Перайсьці да зьместу

Пляменьнік чарадзея

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пляменьнік чарадзея
The Magician’s Nephew
Жанр: дзіцячы фэнтэзійны раман, хрысьціянская літаратура
Аўтар: Клайв Стэйплз Льюіс
Мова арыгіналу: ангельская
Публікацыя: 2 траўня 1955
Асобнае выданьне: 2 траўня 1955
Выдавецтва: The Bodley Head
Сэрыя: Хронікі Нарніі
Колькасьць старонак: 183
Ілюстратар: Паўліна Бэйнз
Носьбіт: папера (цьвёрдая вокладка)
Папярэдні твор: Конь і ягоны хлопчык
Наступны твор: Апошняя бітва
ISBN: 978-0-00-671683-9

«Пляме́ньнік чарадзе́я» (па-ангельску: The Magician’s Nephew) — эпічны фэнтэзійны дзіцячы раман Клайва Стэйплза Льюіса, шосты паводле парадку выданьня (1955), але першы паводле храналёгіі падзеяў у сэрыі «Хронікі Нарніі».

У «Пляменьніку чарадзея» апавядаецца пра стварэньне Нарніі львом Асланам, пры якім прысутнічаюць выпадковыя сьведкі зь Лёндану. Яны бяруць удзел у першых падзеях, якія адбываюцца за 1000 гадоў да апісаных у «Льве, Вядзьмарцы й Адзежнай шафе».

Льюіс пачаў працу над кнігай неўзабаве па сканчэньні «Льва, Вядзьмаркі…», каб адказаць на пытаньні пра ліхтарню, якая невядома адкуль узялася, аднак стварэньне твору заняло больш за пяць гадоў. У аповедзе прысутнічаюць пэўныя аўтабіяграфічныя элемэнты і хрысьціянскія павучаньні пра збаўленьне, прыроду граху, спакусу і парадак рэчаў.

Дзеяньне пачынаецца ў Лёндане ўлетку 1900 року. Двое дзяцей, Дыгары Керк і Полі Пламэр, знаёмяцца падчас гульні ля сваіх хатаў. Іхнія дамы злучаныя гарышчам, якое дзеці вырашаюць дасьледаваць. Адчыніўшы ня тыя дзьверы, яны трапляюць у працоўны кабінэт(en) дзядзькі Дыгары — Эндру. Дзядзька Эндру, як высьветлілася, займаецца магіяй, і падманам ды шантажам дамагаецца ад дзяцей падарожжа з выкарыстаньнем пярсьцёнкаў, якія могуць пераносіць іх паміж рознымі сьветамі.

Полі і Дыгары апынаюцца ў санлівым лесе, поўным ставаў. Яны здагадваюцца, што гэта яшчэ ня іншы сьвет, а «Лес паміж сьветамі», і кожная з лужынак — вакно ў асобны сьвет. Абраўшы адну зь іх, дзеці трапляюць у закінутае места старажытнага сьвету Чарн. У разбураным палацы яны знаходзяць скамянелыя постаці колішніх каралёў і каралеваў Чарну, якія сьпярша былі справядлівымі і мудрымі, аднак паступова зьмяніліся няздольнымі і жорсткімі. Дзеці бачаць звон і молат з надпісам:

Зрабі выбар, адважны вандроўнік:
Пазвані ў звон і чакай бяды
Альбо вагайся, пакуль не звар’яцееш,
Што было б, каб ты гэта зрабіў.

Полі пратэстуе, аднак Дыгары грукае ў звон. Ён абуджае апошнюю са статуяў, каралеву Джадыс, якая калісьці, каб пазьбегнуць паразы ў бітве, забіла ўсё жывое ў Чарне «Жаласьлівым словам», а пасьля заснула зачараваным сном, які мог быць перапынены толькі ўдарам у звон.

Дзеці бачаць злую натуру Джадыс і спрабуюць уцячы, аднак яна пасьпявае ўхапіцца за іх падчас пералёту дадому. У Ангельшчыне яна ўсьведамляе, што ейнае чараўніцтва тут ня дзейнічае, аднак звышчалавечая моц засталася. Джадыс робіць дзядзьку Эндру сваім рабом і выпраўляецца на заваёву Зямлі.

