Перайсьці да зьместу

Пётра Баркоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Баркоўскі.

Пётра Баркоўскі (Piotr Borkowski) з прыдомкам Дунін, гербу «Лебедзь», з Баркавіц (Borkowic) (1570? — 1619) — харунжы сандамірскі, вой часоў Жыгімонта Вазы, сын Андрэя, пісара земскага любельскага ад другой жонкі Ганны Асоўскай (Ossowskiej).

Адзначаўся высокім ростам і веданьнем шматлікіх моваў. Студыяваў за мяжой ў Страсбургу ў прафэсара Шыкфуса, вынікам чаго былі тры этычныя дыспуты агалошаныя ў 1596 і 1597 г. у Антонія Бертрама. Калі вярнуўся на радзіму, прысьвяціў сябе вайсковай службе і браў удзел у вайне швэдзкай ды маскоўскай. Вызначыўся пад Белым Каменем (1602), камандаваў ротай у жніўні 1605 г. у пераможнай бітве са швэдамі пад вёскай Кірхгольм (сучасны горад Саласьпілс у Латвіі) у палку Яна Пятра Сапегі, старосты ўсьвяцкага, выдатнага воя беларускай зямлі, які камандаваў правым скрыдлам. У 1607 г. Ян Пётра Сапега са згоды канцлера ВКЛ Льва Сапегі прапанаваў Ілжэзьміцеру ІІ (настаўніку з Магілёўшчыны) сваю дапамогу ў авалоданьні маскоўскім тронам і ў ліпені 1608 г. з войскам ў 1720 жаўнераў перайшоў маскоўскую мяжу. У 1608 г. Пётра Баркоўскі знаходзіцца ў Маскве, дзе быў дэпутатам ад паслоў каралеўскіх да войск Рэчы Паспалітай другога Самазванца з заклікам, каб спынілі бойкі і не парушалі заключанага з Шуйскім міру. Пэўна потым вярнуўся да краю, але пад час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй (1609—1618) за вяртаньне ВКЛ Смаленскай зямлі і за ўтварэньне фэдэрацыі Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай ізноў ваюе пад Смаленскам, дзе быў паранены, і пад Клушынам (каля Гжацка), дзе ён, як знаўца моваў, разам з Адамам Жулкеўскім перамаўляе з чужаземскім войскам Шуйскага. Дарэчы, пад Клушыным загінуў ягоны брат Андрэй. Пад Масквой і ў самой сталіцы Баркоўскі камандаваў аддзеламі чужаземскімі, якія перайшлі на службу Рэчы Паспалітай, і зь імі браў удзел у бойках пры абароне Масквы ад І-га апалчэньня П. Ляпунова, і з самага пачатку ўратаваў гарнізон Крамля, які складаўся з вояў Рэчы Паспалітай (у асноўным гэта былі воі ВКЛ), падняўшы па трывозе сваіх немцаў перад нападам апалчэнцаў. Мэмуарыст з ВКЛ С. Маскевіч закідвае Баркоўскаму баязьлівасьць, але іншыя крыніцы аб гэтым не згадваюць. Між іншым Пётра Баркоўскі выконваў функцыю пасольскую і практыкаваў з войскамі Сапегі ў справе супольнай абароны Масквы; калі падышоў гетман вялікі ВКЛ Ян Караль Хадкевіч, які прывёз боепрыпасы і харчаваньне гарнізону ў Крамлі, Пётра Баркоўскі разам з Казаноўскім і Мархоцкім падаўся на сойм 1611 году да краю ў справе жолду для войска ў Маскве. Пётра Баркоўскі быў паслом на сойме 1615 году і прымаў пасла маскоўскага Жэлябужскага. У 1618 г. Баркоўскі паславаў ізноў на сойм і быў дэпутатам на трыбунал радамскі. Памёр у траўні 1619 г. ад ліхаманкі пад час трыбуналу люблінскага, як харунжы сандамірскі. Меў жонку Зоф’ю, зь Сенна, Сяніцкую і сына Пятра, харунжага бельскага і кашталяна любачоўскага.