Прарасейскія хваляваньні ва Ўкраіне (2014)
Прарасе́йскія хвалява́ньні ва Ўкраі́не ў 2014 годзе (укр. проросійські заворушення в Україні в 2014 році) — дэманстрацыі прарасейскіх і антыўрадавых групаў, якія адбыліся ў буйных гарадох па ўсіх паўднёва-ўсходніх рэгіёнах Украіны з канца лютага 2014 году ў сувязі з наступствамі Эўрамайдану. Розныя расейскія СМІ выкарыстоўваюць тэрмін «Расейская вясна» (рас. русская весна) у мэтах апісаньня хвалі дэманстрацыяў.
Пратэсты перарасьлі ва ўзброены сэпаратысцкі бунт пад кіраўніцтвам расейскіх выведнікаў з Масквы, якія дагэтуль бралі ўдзел у анэксіі Крыму і ўварваньні 2008 г. у Грузію[1]. 28 красавіка Служба бясьпекі Ўкраіны ўстанавіла, што завадатарам бунтаўнікоў ёсьць палкоўнік Галоўнай выведвальнай управы Расеі Ігар Гіркін зь мянушкай Стралкоў (або Стралок), які 26 лютага прыляцеў ва Ўкраіну з Масквы[2].
Харкаўская вобласьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]26 лютага прыхільнікамі хаўрусу з Расеяй, на флягштоку каля будынку харкаўскай мескай рады, быў вывешаны расейскі сьцяг. Гэта адбылося пад час мітынгу, арганізаванага рухам «Працоўная Харкаўшчына». Мітынгоўцы выкрыквалі лёзунгі накшталт «Расея-Севастопаль-Харкаў», «не аддамо Харкаў, адстаім свой горад» (мелася на ўвазе «адстаім ад новай улады»)[3].
1 сакавіка ў Харкаве адбыўся яшчэ адзін прарасейскі мітынг, пад час якога быў захоплены будынак абласной дзяржаўнай адміністрацыі. Некаторыя штурмуючыя былі ўзброеныя прынамсі траўматычнай зброяй. Пад час штурму былі траўмаваныя 97 чалавек[4][5]. Непадалёк ад адміністрацыі, на вуліцы Пушкінскай у момант штурму быў заўважаны шэраг (прыкладна 9—10) аўтобусаў з расейскімі нумарамі, што дала падставу меркаваць пра так званых «расейскіх турыстаў»[6].
4 сакавіка некалькі соцень чалавек паспрабавалі ўзяць штурмам Харкаўскую абласную дзяржаўную адміністрацыю, дзе ў 12:00 павінна было пачацца прадстаўленьне новага старшыні АДА Ігара Балута. Да будынку адміністрацыі прыйшлі некалькі соцень чалавек з георгіеўскімі стужкамі й з двума сьцягамі (адзін РФ і адзін сьцяг СССР). Яны паспрабавалі ўварвацца ўнутар будынку, але ўваход быў акружаны міліцыяй, якой хутка стала больш за пратэстоўцаў. Пасьля няўдачы штурму дэманстранты пачалі скандаваць лёзунгі: «Харкаў — наш горад!», «Рэфэрэндум!», і «Расея!»[7].
8 красавіка 2014 году выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Турчынаў заявіў, што супрацоўнікі праваахоўных органаў вызвалілі Харкаўскую абласную дзяржаўную адміністрацыю ад прарасейскіх пасобнікаў. Міністар унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў паведаміў, што сярод 70 затрыманых падчас антытэрарыстычнай апэрацыі ў Харкаве 64 прадставіліся грамадзянамі Ўкраіны[8].
Данецкая вобласьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Данецк
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1 сакавіка на плошчы Леніна быў арганізаваны прарасейскі мітынг (паводле стану на 13.30 ля будынку Данецкай адміністрацыі знаходзілася блізу 4 тысячаў чалавек). Прарасейскія актывісты заклікалі сваіх прыхільнікаў усталяваць намётавае мястэчка ля будынку Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі і абралі новага «народнага губэрнатара» Паўла Губарава, які адразу запатрабаваў ад сілавікоў даць прысягу на вернасьць «народнай уладзе», што супярэчыць працэдуры й рэглямэнту прызначэньня кіраўнікоў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Мітынгоўцы прынесьлі вялікі сьцяг Расеі і пачалі выкрыкваць лёзунгі накшталт «Расея», «Слава Бэркуту». Празь некаторы час адбылася спроба штурму будынку абласной адміністрацыі. Пад час штурму былі траўмаваныя 97 чалавек (ва ўсіх траўмы ад удараў розных частак цела, два чалавекі атрымалі раненьні з траўматычнай зброі)[9][10].
3 сакавіка дэпутаты заблякаванай абласной дзяржаўнай адміністрацыі прынялі рашэньне аб правядзеньні рэфэрэндуму адносна статусу Данецкай вобласьці[11], што не адпавядае заканадаўству дзяржавы адносна правядзеньня рэфэрэндуму.