Полі і Дыгары апранаюць свае чароўныя пярсьцёнкі і пераносяць вядзьмарку ў Лес паміж сьветамі; зь імі ж туды трапляюць дзядзька Эндру і возьнік Фрэнк са сваім канём, бо ўсе яны датыкаліся адзін аднаго ў момант пералёту. Уся купка кідаецца ў балотца, каб патрапіць у Чарн, аднак замест гэтага апынаюцца ў цёмнай пустэчы. Яны становяцца сьведкамі стварэньня новага сьвету львом Асланам, ад сьпеву якога паступова паўстаюць элемэнты, зоркі, расьліны і жывыя істоты. Джадыс намагаецца забіць Аслана жалезным прутом, адарваным ёй ад ліхтарні ў Ангельшчыне, аднак прут ня шкодзіць льву і вырастае ў новае ліхтарнае «дрэва». Джадыс зьнікае.

Аслан надзяляе некаторых жывёлаў здольнасьцю гаварыць, каб яны карысталіся гэтым дарам у імя справядлівасьці і весялосьці. Дыгары павінен адказаць за тое, што прывёў у гэты цудоўны сьвет вядзьмарку Джадыс, і леў загадвае яму дапамагчы вызваліць Нарнію ад ліха. Аслан ператварае фурманавага каня ў крылатага, на якім Дыгары з Полі ляцяць у сад вымока ў гарах. Тут Дыгары мусіць сарваць яблык і пасадзіць яго ў Нарніі. У садзе Дыгары знаходзіць знак:

Прайдзі праз залатыя вароты ці ні празь якія,
Сарві мой плод для іншых ці ўстрымайся.
Тыя, хто скрадзе ці тыя, хто ўзьбярэцца па сьцяне,
Атрымаюць запаветнае жаданьне і безвыходнасьць.

Дыгары зрывае адзін зь яблыкаў і стрымліваецца, каб не адкусіць яшчэ адзін, бо той жа такі пахкі. Пакідаючы сад, ён сустракае вядзьмарку Джадыс, якая зьела адзін зь яблыкаў і стала неўміручай, аднак цяпер ейны твар «сьмяротна бляды»; Дыгары разумее сэнс апошняга радку папярэджаньня. Джадыс заклікае і Дыгары пакаштаваць яблык і стаць бесьсьмяротным, альбо ўзяць яшчэ адзін на Зямлю для сваёй паміраючай матулі. Дыгары супрацьстаіць спакусе, ведаючы, што ягоная мама не ўхваліла б крадзеж. Вядзьмарка, нічога не дамогшыся, адлятае на поўнач. Дыгары вяртаецца ў Нарнію і саджае яблык. Зь яго вырастае дрэва, якое, паводле Аслана, праз стагодзьдзі будзе супрацьстаяць Вядзьмарцы. Аслан паведамляе Дыгары, што скрадзены яблык мог бы ацаліць ягоную маці, аднак жахлівай цаной: скрадзены яблык выканае запаветнае жаданьне, аднак у непрывабнай форме, як гэта здарылася зь Вядзьмаркай. Больш за тое, чароўныя яблыкі цяпер для яе жах, і менавіта таму яблыня будзе ёй суперніцай. З дазволу Аслана Дыгары бярэ для сваёй мамы яблык з новага дрэва. Дыгары, Полі і дзядзька Эндру вяртаюцца ў Ангельшчыну, а возьнік Фрэнк з жонкай Гелен становяцца першымі каралём і каралевай Нарніі.

Яблык ацаляе Дыгараву маці, ён з Полі застаюцца сябрамі назаўжды. Дзядзька Эндру зьмяняецца і закідае заняткі чараўніцтвам. Дыгары закопвае сарцавіну яблыка і чароўныя пярсьцёнкі ў агародзе цёткавай хаты ў Лёндане. Шмат гадоў пазьней дрэва, якое вырасла на гэтым месцы, вырывае з каранямі бура. Дыгары расьпілаваў яго на дошкі і зрабіў адзежную шафу, якая пасьля зьяўляецца ў «Льве, Вядзьмарцы й Адзежнай шафе».

