Рыгор Лынькоў
Рыгор Лынькоў | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Р. Суніца |
Нарадзіўся | 1909 |
Памёр | 1941 |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | перакладнік, паэт |
Мова | беларуская мова |
Рыгор Ціханавіч Лынькоў (1909, каля в. Старое Сяло, Рагачоўскі павет, Магілёўская губэрня — 1941) — беларускі паэт, перакладчык. Брат беларускага паэта Міхася Лынькова.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў 1909 годзе на чыгуначнай будцы каля в. Старое Сяло Рагачоўскага павету Магілёўскай губэрні (цяпер — Рагачоўскі раён Гомельскай вобласьці) ў сям’і чыгуначніка.
У 1920 годзе памёр бацька. Старэйшы брат Міхась у той час служыў у войску, і Рыгор дапамагаў маці, глядзеў за малодшымі братам і сястрой. Пасьля дэмабілізацыі брата, з 1922 да 1925 года паехаў жыць да яго у вёску Сьвержань Рагачоўскага павету. Вучыўся ў сямігодцы, пасьля — ў сярэдняй школе ў Бабруйску.
Служыў у Чырвонай Арміі. Дэмабілізаваўшыся, працаваў з 1929 году ў рэдакцыі газэты «Камуніст» у Бабруйску, у 1936—1941 гадох — адказны сакратар газэты «Літаратура і мастацтва».
Удзельнік нямецка-савецкай вайны. Прапаў бяз вестак у 1941 годзе на фронце.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Свае першыя вершы апублікаваў у 1926 году ў альманаху «Уздым» (бабруйскім філіяле літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк»). У 1928—1931 гадох публікаваў свае творы ў штомесячных выданьнях «Вясна» і «Ударнік» (літаратурных прыкладаньнях да газэты «Камуніст»). У сваіх творах Р. Лынькоў пісаў пра подзьвігі герояў Грамадзянскай вайны, патрыятычныя імкненьні моладзі. У другой палове 1920-х — пачатку 1930-х гадоў друкаваўся пераважна пад псэўданімам Р. Суніца.
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы расейскіх паэтаў: вершы і паэму «Добра!» (У. Маякоўскага, 1940, разам зь В. Віткам)[1]., «Блакітныя жураўлі» (В. Сухамлінскага, 1940, разам з В. Віткам), аповесьць «Пакет» (Л. Панцялеева, 1938), п’есу «Казка» (М. Сьвятлова), творы А. Блока і іншыя. Акрамя таго, пераклаў шэраг твораў украінскіх, грузінскіх, казаскіх, польскіх, нямецкіх, гішпанскіх паэтаў.
Беларускі літаратуразнаўца Янка Казека адзначаў: «Рыгор Лынькоў імкнуўся ўзбагаціць беларускую паэзію новымі формамі, не цураўся эксперыментаў у галіне паэтычнай страфікі»[2].
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Быў у шлюбе з габрэйкай Гэняй Рыгораўнай Лерман, якая была малодшай з сямі дочак у сям’і Рыгора і Рахілі Беркаўны Лерманаў. Адна са старэйшых сясцёр Вольга выйшла замуж за пісьменьніка Васіля Вітку. Восеньню 1941 году нацысты расстралялі Гэню, 22-гадовую настаўніцу, разам з зусім маленькай дачушкай Аленкай каля Старых Дарог. Разам з імі загінулі братава жонка Ханна Абрамаўна і іхні сын Марык[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Лыньков Григорий Тихонович // Биографический справочник. — Менск, «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 384. — 737 с.
- ^ Казека Я. Падарожжа ў маладосць: Артыкулы. Літ. партрэты. Успаміны. — Менск: Мастацкая літаратура, 1984. — С. 75
- ^ Аповяд Таццяны Буднік