Бачачы складаную сытуацыю і маючы на ўвазе наяўнасьць каардынатаў мітынгоўцаў расейскага грамадзянства, 4 сакавіка губэрнатар Данецкай вобласьці Сяргей Тарута прапанаваў неадкладна зрабіць больш жорсткі кантроль за расейскімі грамадзянамі на ўезьдзе ва Ўкраіну (а калі патрабуецца, то забараніць уезд у краіну ўсім «сумнеўным людзям»)[12].
5 сакавіка адбылося адразу 2 мітынгі. Адзін у падтрымку адзінства Ўкраіны (каля 10 000 чалавек сабраліся на плошчы Леніна), другі — прарасейскі (1 500 чалавек сабраліся ля будынку абласной адміністрацыі). Паводле непацьверджаных зьвестак большасьць удзельнікаў прарасейскага мітынгу былі жыхарамі Расеі. Празь некаторы час прарасейскія мітынгоўцы пайшлі на штурм адміністрацыі (адміністрацыя была загадзя заблякаваная праваахоўнікамі, аднак гэта ня стала для мітынгоўцаў перашкодай)[13]. Пасьля завяршэньня мітынгу прыхільнікаў адзінства Ўкраіны на мітынгоўцаў напалі людзі зь ліку прыхільнікаў прарасейскіх сэпаратысцкіх сілаў. Яны распылілі ў натоўпе газ, кінулі некалькі дымавых шашак, пасьля чаго завязалася бойка паміж удзельнікамі двух процілеглых мітынгаў. У ходзе бойкі пацярпелі 7 чалавек. У гэты ж дзень невядомымі ўзброеннымі людзьмі быў захоплены Данецкі тэлецэнтар[14].
6 сакавіка, праваахоўнымі органамі былі вызвалены захопленныя будынкі. Затрымана 70 чалавек, сярод якіх — Павал Губараў (самаабвешчаны губэрнатар Данецкае вобласьці)[15].
13 сакавіка 2014 году ў Данецку адбыўся мітынг за адзінства Ўкраіны. На мірных дэманстрантаў напалі некалькі сотняў прарасейскіх экстрэмістаў, узброеных бітамі і траўматычнай зброяй. У выніку нажавога раненьня быў забіты прэс-сакратар Данецкага абласнога аддзяленьня Ўсеўкраінскага аб’яднаньня «Свабода» Зьміцер Чарняўскі. Па лекарскую дапамогу зьвярнулася 26 пацярпелых дэманстрантаў, зь якіх 1 быў у цяжкім стане. Кіраўнік Данецкай абласной адміністрацыі Сяргей Тарута падпісаў распараджэньне пра абвяшчэньне дня жалобы 14 сакавіка[16].
8 красавіка 2014 году выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Турчынаў заявіў, што супрацоўнікі праваахоўных органаў вызвалілі будынак Службы бясьпекі Ўкраіны ў Данецку ад прарасейскіх пасобнікаў[8].
Марыюпаль
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]А 11 гадзіне, ля помніку Высоцкаму камуністычная партыя ладзіла сустрэчу з дэпутатамі ад уласнай партыі, на якую сабралося амаль 500 чалавек з чырвонымі, бела-жоўта-чорнымі сьцягамі, сьцягамі Расеі.
А 12 гадзіне мітынгоўцы паступова сталі перамяшчацца да мескай рады, дзе таксама ўжо пачаўся збор людзей. Мітынгоўцы сталі патрабаваць, каб гарадзкі галава выйшаў да іх і патлумачыў, чаму зараз падтрымлівае існую ўладу.
Па зьяўленьні гарадзкога галавы перад прысутнымі было вырашана сесьці за стол перамоваў зь мітынгоўцамі, стол перамоваў арганізавалі ў малой залі мескай рады. Аднак група актывістаў разьбіла шкло ў дзьвярох будынку рады і прарвалася ў ягоную сярэдзіну, фактычна яго захапіўшы.
Пазьней лідэр марыюпальскіх камуністаў Віталь Дэйнэс заявіў, што людзі, якія рушылі да гарадзкой рады, — не зьяўляюцца сябрамі КПУ, хто яны і што робяць у Марыюпалі, яму невядома[17].
Я завяршыў мітынг каля помніку і заклікаў сваіх аднадумцаў нікуды не ісьці.
Луганская вобласьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]2 сакавіка зноў адбыўся мітынг перад будынкам Луганскай адміністрацыі, на якім мітынгоўцы прынялі рэзалюцыю аб правядзеньні ў рэгіёне рэфэрэндуму аб адлучэньні Данбасу ад Украіны. Арыентыровачная дата рэфэрэндуму — 10 сакавіка. Прызначэньне рэфэрэндуму не адпавядае заканадаўству дзяржавы.