Льюіс першапачаткова не зьбіраўся ствараць працягаў «Льва, Вядзьмаркі й Адзежнай шафы». Аднак калі ягоны знаёмы з інклінгаў пацікавіўся пра паходжаньне ліхтарні пасярод нарнійскага лесу, Льюіс быў настолькі заінтрыгаваны пытаньнем, што вырашыў адказаць на яго раманам.

«Пляменьнік чарадзея», здаецца, даўся аўтару найцяжэй з усіх кніг сэрыі: астатнія шэсьць раманаў былі напісаныя паміж 1948 і 1953 рокамі, а гэты адзін заняў каля шасьці гадоў (1949—1954). Праца вялася з двума перапынкамі на некалькі гадоў.[1]. Сам аўтар назваў твор «Полі і Дыгары»; вядомую нам назву даў выдавец[2].

Аўтабіяграфічныя элемэнты

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У некалькіх эпізодах падзеі «Пляменьніка чарадзея» пераклікаюцца з жыцьцём самога Льюіса. Дыгары прыкладна таго ж узросту, што й аўтар, абодва марылі пра поні, абодва сутыкнуліся са сьмерцю маці ў дзяцінстве. Дыгараў бацька жыве ў Індыі; Льюіс па сьмерці маці навучаўся ў Ангельшчыне, а бацька застаўся ў Ірляндыі; ён меў яшчэ брата ў Індыі. І Дыгары, і Клайв любілі чытаць.

Пераклады на беларускую мову

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У 2000-х пераклад першай кнігі «Пляменьнік чарадзея» на беларускую мову зрабіў Алесь Квіткевіч[3][4]. Пераклад так і ня быў апублікаваны.

17 верасьня 2016 году адбывецца прэзэнтацыя і старт продажаў кнігі «Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка» ў перакладзе Надзеі Кім[5].

  1.  Duriez, Colin The Life of C.S. Lewis. — InterVarsity Press, 2004. — С. 47.
  2.  Lindskoog, Kathryn Ann Journey Into Narnia: C. S. Lewis’s Tales Explored. — Hope Publishing House, 1997. — С. 87.
  3. Алесь Квіткевіч Анкета Свабоды. Радыё «Свабода» (28 чэрвеня 2010). Праверана 18 лістапада 2012 г.
  4. Піраты Карыбаў лаюцца, як беларускія сяляне!. Эўрапейскае радыё для Беларусі (14 траўня 2007). Праверана 18 лістапада 2012 г.
  5. «Хронікі Нарніі» выйшлі па-беларуску — 17 верасня ў Акадэмкнізе старт продажаў

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Хронікі Нарніі Клайва Стэйплза Льюіса
Пляменьнік чарадзея
(1955)
Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа
(1950)
Конь і ягоны хлопчык
(1954)
Прынц Касьпіян
(1951)
Заваёўнік зары, або Плаваньне на край сусьвету (1952) Срэбраны фатэль
(1953)
Апошняя бітва
(1956)
Пэрсанажы Аслан · Пітэр · Сьюзэн · Эдмунд · Люсі · Юстас · Джыл · Дыгары · Польлі · Касьпіян · Рыліян · Шаста · Белая Вядзьмарка · Міраз · Хмур
Сьвет Нарнія · Насельнікі Нарніі · Дзяржава Нарнія · Арляндыя · Тархістан · Самотныя Астравы · Тэльмар · Кэр-Параваль · Бяруна · Анвард · Чарн · Лес-між-сьветамі · Паграхан · Раўніна Ліхтарнага слупа
Прадметы Пярсьцёнкі · Адзежная шафа · Ліхтарны слуп · Рог Сьюзэн
Фільмы Walden Media Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа (2005) · Прынц Касьпіян (2008) · Заваёўнік Зары (2010)
Сэрыял Бі-бі-сі Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа (1988) · Прынц Касьпіян і Плаваньне на «Заваёўніку Зары» (1989) · Срэбраны фатэль (1990)
Іншыя экранізацыі Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа (1967) · м/ф «Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа»
Кампутарныя гульні The Chronicles of Narnia: The Lion, the Witch and the Wardrobe · The Chronicles of Narnia: Prince Caspian · The Chronicles of Narnia: The Voyage of the Dawn Treader