Перайсьці да зьместу

Рэмка Эвэнэпуль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рэмка Эвэнэпуль
Агульная інфармацыя
Дата нараджэньня 25 студзеня 2000(2000-01-25)[1] (26 гадоў)
Месца нараджэньня
Краіна
Рост 171 см
Вага 62 кг
Спартовая інфармацыя
Клюб Судаль Кўік-Стэп
Спэцыялізацыя усе тыпы
Прафэсійныя клюбы
2019— Судаль Кўік-Стэп

Рэ́мка Э́вэнэпуль (па-нідэрляндзку: Remco Evenepoel; нарадзіўся 25 студзеня 2000 году, Аальст, Бэльгія) — бэльгійскі шасэйны раварыст, які выступае за каманду «Судаль Кўік-Стэп». Двойчы стаў Алімпійскім чэмпіёнам 2024 году ў Парыжы. Пераможца Вуэльты Гішпаніі (2022).

Пачынаў сваю спартовую кар’еру ў футболе, займаючыся ў акадэміях клюбаў «Андэрлехт» і ПСВ. У веку 14 гадоў вярнуўся ў «Андэрлехт».

Спартовец сьвяткуе перамогу на Клясыцы Сан-Сэбастыяну ў 2019 годзе.

У 2017 годзе Эвэнэпуль пераключыўся з футболу на роварны спорт, у якім калісьці спаборнічаў ягоны бацька Патрык. Спартовец браў удзел у юнацкіх чэмпіянатах Эўропы і сьвету. У ліпені 2018 году стала вядома, што бэльгіец далучыцца да каманды Дэкёнінк Кўік-Стэп[3].

У сваім першым сэзоне Эвэнэпуль мусіў быў браць удзел у гонках на больш кароткіх этапах і прапусьціць брукаваныя аднадзённыя клясычныя гонкі[4][5]. У сваім дэбюце на Вуэльце Сан-Хуану, роварнік здабыў перамогу ў моладзевай клясыфікацыі і стаў 9-м у агульным заліку, а таксама ўпершыню ўзьняўся на подыюм у гонцы на час трэцяга этапу пасьля таварыша па камандзе Жуліяна Аляфіліпа і Валерыё Конці[6]. Першая прафэсійная перамога Эвэнэпуля прыпала на Тур Бэльгіі, дзе ён ачоліў генэральную клясыфікацыю, а таксама здабыў перамогу ў адным з этапаў і стаў першым у клясыфікацыі паводле пунктаў[7]. 3 жніўня 2019 году бэльгіец атрымаў сваю першую перамогу ў Сусьветным туры, перамогшы ў Клясыцы Сан-Сэбастыяну. 8 жніўня 2019 году Эвэнэпуль выйграў гонку на час на чэмпіянаце Эўропы на шашы 2019 году[8]. Спартовец пачаў сэзон 2020 году на Вуэльце Сан-Хуану, дзе перамог у індывідуальнай гонцы на час на трэцім этапе і генэральную клясыфікацыю агулам[9]. Маладзён здабыў яшчэ некалькі этапаў на розных роварных гонках. А пасьля перапынку, выкліканага пандэміяй каранавірусу, стаў пераможцам Туру Польшчы. На Джыра дзі Лямбардыі 2020 году раварыст трапіў у сур’ёзную аварыю, паваліўшыся падчас спуску і пасьля рэзкага закрутку[10][11]. Спартоўца хутка вывезьлі зь месца здарэньня супрацоўнікі МНС, а празь некалькі гадзінаў ягоная каманда паведаміла, што Эвэнэпуль атрымаў пералом тазу і пашкодзіў правае лёгкае, у выніку чаго прапусьціў наступныя плянаваныя спаборніцтвы[12].

Эвэнэпуль у чырвонай кашулі лідэра на Вуэльце Гішпаніі 2022 году.

Эвэнэпуль вярнуўся да Джыра д’Італіі 2021 году, але пасьля 17-га этапу быў вымушаны зьняцца праз новую траўму. Бэльгіец браў удзел у перанесеных летніх Алімпійскіх гульнях 2020 году ў Токіё як у шашэйнай гонцы, гэтак і ў гонцы на час, заняўшы месца ў дзясятцы найлепшых у апошняй з памянёных гонак. На чэмпіянаце сьвету 2021 году ў Фляндрыі ён здабыў свой другі мэдаль чэмпіянату сьвету, узяўшы бронзу ў гонцы на час. 24 красавіка, у веку 22 гадоў, Эвэнэпуль выйграў свую першую клясычную роварную гонку Льеж — Бастонь — Льеж пасьля таго як асобна ад групы рушыў у атаку на апошнія 14 км, умацаваўшы перавагу на фінішы на 48 сэкундаў. У пачатку верасьня роварнік здабыў перамогу на Вуэльце Гішпаніі 2022 году, што стала ягоным першым трыюмфам у Гранд-турах[13]. Бэльгіец узьняўся на першы радок на шостым этапе, захаваўшы яго да апошняга этапу.