У гэты ж час, у самім будынку адміністрацыі праходзіла пасяджэньне абласной рады з парадкам дня «Аб грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне». А 14-й гадзіне, кіраўнік «Луганскай гвардыі» Аляксандар Харытонаў перадаў дэпутатам рэзалюцыю рашэньня аб звароце да Ўладзімера Пуціна з просьбай уводу войскаў на тэрыторыю Луганскай вобласьці. Аднак дэпутаты прынялі рашэньне не падтрымліваць рэзалюцыю мітынгоўцаў ні па аддзяленьні, ні па ўвядзеньні расейскіх войскаў. Мітынгоўцаў гэтае рашэньне не задаволіла, і а 15 гадзіне людзі ў масках, з расейскімі сьцягамі і са шчытамі зламалі вароты і дзьверы ў будынку і прарваліся ў раду. Дэпутатам давялося сьпешна пакідаць будынак праз чорны ход. На даху АДА ўзьнялі расейскі сьцяг[18].
Дэзынфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Некаторыя актыўныя грамадзяне зь ліку пацярпелых «ад антырасейскіх дзеяньняў», выдавалі сябе за мясцовых жыхароў адразу ў некалькіх абласьцях Украіны. Напрыклад, на відэароліках, зьнятых у Харкаве і Сімфэропалі, магчыма пачуць камэнтары адных і тых жа людзей, якія з адным выпадку выдаюць сябе за жыхароў Харкава, у другім — Адэсы[19][20][21][22].
Водгук у Расеі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]5 сакавіка група расейскіх грамадзкіх актывістаў начале з генэральным дырэктарам аднаго з мэдыяхолдынгаў Волагды зьвярнулася да У. Пуціна з прапановай увесьці войскі ў Валагодзкую вобласьць РФ, бо там амаль усе расейскамоўныя, аднак іх грамадзянскія правы прыціскаюць.[23].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Крымскі крызіс (2014)
- Крызіс на ўсходзе Ўкраіны (2014)
- Процістаяньне ў Адэсе (2014)
- Расейская інтэрвэнцыя ва Ўкраіне (2014)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ ЗША ведаюць, што сэпаратыстамі ва Ўкраіне кіруе Масква // Беларуская Салідарнасьць, 3 траўня 2014 г. Праверана 4 траўня 2014 г.
- ^ СБУ назвала сапраўднае прозьвішча галоўнага расейскага дывэрсанта ва Ўкраіне // Эўрарадыё, 28 красавіка 2014 г. Праверана 30 красавіка 2014 г.
- ^ Над Харкаўскім гарсаветам паднялі сцяг Расеі
- ^ 97 чалавек пацярпелі падчас штурму абладміністрацыі ў Харкаве
- ^ Пры штурме АДА ў Харкаве баевікі выкарыстоўвалі зброю
- ^ youtube Неизвестные автобусы перед штурмом Обладминистрации Харькова
- ^ http://www.bbc.co.uk/ukrainian/news_in_brief/2014/03/140304_hk_kharkiv_administration.shtml У Харкові демонстранти хочуть взяти штурмом ОДА
- ^ а б Рада зрабіла больш жорсткай адказнасьць за сэпаратызм // Зьвязда : газэта. — 9 красавіка 2014. — № 65 (27675). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ В Харькове во время штурма здания ОГА пострадало 97 человек
- ^ youtube:Донецк 1 марта 2014 года
- ^ Абложаны Данецкі аблсавет прагаласаваў за «рэферэндум»
- ^ Интервью Сергея Таруты: Нужно закрыть границу с РФ
- ^ 10 тысяч жыхароў Данецка выйшлі на мітынг за адзіную Украіну
- ^ Донецкое ТВ остановило вещание из-за попытки захвата
- ^ http://charter97.org/be/news/2014/3/6/89425/ Затрыманы самаабвешчаны «губернатар» Данбаса
- ^ З-за сутыкненьняў у Данецку абвясьцілі жалобу // Зьвязда : газэта. — 15 сакавіка 2014. — № 48 (27658). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ Коммунисты закрыли митинг возле Глеба Жеглова. В Мариуполе люди двинулись к мэрии и подняли над ней флаг России
- ^ В Луганске хотят провести референдум об отсоединении Донбасса
- ^ Відэа з Харкава пад час штурму адміністрацыі
- ^ Навіны на НТС Севастополь
- ^ Российские гастролеры-провокаторы в Украине
- ^ Фотафакт: як «салдацкая маці» ператварылася ў «бежанку з Данецка»
- ^ Расейцы просяць Пуціна ўвесьці войскі ў Валагодскую вобласьць
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Антытэрарыстычная апэрацыя ва Ўкраіне // Эўрарадыё Праверана 3 траўня 2014 г.
Гэта — накід артыкула пра Ўкраіну. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |