбэрці й Бэрнарда Расэліна, а таксама меў распрацаваны Расэліна плян цалкам новай базылікі альбо глыбокай мадыфікацыі старога будынку. Аднак пантыфікат гэтага папы быў перарваны палітычнымі праблемамі, і па сьмерці яго мала што было дасягнута. Кардынальна вырашыў гэтае пытаньне папа Юліюс II, які загадаў пабудаваць на месцы старажытнай базылікі велізарнае новае збудаваньне, якое павінна было зацямніць сабой як паганскія храмы, гэтак і існыя хрысьціянскія цэрквы, спрыяючы тым самым ўмацаваньню папскай дзяржавы й распаўсюджваньню ўплыву каталіцтва.

Плошча сьвятога Пятра.

Амаль усе буйныя архітэктары Італіі па чарзе ўдзельнічалі ў праектаваньні й будаўніцтве базылікі сьвятога Пятра. У 1506 годзе быў зацьверджаны праект архітэктара Даната Брамантэ, у адпаведнасьці зь якім пачалі ўзводзіць цэнтрычныя збудаваньні ў форме грэцкага крыжа, з роўнымі бакамі. Па сьмерці Брамантэ будаўніцтва ўзначаліў Рафаэль, які вярнуўся да традыцыйнай формы лацінскага крыжа, з падоўжаным чацьвертым бокам, затым Бальдасарэ Пэруццы, які спыніўся на цэнтрычным будынку, і Антоніё ды Сангальлё, выбраўшы базылікальную форму. Нарэшце, у 1546 годзе кіраўніцтва будаваньня было даручана Мікелянджэлё. Ён вярнуўся да ідэі цэнтральнакупальнага будынку, але ягоны праект прадугледжваў стварэньне шматкалённых уваходных портыкаў з усходняга боку. Усе апорныя канструкцыі Мікелянджэлё зрабіў больш масіўнымі й вылучыў галоўную прастору. Ён узьвёў барабан цэнтральнага купалу, але сам купал дабудоўвалі ўжо пасьля ягонай сьмерці ў 1564 годзе. Джакама дэльля Порта надаў яму больш выцягнутыя абрысы. З чатырох малых купалаў, прадугледжаных праектам Мікелянджэлё, архітэктар Джакама да Віньёля узьвёў толькі дзьве. У найбольшай ступені архітэктурныя формы менавіта ў тым выглядзе, як яны былі задуманы Мікелянджэлё, захаваліся з алтарнага заходняга боку.

На пачатку XVII стагодзьдзя на замову Паўла V архітэктар Карлё Мадэрна надтачыў усходнюю бакавіну крыжа — прыбудаваў да цэнтравога будынка трохнэфавую базылікальную частку, вярнуўшыся такім чынам да формы лацінскага крыжа, і пабудаваў фасад. У выніку купал апынуўся схаваным за фасадам, страціў сваё дамінуючае значэньне й успрымаецца толькі здалёк, зь вія дэля Канчыльяцыёне. Патрабавалася плошча, якая зьмяшчала б вялікую колькасьць вернікаў, якія сьцякаліся б да сьвятыні, каб атрымаць папскае бласлаўленьне альбо, каб прыняць удзел у рэлігійных сьвятах. Гэтую задачу выканаў Джаваньні Лярэнца Бэрніні, які стварыў ў 1656—1667 гадох плошчу перад базылікай — адзін з самых выдатных твораў сусьветнай горадабудаўнічай практыкі.

Фасад Мадэрна

Вышыня фасаду, пабудаванага архітэктарам Мадэрна, складае 45 мэтраў, шырыня — 115 м. Атык фасаду ўвенчвае велічэзныя, вышынёй 5,65 мэтраў, статуі Хрыста, Яна Хрысьціцеля і адзінаццаці апосталаў (акрамя апостала Пятра). З портыку пяць парталаў вядуць у базыліку. Створкі дзьвярэй цэнтральнага парталу былі выкананы ў сярэдзіне XV стагодзьдзя і паходзяць са старой базылікі. Насупраць гэтага парталу, над уваходам у портык, знаходзіцца ўслаўленая мазаіка Джота канца XIII стагодзьдзя «Навічэльля». Рэльефы ўскрайняга левага парталу, вядомай як «Брамы сьмерці», былі створаны ўжо ў 1949—1964 гадох вядомым скульптарам Джакама Манцу.

  1. ^ а б в archINFORM (ням.) — 1994.
  2. ^ Baumgarten P. M. «Basilica of St. Peter» // Catholic Encyclopedia / Herbermann, Charles (ed.). — New York: Robert Appleton Company, 1913.
  3. ^ Dietz, Helen (2005). «The Eschatological Dimension of Church Architecture». Sacred Architecture Journal. — С. 10.
  4. ^ Boorsch, Suzanne (Winter 1982–1983). «The Building of the Vatican: The Papacy and Architecture». The Metropolitan Museum of Art Bulletin. 40 (3). — С. 4—8.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Афіцыйны сайт з выявамі і інфармацыяй пра Базыліку Сьвятога Пятра
  • Сайт, прысьвечаны базыліцы