Пашпарт Нансэна
Пашпарт Нансэна | |
Тып | пашпарт |
---|---|
Хто выдае | Ліга Нацый |
Уведзены | 1922 |
Прызначэньне | ідэнтыфікацыя асобаў без грамадзянства |
Патрабаваньні | апатрыды-ўцекачы |
Скасаваньне | 1938 |
Пашпарты́ На́нсэна, афіцыйнае найменьне пашпарты асо́баў без грамадзя́нства — міжнародна прызнаныя замежныя пашпарты ўцекачоў, якія дзейнічалі ў 1922—1938. Выдавала гэтыя пасьведчаньні Бюро Вярхоўнага камісара па справах уцекачоў Лігі Нацый асобам без грамадзянства[1]. Распаўсюджаная назва «пашпарты Нансэна» паходзіць ад імя нарвэскага дзяржаўнага дзеяча і палярнага дасьледніка Фрыт’яфа Нансэна, які прапанаваў ідэю выдачы гэткіх пашпартоў на пасадзе Вярхоўнага камісара.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па сканчэньні I Сусьветнай вайны ўсчалося агульнае бязладзьдзе, зьвязанае з развалам адных дзяржаваў ды стварэньнем іншых, перакраеньнем межаў паводле нацыянальных прыкметаў, выбухам грамадзянскіх войнаў. З гэтых прычынаў мноства людзей былі вымушаныя пакінуць сваю радзіму, хтосьці без дакумэнтаў, а хтосьці з дакумэнтамі ўжо няісных дзяржаваў, з-за чаго страцілі магчымасьць перасякаць дзяржаўныя межы.
Непасрэднай нагодай для ўвядзеньня пашпартоў Нансэна стаў прыняты ў 1921 року дэкрэт бальшавіцкага ўраду пра пазбаўленьне права на атрыманьне савецкага грамадзянства асобаў, якія эмігравалі за мяжу. У гэтую катэгорыю трапілі і каля 800 000 уцекачоў ад грамадзянскай вайны. З 3 да 5 ліпеня 1922 року ў Жэнэве адбылася скліканая Вярхоўным камісарам па справах уцекачоў Лігі Нацый[2] Фрыт’яфам Нансэнам міжурадавая канфэрэнцыя ў пытаньнях пасьведчаньняў асобы для расейскіх уцекачоў, якая ўхваліла выдачу такім асобам пашпартоў асобаў без грамадзянства[3]. Да 1942 року яны былі прызнаныя ўрадамі 52 дзяржаваў.
У 1924 року пагадненьне Нансэна было распаўсюджаная на армянаў, а ў 1928 — на асырыйскіх, асыра-халдэйскіх, баўгарскіх і турэцкіх уцекачоў[4]. Было выдадзена каля 450 000 пашпартоў Нансэна[5] асобам без грамадзянства і ўцекачам, якія не маглі атрымаць пашпартоў у краіне грамадзянства.
Па сьмерці Нансэна ў 1930 року выдачай пашпартоў займаўся Міжнародны офіс Нансэна для ўцекачоў Лігі Нацыяў. З гэтай пары пашпарт спасылаўся не на канфэрэнцыю 1922 року, а выдаваўся ад імя Лігі. У 1938 року офіс быў закрыты; выдачу пашпартоў працягнула новая ўстанова, Офіс Вярхоўнага камісара па справах уцекачоў пад эгідай Лігі нацыяў у Лёндане[6].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Марка абнаўленьня пашпарта Нансэна;
Міжнародны офіс Нансэна для ўцекачоў, 1930
Вынікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1938 року Міжнародны офіс Нансэна для ўцекачоў за свае намаганьні па ўвядзеньні пашпартоў Нансэна атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру[7][8].
Вядомыя ўладальнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Робэрт Капа
- Сэрджу Чэлібідаке
- прынцэса Вера Канстанцінаўна Раманава
- Марк Шагал
- Аляксандар Галіч
- Зузана Гінчанка
- Аляксандар Гротэндык[9]
- Георгі Гурджыеў
- Зэеў Жабацінскі[10]
- Юры Мэсэн-Яшын
- Арыстотэль Анасіс
- Том Паркер
- Ганна Паўлава
- вялікая княгіня Марыя Паўлаўна
- сьвяты Рыгор Пэрадзэ[11]
- Ядвіга Пілсудзкая
- Сяргей Рахманінаў
- Рабін Мэнахэм Мэндэль Шнэерсон
- Ота Скарцэні
- Ігар Стравінскі
- кароль Альфонса XIII
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Giaimo, Cara (7 лютага 2017) The Little-Known Passport That Protected 450,000 Refugees (анг.) Atlas Obscura Праверана 3 лютага 2023 г.
- ^ Documents from the League of Nations Archives // Refugee Survey Quarterly. — 2003. — В. 1. — Т. 22. — С. 71—73. — DOI:10.1093/rsq/22.1.71
- ^ United Nations High Commissioner for Refugees. (5 ліпеня 1922) Arrangement with respect to the issue of certificates of identity to Russian Refugees (анг.) refworld Праверана 3 лютага 2023 г.
- ^ League of Nations Arrangement of 12 May 1926 relating to the Issue of Identity Certificates to Russian and Armenian Refugees // Treaty Series. — Т. Vol. LXXXIX. — № No. 2004.
- ^ Nansen-pass (нарв.) Store Norske Leksikon Праверана 3 лютага 2023 г.
- ^ Office of the High Commissioner for Refugees under the Protection of the League (анг.). Union of International Associations - Union des associations internationales. Праверана 3 лютага 2023 г.
- ^ Fridtjof Nansen (анг.) The Nobel Peace Prize 1922. The Nobel Prize. Праверана 3 лютага 2023 г.
- ^ Nansen International Office for Refugees — Nobel Lecture (анг.) The Nobel Peace Prize 1938. The Nobel Prize. Праверана 3 лютага 2023 г.
- ^ David Mumford. (Obituary) Alexander Grothendieck (1928–2014) Mathematician who rebuilt algebraic geometry (анг.) // Nature. — 2015. — В. 7534. — Т. 517. — С. 272. — DOI:10.1038/517272a
- ^ Vladimir Jabotinsky Dies of Heart Attack at Age 59; Was Visiting Youth Camp (анг.). Jewish telegraphic agency. Праверана 3 лютага 2023 г.
- ^ Григорий (Перадзе Григол Раманозович) (рас.) Новомученики и Исповедники Русской Православной Церкви XX века. Православный Свято-Тихоновский Богословский Институт; Братство во Имя Всемилостивого Спаса. Праверана 3 лютага 2023 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Фрыт’яф Нансэн адказвае расейскім бальшавікам // Радыё „Свабода“
- Пашпарт Нансэна (анг.) Dead Media Archive