23 красавіка 2023 году Эвэнэпуль здабыў перамогу ў гонцы Льеж — Бастонь — Льеж другі год запар. У траўні раварыст выступаў на Джыра д’Італіі як адзін з галоўных фаварытаў турніру[14]. У першай гонцы на час ён здабыў перамогу ў першым этапе і атрымаў ружовую кашулю лідэра шматдзённай гонцы, усталяваўшы значную перавагу ў часе над супернікамі ў агульнай класыфікацыі[15]. Пасьля страты лідэрства цягам першага тыдня, ён вярнуў сабе ружовую кашулю, але пасьля станоўчага выніку тэставаньня на каранавірус, быў вымушаны зьняцца з гонкі[16]. Пасьля акрыяньня спартовец браў удзел у Туры Швайцарыі, але там быў трэцім у агульным заліку.

Роварнік на Туры Краіны Баскаў у 2024 годзе.

Эвэнэпуль пачаў сэзон 2024 году зь перамогі на клясычнай гонцы Фігейры, якая ладзілася 11 лютага[17]. З 14 па 18 лютага браў удзел у Волце Алгарвэ, здабыўшы перамогу ў гэтай шматдзённай гонцы[18]. У гонцы Парыж — Ніцца, якая ладзілася з 3 па 10 сакавіка, роварнік выйграў залік паводле пунктаў і горны залік, заняўшы другое месца ў агулам. У красавіку бэльгіец зьняўся з Туру Краіны Баскаў. Спартовец атрымаў пералом раменьніцы і лапаткі, што патрабавала апэрацыі, якая была пасьпяхова зробленая 6 красавіка[19]. Улетку Эвэнэпуль дэбютаваў у гонках Тур дэ Франс. Першапачаткова ён зважаўсяадным з трох фаварытаў на перамогу ў агульнай класыфікацыі, але фінішаваў у агульным заліку на трэцім радку, прапусьціўшы наперад Ёнаса Вінгегора і Тадэя Пагачара. Бэльгіец выйграў толькі адзін этап гонкі, але ў выніку атрымаў белую кашулю найлепшага маладога гоначніка[20]. 27 ліпеня, усяго праз 6 дзён па сканчэньні Тура Францыі, Эвэнэпуль заваяваў золата ў гонцы на час на Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы, апярэдзіўшы Філіпа Ганна на 15 сэкундаў[21]. Праз тыдзень, 3 жніўня, ён таксама здабыў алімпійскае золата ў шашэйных гонках, не зважаючы на сапсаваную покрыўку. Бэльгіец стаў першым чалавекам, які здабыў залатыя мэдалі ў абодвух шашэйных роварных гонках на адной Алімпіядзе.

  1. Remco Evenepoel // Transfermarkt (мн.) — 2000.
  2. ProCyclingStats (анг.) — 2013.
  3. «Evenepoel vanaf 2019 al prof bij Quick-Step: „Sky kwam nog met gek bod“». Sporza.
  4. «Evenepoel reveals schedule for debut with Deceuninck-QuickStep». CyclingNews.
  5. «Evenepoel will not ride cobbled Classics in 2019». CyclingNews.
  6. «Vuelta a San Juan Stage 3 Results». Edosof.
  7. «Baloise Belgium Tour: Evenepoel takes overall victory». CyclingNews.
  8. «UEC Road European Championships 2019: Men’s time trial Results». CyclingNews.
  9. «Remco Evenepoel wins Vuelta a San Juan». CyclingNews.
  10. «Remco Evenepoel suffers bridge fall after crash during Il Lombardia». BBC Sport.
  11. «Remco Evenepoel crash: Cycling prodigy in hospital after falling 30 feet off bridge during Il Lombardia». Independent.
  12. «Remco Evenepoel Update». Deceuninck-Quickstep.com.
  13. «Vuelta a España: Belgium’s Remco Evenepoel seals maiden Grand Tour win». BBC Sport.
  14. «Giro d’Italia 2023 route revealed: three time trials, cruel climbs, and an eye-watering finale». VeloNews.
  15. «Remco Evenepoel obliterates rivals to win Giro d’Italia opening time trial». NBC Sports.
  16. «Leader Remco Evenepoel pulls out of Giro d’Italia with Covid-19». The Guardian.
  17. «Evenepoel claims solo victory at Figueira Champions Classic». CyclingNews.
  18. «Evenepoel wins Volta ao Algarve with time trial victory». CyclingNews.
  19. «Remco Evenepoel undergoes successful surgery». Soudal Quick-Step Team.
  20. «Pogačar wins stage 21 and the Tour de France». The Guardian.
  21. «Remco Evenepoel Blasts To Olympic Time Trial Gold». FloBikes.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]