Прасамадыйская мова
Прасамады́йская прамова — рэканструяваная мова-продак самадыйскіх моваў, у склад якіх уваходзяць ненецкія (тундравая ды лясная), энецкая, нганасанская, селькупская, а таксама вымерлыя камасінская ды маторская мовы. Самадыйскія мовы зьяўляюцца моўнай галіной у складзе ўральскае моўнае сям'і, прасамадыйская мова ў сваю чаргу — мовай-нашчадкам праўральскае мовы.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вылучылася ў выніку распаду праўральскае мовы, што адбылося паводле розных падлікаў у пэрыяд між VI—III тыс. да н.э.[1][2][3] Прарадзіма самадыйцаў, хутчэй за ўсё, ахоплівала міжрэчча сярэдняй Абі й Енісею (цэнтар заходняе Сыбіры) і, верагодна, распасьціралася ў суседнія рэгіёны, не закранаючы прыпалярныя рэгіёны. Асаблівую важнасьць у выяўленьні прарадзімы самадыйцаў адыгралі рэканструяваныя назвы хваёвых пародаў дрэваў — зыходзячы з архаічнага, спрадвечнага характару назваў гэтых дрэваў мяркуецца, што самадыйцы пражывалі ў рэгіёне з нвяўнасьцю дадзеных дрэваў[4].
Іншай прыкметнай асаблівасьцю зьяўлялася блізкае разьмяшчэньне носьбітаў прасамадыйскае мовы з носьбітамі правугорскае мовы, а таксама цесныя ўзаемныя кантакты зь няроднаснымі няўральскімі мовамі (мангольскімі, енісейскімі, індаэўрапейскімі, тунгуса-маньчжурскімі)[4].
Распалася шляхам адасабленьня прапаўночнасамадыйскае мовы. Гэтаму паслужыла ўзаемнае адасабленьне самадыйцаў або ўварваньне іншых этнічных групаў[4].
Лінгвістычная характарыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фанэтыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Галосныя:
Для прасамадыйскай мовы рэканструюецца даволі складаная сыстэма галосных гукаў:
Пярэдняга шэрагу |
Задняга шэрагу | |||
---|---|---|---|---|
Неагубленыя | Агубленыя | Неагубленыя | Агубленыя | |
Верхняга ўздыму |
i [i] | ü [y] | ï [ɯ] | u [u] |
Сярэдняга ўздыму |
e [e] | ö [ø] | ë [ɤ] | o [o] |
Ніжняга ўздыму |
ä [æ] | a [ɑ] | å [ɒ] | |
Рэдукаваныя | ø̈ [ə̟] | ø [ə̠] |
Дзьве якасьці галосных на цяперашні момант захаваныя толькі ў нганасанскай мове, што заключаецца ў наяўнасьці адрозьненьня рэдукаваных галосных пярэдняга шэрагу й задняга шэрагу і супрацьпастаўленьні *i ды *e. У астатніх самадыйскіх мовах пасьля зьліцьця *e → *i ды *ø̈ → *ø адбылося павышэньне галоснага *ä у *e[5].
Нягледзячы на вялікую колькасьць галосных гукаў, у прасамадыйскай мове адсутнічалі падоўжаныя галосныя і дыфтонгі. Адной з асаблівасьцяў рэканструяванае сыстэмы галосных зьяўляецца ўзьнікненьне пасьлядоўнасьці галосных, якая заключалася ў папярэдняй пазыцыі любога поўнага галоснага перад рэдукаваным (то бок, скарочаным) галосным /ə/ (напрыклад, *tuə (па-беларуску: «пяро»), *kåəså (па-беларуску: «чалавек»)). Гэтая сыстэма пасьлядоўнасьці не ўтварала дыфтонг зь дзьвюх вышэйадзначаных галосных з прычыны таго, што яны знаходзіліся ў розных складах слова. Сьляды гэтае зьявы захаваліся толькі ў частцы самадыйскіх моваў, перадусім у нганасанскай ды энецкай.
Як і шматлікія ўральскія мовы, прасамадыйская характарызавалася наяўнасьцю гармоніі галосных, якая ў прасамадыйскай мове выражалася падпарадкаваньнем знаходжаньня галосных пярэдняга або задняга шэрагу ў залежнасьці ад іх месца датычна суфіксаў. Між тым, дысгарманічныя словы, якія могуць аднаўляцца ў мове, сьведчаць на карысьць таго, што гармонія галосных у прасамадыйскай мове не зьяўлялася абсалютнай зьявай (напрыклад, *kålä — «рыба»).
