Перайсьці да зьместу

Тур дэ Франс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
На этапе Тур дэ Франс у 2006 годзе.

«Тур дэ Франс» (па-француску: Le Tour de France) — самая вядомая й найпрэстыжнейшая роварная гонка сьвету, якая праводзіцца з 1903 году ў Францыі[1]. Неафіцыйная назва — «Вялікая пятля». Гэта найстарэйшы і самы прэстыжны з трох Гранд-тураў, у якія ўваходзяць Джыра д’Італія і Вуэльта Гішпаніі.

Гонка Тур дэ Франс першапачаткова была заснаваная як рэклямны праект газэты L'Auto (папярэднік цяперашняга L'Équipe), ягоным рэдактарам і сузаснавальнікам, Анры Дэгранжам і быў закліканы канкураваць з роварнай гонкай Парыж—Брэст—Парыж і гонкай Бардо—Парыж.

Гонка 1936 году.

Ідэя стварэньня Тур дэ Франс належыць журналісту L'Auto Жэо Ляфэўру, зь якім Анры Дэгранж прымаў сьняданак у парыскай кавярні Кафэ дэ Мадрыд 20 лістапада 1902 году. Посьпех гонкі стаў посьпехам і для газэты L'Auto, колькасьць падпісантаў якой вырасла ў 1903 годзе з 25 тысячаў (перад турам) да 65 тысячаў пасьля туру; у 1908 годзе колькасьць падпісантаў газэты ўзрасла да 250 тысячаў, а падчас Тур дэ Франс 1923 году прадавалася 500 тысячаў асобнікаў газэты на дзень. Рэкордны наклад газэты быў дасягнуты на працягу Тур дэ Франс 1933 году — 854 тысячы асобнікаў на дзень. Сёньня тур арганізоўвае «Таварыства Тур-дэ-Франс» — філіял Amaury Sport Organisation, які зьяўляецца часткай мэдыя-холдынгу, у які ўваходзіць газэта L'Équipe.

Тур, які праводзіцца ў Францыі й у блізкім замежжы, праходзіць штогод на працягу трох тыдняў у ліпені. Толькі ў час Першай (1915—1918) і Другой сусьветнай вайны (1940—1946) правядзеньне туру было адмененае. Па вяртаньні гонкі ейны фармат усталяваўся на 20—25 этапах. Большасьць этапаў доўжылася адзін дзень, але у раскладзе гэтак званыя «падзеленыя» этапы былі яшчэ і ў 1980-х гадах. У 1953 годзе была ўлучаная Зялёная кашуля, якая адзявалася спартоўцаў за спрынтарскія пункты. Нацыянальныя каманды бралі ўдзел у Туры да 1961 году. Каманды былі рознага памеру, бо некаторыя краіны маглі выставіць больш за адную каманду, а некаторыя каманды ўлучалі спартоўцаў з розных краінаў, якім не хапала роварнікоў, каб стварыць уласную дружыну.

Прынцыпы гонкі

[рэдагаваць | рэдагаваць]
Прызавыя кашулі гонкі.

Тур дэ Франс складаецца з 21 этапу: кожны этап доўжыцца адзін дзень. Кожны гоначнік павінен скончыць этап, каб ягоны час быў зарэгістраваны й назапашаны. Поўная працягласьць гонкі — паміж 3000 і 4000 км (трасы й працягласьць этапаў кожны год зьмяняюцца). Генэральная клясыфікацыя — ранжаваньне гоначнікаў паводле назапашанага часу. Пераможцам туру становіцца той раварыст, агульны час якога зьяўляецца найменшым сярод усіх удзельнікаў. Магчыма стаць пераможцам усяго туру, пры гэтым не атрымаўшы ніводнай перамогі на асобным этапе, як зрабілі гэта Грэг Лёмонд і Альбэрта Кантадор ў 1990 і 2009 годзе адпаведна.

Акрамя заліку па часе існуюць і іншыя намінацыі:

  • найлепшы спрынтэр;
  • найлепшы горны раварыст;
  • найлепшы малады раварыст.
  1. ^ Gunter, Joel (16.07.2012). «The Tour de France: a guide to the basics». The Telegraph.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць]