Конь і ягоны хлопчык
Конь і ягоны хлопчык | |
The Horse and His Boy | |
Жанр: | фэнтэзі |
---|---|
Аўтар: | Клайв Стэйплз Льюіс |
Мова арыгіналу: | ангельская |
Публікацыя: | 6 верасьня 1954 |
Выдавецтва: | HarperTrophy |
Сэрыя: | Хронікі Нарніі |
Колькасьць старонак: | 199 |
Ілюстратар: | Паўліна Бэйнс |
Папярэдні твор: | Срэбраны фатэль |
Наступны твор: | Пляменьнік чарадзея |
ISBN: | 0-06-023488-1 |
«Конь і ягоны хлопчык» (па-ангельску: The Horse and His Boy) — фэнтэзійны раман Клайва Стэйплза Льюіса, пяты па парадку выданьня (1954), але трэці паводле храналёгіі падзеяў у сэрыі «Хронікі Нарніі». Хоць кніга была напісаная раней за «Срэбраны фатэль», аднак Льюіс вырашыў выдаць яе пасьля таго, як выйдуць тры запар кнігі з удзелам пэрсанажу Касьпіяна («Трыяда Касьпіяна»).
«Конь і ягоны хлопчык» — адзіная кніга сэрыі, у якой дзеці з нашага сьвету не фігуруюць як асноўныя дзеючыя асобы, хоць і зьяўляюцца ў ёй як каралева Люсі, каралева Сьюзэн і кароль Эдмунд. Чацьвёрты зь сямейкі Пэвэнсі, вярхоўны кароль Пітэр, не прысутнічае ў рамане, хоць і часта згадваецца нарнійцамі.
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Хлопчык па імі Шаста жыве ў халупе тархістанскага рыбака, якога называе сваім бацькам. У пачатку гісторыі рыбак згаджаецца прадаць яго заможнаму незнаёмцу-вершніку. Зразумеўшы, што ён насамрэч ня сын рыбака, Шаста вырашае ўцячы, паколькі апошні заўсёды ставіўся да свайго «сына» жорстка. Ягоным таварышам па ўцёках нечакана становіцца гаворачы конь тархістанца Бры, які марыць вярнуцца ў родную краіну Нарнію. Па дарозе яны сустракаюць яшчэ адну пару ўцекачоў: маладую тархіну Аравіс і яе гаворачую кабылу Гвін. Высьвятляецца, што Аравіс кінулася на ўцёкі ад гвалтоўнага выданьня яе за Тысрокавага вялікага візыра.
Чацьвёрцы на сваім шляху неабходна мінуць Ташбаан, шматлюдную сталіцу Тархістану. Тут сябры разьдзеленыя ў вулічным тлуме, а Шаста, памылкова прыняты за прынца Арляндыі Корына, трапляе ў гасьцявую рэзыдэнцыю нарнійскіх каралёў і каралеў, якія акурат у гэты час знаходзяцца ў Тархістане зь візытам. Тут ён даведваецца, што каралева Сьюзэн зьбіраецца адмовіць тархістанскаму прынцу Рабадашу ў вясельлі, з-за чаго ўсё нарнійскае пасольства можа апынуцца пад пагрозай гневу з боку тархістанцаў. Сустрэўшыся з сапраўдным прынцам Корынам, падобным да яго як дзьве кроплі вады, Шаста ўцякае з палацу на пошукі сваіх сяброў.
У гэты час Аравіс сустракае ў месьце сваю сяброўку Лазарыліну, якая нядаўна выйшла замуж і вядзе бесклапотнае сьвецкае жыцьцё. Лазарылін не разумее ўчынку Аравіс, аднак згаджаецца дапамагчы ёй уцячы ад жаніха. Прабіраючыся ўночы па палацы тархістанскага ўладара Тысрока, яны становяцца сьведкамі таемнае размовы прынца Рабадаша са сваім бацькам Тысрокам. Разьюшаны ўцёкамі Сьюзэн Рабадаш угаворвае бацьку зладзіць ваенную экспэдыцыю на поўнач з мэтай заваяваць Арляндыю, а пасьля і Нарнію ў той час, пакуль вярхоўны кароль Пітэр заняты змаганьнем з гігантамі на поўначы.
Выбраўшыся з Ташбаану, Аравіс сустракае Шасту і коней. Які сьпяшаюцца скрозь пустыню, намагаючыся пасьпець папярэдзіць караля Арляндыі пра навіслую небясьпеку. Апошні кавалак шляху ад жытла пустэльніка да каралеўскага замку Анвард Шаста мусіць завяршыць сам, паколькі коні вытхнуліся, а Аравіс параніў леў (пазьней стане вядома, што гэта быў Аслан). Аднак Шаста пасьпявае своечасова, і да прыходу Рабадаша замак гатовы да аблогі.
Тым ня меней, бітва цягнецца зь пераменным посьпехам, пакуль не падыходзіць дапамога ад нарнійцаў на чале з Эдмундам і Люсі. Тархістанцы разьбітыя, а прынц Рабадаш узяты ў палон. Ён адмаўляецца ад прапановы караля Арляндыі наконт вызваленьня пры ўмове замірэньня. Працягвае блюзьнерыць ён і ў адказ на прапанову льва Аслана, які зьяўляецца па сканчэньні бітвы. За гэта Аслан пераўтварае яго ў асла, аднак гэтае закляцьце будзе зьнятае, як толькі Рабадаш стане перад алтаром багіні Таш у Ташбаане. Аднак Рабадаш ніколі ня зможа пакінуць межы Ташбаану, іначай зноўку ператворыцца ў асла. З гэтае прычыны Радабаш, стаўшыся валадаром Тархістану па сваім бацьку, будзе праводзіць мірную палітыку ў дачыненьні да ўсіх суседзяў. Грамадзяне мянуюць яго «Рабадаш Міратворац», хоць, не забыўшыся пра ягонае асьлінае аблічча, за вочы клічуць «Рабадашам Недарэчным».
Высьвятляецца, што Шаста — згублены брат-двайнік прынца Корына, а ягонае сапраўднае імя — Кор. Паколькі Кор нарадзіўся першым, ён зьяўляецца асноўным спадкаемцам каралеўскага стальцу. Аравіс і Кор пасяляюцца ў Арляндыі і, пасталеўшы, жэняцца. Іхні сын стане самым славутым каралём Арляндыі Рамам Вялікім. Прынц Корын стаў славутым рыцарам і чэмпіёнам у кулачных баёх. Гаворачыя коні Бры і Гвін пасяліліся ў Нарніі, хоць і не ажаніліся між сабою.
Алюзіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторыя знойдзенага на беразе мора ў чоўне і ўсыноўленага Шасты, які пазьней уцякае з рабства на поўнач разам зь сябрамі, мае паралелі з кнігай Выхад (гісторыя Майсея і выхаду жыдоў з Эгіпту).
Асацыяцыя Кора (Шасты) з канямі, а ягонага брата Корына з кулачным боем выклікае асацыяцыі са спартанскімі блізьнятамі Кастарам і Полуксам з грэцкай міталёгіі.
Вобраз пустэльніка ў кнізе пераклікаецца з жыцьцём вядомага каталіцкага сьвятога Францішка Асіскага.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ангельскі Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы гэтага артыкула: |