- Зычныя:
У адрозьненьне ад сыстэмы галосных, сыстэма зычных гукаў не была настолькі разнастайнай і зьмяшчала толькі 13 гукаў:
Лябіяльныя (губныя) |
Зубныя | Палятальныя | Заднеязычныя (вэлярныя) | |
---|---|---|---|---|
Выбухныя | p | t | k | |
Афрыкаты | c | |||
Сыбілянты | s | |||
Насавыя | m | n | ń | ŋ |
Лятэральныя (бакавыя) |
l | |||
Дрыжачыя | r | |||
Паўгалосныя | w | j |
Варта адзначыць, што вызначэньне афрыкаты не зьяўляецца канчаткова відавочным; яна, магчыма, першапачаткова зьяўлялася рэтрафлексным [ʈ͡ʂ], а не зубным або альваэалярным [t͡s]. Гэты гук застаўся толькі ў сялькупскай мове, тады як у астатніх адбылося зьліцьцё гэтага гуку з гукам *t.
Як і ў праўральскай, у прасамадыйскай мове не дапускалася ўзьнікненьне клястэраў зычных (то бок, некалькіх зычных гукаў запар), таму слова магло пачынацца максымум з аднаго зычнага; іншым падабенствам з праўральскай была немагчымасьць зьяўленьня зычных *r, *ŋ у пачатку слова. Новай, адрознай рысай было абмежаваньне колькасьці зычных гукаў запар у канцы слова (ва ўсіх іх першы зычны ў канцы слова суседнічаў з *j, напрыклад *wajŋ — «подых»). Разам з гэтым, у словах дапускаліся спалучэньні з двух зычных гукаў у сярэдзіне слова і нават з трох, у выпадку, калі першым з трох зычных зьяўляўся *j (напрыклад, *wajkkə — «шыя»).
На ўзор праўральскае мовы, націск ў прасамадыйскай падаў заўжды на першы склад.
Паляталізацыя зычных, перадусім *k, адсочваецца ва ўсіх занатаваных самадыйскіх мовах. Гэтая зьява ўзьнікла ўжо пасьля існаваньня прасамадыйскае мовы і адлюстроўваецца па-рознаму ў асобных мовах у залежнасьці ад паводзінаў галосных[6]:
- Ненецка-энецкая падгрупа: паляталізацыя *k, *s у /sʲ/.
- Нганасанская, сялькупская, камасінская мовы: паляталізацыя *k у /ʃ/, у нганасанскай таксама *s у /sʲ/ .
- Ненецка-энецкая падгрупа і нганасанская мова: паляталізацыя іншых зычных, што таксама паўплывала на галосныя гукі.
Серад іншых новых узьніклых рысаў адзначаюцца пратэза *ŋ, леніцыя пачатковага *p і фартыцыя паўзычных *w, *j.
- Зьяўленьне пачатковага /ŋ/ у словах, што пачынаюцца з галосных гукаў, у нганасанскай, ненецкай, энецкай мовах.
- Леніцыя прасамадыйскага пачатковага *p у /f/ у энецкай, у маторскай ды нганасанскай — у /h/ (/f/, аднак, заўважаецца ў старых сьведчаньнях нганасанскае мовы).
- Захаваньне пачатковага *w толькі ў ненецкай, у той час як у сялькупскай адбыўся пераход у /kʷ/, а ў іншых — у /b/.
- Захаваньне пачатковага *j толькі ў ненецкай ды энецкай, тады як у сялькупскай адбыўся пераход /tʲ/, у іншых мовах — у /dʲ/.
- Пераход /b/, /dʲ/ у насавыя /m/, /nʲ/ перад насавымі гукамі ўнутры слова ў камасінскай ды маторскай.
Граматыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прасамадыйская мова зьяўлялася тыповай аглютынацыйнай мовай зь невялікай дзеляй марфаналягічных зьменаў.
Вылучаліся тры лікі: адзіночны, дваісты і множны. Прыналежнасьць выражалася адпаведнымі суфіксамі.
Назоўнікі зьмяняліся па сямі склонах:
- Назоўны: без канчаткаў
- Родны: *-n
- Вінавальны: *-m
- Мясцовы: *-kə-nå / *-kə-nä
- Аблятыў: *-kə-t(ə)
- Давальны: *-kə-
- Падоўжны: *-mə-nå / *-mə-nä
Дзеяслоў узгадняўся паводле нахіленьня, часу, ліку і асобы.
Адрозьненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Большасьць гукаў праўральскае мовы перайшлі нязьменнымі ў прасамадыйскую. Серад зьменаў адзначаюцца[6][7]:
- Праўральскае *s, ś > прасамадыйскае *t, s.
