Птушкі
Птахі | |
птушка Petroica boodang з атраду вераб’інападобных | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Надцарства | Эўкарыёты |
Царства | Жывёлы |
Тып | Хордавыя |
Надкляса | Чатырохногія |
Кляса | Птушкі |
Бінамінальная намэнклятура | |
Aves | |
Пта́хі ці пту́шкі — крылатыя двуногія цеплакроўныя яйцародныя хрыбетныя жывёлы. Птушкі характарызуюцца наяўнасьцю пер’я, бяззубымі дзюбамі, адкладаньнем яек з жорсткай абалонкай, высокай хуткасьцю абмену рэчываў, чатырохкамерным сэрцам і моцным, але лёгкім шкілетам. Існуе каля 10 000 відаў, што робіць іх найбольш шматлікімі сярод чатырохногіх хрыбетнікаў. больш за палову зь іх складаюць жывёлы атраду вераб’інападобныя. Птушкі маюць крылы, разьвіцьцё якіх адрознае адзін ад аднаго ў залежнасьці ад віду. Адзіныя вядомыя віды птушак, якія ня мелі крылаў, былі вымерлыя на сёньня моа і эпіёрнісовыя. Крылы, якія эвалюцыянавалі зь пярэдніх канцавінаў, надалі птушкам магчымасьць лётаць, аднак далейшая эвалюцыя прывяла да страты такой здольнасьці ў некаторых птушак, як то ў страўсападобных, пінгвінападобных і розных эндэмічных відаў астравоў. Стрававальная і дыхальная сыстэмы птушак таксама ўнікальна прыстасаваныя да палёту. Некаторыя віды птушак жывуць у водных асяродзьдзях, а некаторыя водныя птушкі праз эвалюцыю прыстасаваліся да плаваньня.
Птахі прысутнічаюць у экасыстэмах па ўсёй плянэце, ад Арктыкі да Антарктыкі. Цяперашнія віды маюць памеры ад 5 см (Mellisuga helenae) да 2,75 мэтраў (страўс). Скамянеласьці сьведчаць пра тое, што птушкі эвалюцыянавалі ад тэраподаў у юрскі пэрыяд, каля 150—200 млн гадоў таму, а найбольш старая зь вядомых навуцы птушак — архэаптэрыкс з позьняй юры, прыкладна 150—145 млн гадоў таму. Большасьць палеантолягаў адносяць птушак да адзінай кляды дыназаўраў, што выжылі пасьля крэйда-палеагенавага выміраньня, якое адбылася прыкладна 65,5 млн гадоў таму. Акрамя таго, самымі блізкімі жывымі сваякамі птушак зьяўляюцца кракадзілы.
Некаторыя птушкі, асабліва крумкачовыя і папугаі, адносяцца да ліку самых разумных жывёлаў. Некалькі відаў птушак вырабляюць і выкарыстоўваюць прылады працы, пры гэтым пэўныя птушкі выкарыстоўваюць інструмэнты, якія канкуруюць з найлепшымі экзэмплярамі праладаў працы прыматаў[1][2][3]. Шмат сацыяльных відаў птушак перадаюць веды наступным пакаленьням, што лічыцца адной з формаў культуры. Птушкі зьяўляюцца сацыяльнымі жывёламі, якія размаўляюць праз візуальныя сыгналы, заклікі і песьні. Акрамя таго, у птушак назіраюцца такія сацыяльныя паводзіны, як то сумеснае выхаваньне і паляваньне, зьбіраньне ў зграі і мобінг у адносінах да драпежнікаў. Пераважная большасьць відаў птушак зьяўляюцца манагамнымі, звычайна на працягу аднаго пэрыяду размнажэньня, часам на гады, але зрэдку на працягу ўсяго жыцьця. Птушкі адкладваюць яйкі, якія апладняюцца плоцевым шляхам. Звычайна іх закладваюць у гняздо і выседжваюць бацькі. У большасьці птушак назіраецца падоўжаны пэрыяд бацькоўскае апекі пасьля выседжваньня.
Птушкі гуляюць важную ролю ў прыродзе і ў жыцьці чалавека. Многія віды маюць важнае эканамічнае значэньне. Птушкагадоўля зьяўляецца адной з асноўных галінаў сельскай гаспадаркі, якая вырабляе для чалавека мяса, яйкі і тлушч, а таксама пёры. Многія віды птушак ўтрымліваюцца чалавекам у якасьці хатніх жывёлаў.
Падклясы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Атрады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вераб’інападобныя (сямействы мухалоўкавыя, саракушавыя, цукровыя птушкі, шыракадзюбыя ды інш.)
- Жураўлепадобныя (сямействы пастушковыя ды інш.)
- Зязюлепадобныя (сямействы зязюлевыя ды інш.)
- Курападобныя (сямействы цецеруковыя ды інш.)
- Пінгвінападобныя (сямействы пінгвіны ды інш.)
- Сеўцападобныя (сямействы бакасавыя ды інш.)
- Сокалападобныя (лац. Falconiformes, сямействы амэрыканскія грыфы, сакаліныя, ястрабіныя ды інш.)
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьпіс птушак Беларусі ўключае 320 відаў, зь якіх 58 відаў (18%) у студзені 2011 году засталіся зімаваць[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Alex H. Taylor; Gavin R. Hunt; Jennifer C. Holzhaider & Russell D. Gray (2007). «Spontaneous metatool use by New Caledonian crows». Current Biology. 17 (In Press). — С. 1504—1507. DOI:10.1016/j.cub.2007.07.057. PMID 17702575.
- ^ «Crows match great apes in skilful tool use». The Guardian.
- ^ «Cleverest crows opt for two tools». BBC News.
- ^ Сяргей Куркач. Каля 40 тысяч птушак маразоў не баяцца // Зьвязда : газэта. — 12 сакавіка 2011. — № 46 (26910). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Czarnecki Z., Dobrowolski K.A., Jablonski B., Nowak E., Siwek W.. Птушкі Еўропы: палявы вызначальнік / агульная рэдакцыя, дапаўненні і прадмова: М. Нікіфараў; пераклад з польскай мовы: Д.Вінчэўскі і інш.. — Warszawa: PWN, 2000. — XXIX,349,96 с. — ISBN 83-01-13187-Х
- В. Юсис, С. Каралюс, Л. Раудоникис, А. Винчевский, Д. Винчевский, С. Левый, Н. Карлионова, И. Самусенко. Определитель птиц: часть текста параллельно на русском, латинском, литовском, белорусском языках. Указатели белорусских, русских, латинских названий птиц. / Ахова птушак Бацькаўшчыны. — Менск: Рифтур Принт, 2017. — 288 с. — 1000 ас. — ISBN 978-985-7157-98-3
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Арніталёгія. Партал. (анг.)
- Птушкі. Encyclopedia of Life. (анг.)
- Птушкі і навука. National Audubon Society. (анг.)
- Біягеаграфія птушак. Eastern Kentucky University. (анг.)
Гэта — накід артыкула па заалёгіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |