Піліп Абуховіч
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Абуховіч.
Ясеньчык | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1600 |
Памёр | 6 верасьня 1656 |
Пахаваны | |
Род | Абуховічы |
Бацькі | Хведар Абуховіч |
Дзеці | Міхал Леан Абуховіч[d], Тэадор Еранім Абуховіч[d] і Тэадора з Абуховічаў[d] |
Дзейнасьць | паэт |
Піліп Казімер Абуховіч (каля 1600 — 6 верасьня 1656) — вялікалітоўскі дзяржаўны і вайсковы дзяяч, пісьменьнік-мэмуарыст. Войскі мазырскі (1625—1649), пісар вялікі літоўскі (1649—1653), ваявода віцебскі (1653), ваявода смаленскі (з 1653); староста госкі, цырынскі і бельскі; пасол амаль на ўсе соймы паміж 1632—1653 (маршалак элекцыйнага сойму 1648), дэпутат Трыбуналу ВКЛ у 1632 р.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў з мазырскай шляхты, роду Абуховічаў, які асеў у Новагародзкім ваяводзтве. Сын Фёдара, судзьдзі земскага мазырскага. Валодаў маёнткам Ліпа ў Новагародзкім ваяводзтве. Вучыўся ў Замойскай акадэміі, дзе авалодаў мастацтвам красамоўства. Служыў пры двары канцлера літоўскага Льва Сапегі. Вайсковую службу пачаў як каралеўскі ротмістар пад камандаваньнем Сапегі, з 1640-х палкоўнік вялікалітоўскага войска. Падтрымліваў палітыку Яна Казімера Вазы. У 1651 вялікім паслом езьдзіў у Маскву, каб заключыць саюз з царом Аляксеем Міхайлавічам супраць татараў. У 1653 удзельнічаў у Жванецкай апэрацыі супраць украінскіх казакоў, з-пад Камянца быў пасланы пад Сучаву на дапамогу малдаўскаму гаспадару Васілю Лупу, які ваяваў з казакамі Ц. Хмяльніцкага. Напярэдадні вайны Расеі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) прызначаны (25.8.1653) ваяводам смаленскім.
За кароткі тэрмін ваяводзтва ўмацаваў муры і валы Смаленска, назапасіў харч і ваенныя прыпасы. Гэтага аказалася недастаткова, каб доўгі час абараняць горад, 28 верасьня 1654 году П. Абуховіч здаў Смаленск на ганаровых умовах і быў адпушчаны. Пасьля капітуляцыі П. Абуховіч абвінавачваўся грамадзкай думкай у здрадзе і змове зь непрыяцелем (у т. л. Ц. Камунякам у сатырычным «Лісьце да Абуховіча», 1655). Віну за няўдалую абарону места П. Абуховіч ускладаў на здраднікаў са шляхты і наймітаў-немцаў, якім не плацілі заробку (яны паказалі праціўніку слабыя месцы абароны і пазьней прысягнулі цару).
З-за абвінавачваньняў П. Абуховіч ня быў дапушчаны да працы сойму (1655), але яму даручылі камандаваць атрадамі вялікалітоўскага войска пры вызваленьні ад швэдаў Варшавы ў 1656 року. Затым, узначаліўшы полк з дывізіі Паўла Яна Сапегі, прыйшоў пад Берасьце, але там захварэў і памёр. Пахаваны ў Новагародзкім касьцёле езуітаў. Дзякуючы намаганьням сыноў на сойме 1658 року П. Абуховіч быў прызнаны невінаватым у страце Смаленска.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]П. Абуховіч ведаў некалькі старажытных моваў, лічыўся адным з найлепшых аратараў у Рэчы Паспалітай. Пакінуў мэмуарны «Дыярыюш» за 1630—1654 гады (да здачы Смаленску), дзе апісаў падзеі грамадзка-палітычнага жыцьця ў 1630—1654 роках (выдадзены Міхалам Балінскім, 1859; Г. Люлевічам і А. Рахубам, 2003). «Дыярыюш» даволі сьціслы, але пададзеныя ў ім факты важныя і цікавыя, адзначыў як важныя гістарычныя падзеі, так і здарэньні з паўсядзённага жыцьця (напрыклад, мэтэаралягічныя зьвесткі). Асобна апісаў абарону Смаленску, гэтае апісаньне мусіла давесьці ягоную невінаватасьць. Таксама асобна апісаў элекцыю караля ў 1632 р. Аўтар вершаў на лацінскай мове.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Dyjaryjusz Kazimierza Filipa Obuchowicza, wojewody smoleńskiego i marszałka Koła Rycerskiego // Pamiętniki historyczne do wyjaśnienia spraw publicznych w Polsce w XVII wieku posługujące. — Wilno: 1859.
- Pamiętniki Filipa, Michała i Teodora Obuchowiczów (1630—1707). — Warszawa: 2003.
- Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego: 1385—1795. — Kraków: 1885. — С. 53, 275.
- Пазднякоў, В. Абуховіч Піліп Казімір // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4 — С. 198—199.
- Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. — ISBN 5-343-01637-5