- Праўральскае *δ > прасамадыйскае *r.
- Праўральскае *δ́', а таксама праўральскае *l у большасьці пазыцыяў > прасамадыйскае *j. *l засталося перад праўральскім *ï[8], а таксама ў інтэрвакальнай пазыцыі ў прасамадыйскай.
- Праўральскае *x > прасамадыйскае *ø (у выпадку пазыцыі гуку перад зычнай)
- Праўральскае *u > прасамадыйскае *ø (перад каранёвым праўральскім *a)
- Праўральскае *ï > прасамадыйскае *ë (у закрытых складах)
- Праўральскае *ü > прасамадыйскае *i. Прасамадыйскае *ü мае другаснае паходжаньне
- Перадкаранёвае праўральскае *i скарацілася ў прасамадыйскай у *ø̈/ø (гармонія галосных), потым — страцілася (у выпадку, калі не знаходзілася перад клястэрам зычных).
- Праўральскія *a, o галоўным чынам перайшлі ў прасамадыйскае *å, хоць у многіх выпадках зьяўляецца таксама *a; зьява ёсьць не да канца дасьледжанай.
- Праўральскі *å у канцы кораню ператварыўся ў прасамадыйскай у *ä у пазыцыі пасьля лятэральных зычных (праўралськае *lабо *δ́; гэта ўказвае на прамежкавую стадыю *ĺ у разьвіцьц апошняга.)
- Захаваньне *o ў аднаскладовых каранёх.
- Страта праўральскіх *k, *x, *w, *j між галоснымі ў каранёх тыпу *CVCi, яякія саступілі прасамадыйскім аднаскладовым караням.
- Страта праўральскага *k і перадзычнага *w у мэдыяльных спалучэньнях зычных.
Прыклады:
- Праўральскае *äjmä «ігла» > прасамадыйскае *äjmä
- Праўральскае *kala «рыба» > прасамадыйскае *kålä
- Праўральскае *muna «яйка» > прасамадыйскае *mønå
- Праўральскае *weti «вада» > прасамадыйскае *wet
- Праўральскае *nüδi «ручка» > прасамадыйскае *nir
- Праўральскае *ïpti «валасы» > прасамадыйскае *ëptø
- Праўральскае *täwði «поўны» > прасамадыйскае *tärø̈
- Праўральскае *mośki- «поўны» > прасамадыйскае *måsø-
- Праўральскае *suksi «лыжы» > прасамадыйскае *tutø
- Праўральскае *ńïxli «страла» > прасамадыйскае *ńëøj
- Праўральскае *käxli «мова» > прасамадыйскае *käøj
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Janhunen, Juha 1998. Samoyedic. In: Daniel Abondolo (ed.), The Uralic Languages, pp. 457–479. London / New York: Routledge.
- ^ Хайду П. Уральские языки // Языки мира. Уральские языки. — М.: Наука, 1993. — С. 8. — ISBN 5-02-011069-8
- ^ Напольских В. В. Введение в историческую уралистику. — Ижевск: УИИЯЛ УрО РАН, 1997. — С. 125. — ISBN 5-7691-0671-9
- ^ Janhunen J. 68 // Proto-Uralic — what, where, and when?. — The Quasquicentennial of the Finno-Ugrian Society. — 2009 Т. 258. — ISBN 978-9-5256-6711-0, ISBN 978-952-5667-12-7
- ^ а б в Хелимский Е. А. Самодийская лингвистическая реконструкция и праистория самодийцев. — М.: 2000. — С. 13-25. — (Компаративистика, уралистика: Лекции и статьи).
- ^ Helimski, Eugen: The 13th Proto-Samoyedic vowel - In: Mikola-konferencia 2004. Szeged: SzTE Department of Finnougristics, 2005. 27-39.
- ^ а б Sammallahti, Pekka Historical phonology of the Uralic languages, with special reference to Samoyed, Ugric, and Permic // The Uralic Languages: Description, History and Foreign Influences / Denis Sinor. — Leiden: Brill, 1988. — С. 478-554.
- ^ Aikio, Ante 57 // New and Old Samoyed etymologies. — Finnisch-Ugrische Forschungen. — 2002. — ISBN ISSN: 0355-1253
- ^ Michalove, Peter A 89 // The treatment of initial *l- in Proto-Samoyed. — Journal de la Société Finno-Ougrienne. — 1999. — ISBN ISSN: 0355-0214
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Janhunen, Juha (1977). Samojedischer Wortschatz: Gemeinsamojedische Etymologien. Castreanumin toimitteita 17. Helsinki. ISBN 951-45-1161-1. ISSN 0355-0141.