Паляўнічыя акварэлькі з Палесься
Паляўнічыя акварэлькі з Палесься | |
Жанр: | паэма |
---|---|
Аўтар: | Янка Лучына |
Мова арыгіналу: | польская |
Публікацыя: | 1898 |
Перакладчык: | Генадзь Тумаш |
Электронная вэрсія |
«Паляўнічыя акварэлькі з Палесься» — польскамоўная паэма Янкі Лучыны, цалкам апублікаваная ў зборніку «Poezje» (Варшава, 1898).
Публікацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разьдзелы паэмы «На ласёў на прынаду», «На цецерукоў у час такаваньня» Лучына дасылаў у 1882 годзе Аляксандру Валіцкаму (1826—1893), былому менскаму кнігару, удзельніку паўстаньня 1863 году, які жыў тады ў Кракаве[1].
Разьдзелы «Стары паляўнічы», «Выправа на ласёў» і «Апавяданьне даяжджаючага» публікаваліся ў часопісе «Życie» (1887, № 25-26; 1888, № 8), а «Перад куцьцёю» — у альманаху «Życie ilustrowane» (Варшава, 1887) пад агульным загалоўкам «Акварэлькі з паляўнічага жыцьця на Палесьсі» (польск. Akwarelki z życia myśliwskiego na Polesiu), які, як сьведчаць аўтографы паэта, захаваныя ў аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве, быў рэдакцыйным варыянтам назвы паэмы. Цалкам паэма была апублікаваная ў зборніку «Poezje» (Варшава, 1898). На беларускую мову перакладаўся М. Клімковічам урывак уступу. Цалкам паэму пераклаў Генадзь Тумаш[1].
Беларусізмы ў арыгінальным тэксьце былі пазначаная і часткова пракамэнтаваныя аўтарам дзеля патрэбаў польскага чытача.
Напісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У адным зь лістоў да Зянона Пшасмыцкага аўтар пісаў:
Чым жа прывабліваюць мае «Паляўнічыя акварэлькі»? Ня ведаю. Мабыць, тым, што яны арыгінальныя і праўдзівыя, як фатаграфія, бо сьпісаныя яны з сапраўдных факцікаў… «Паляўнічых акварэлек» я мог бы напісаць з капу, бо і цяпер, хаця і бяз ног, трываю ў заўзятасьці да шаракоў і бакасаў, за ложкам у мяне ёсьць самапал, і ежджу, калі здарыцца, паляваць на ўражаньні, бо зьвярыну нячаста пазбаўляю жыцьця. Ці павінен я тады фабрыкаваць «Акварэлькі»? Дзьве ўжо абдумаў, адну напісаў слова ў слова з жыцьця[2].
Ул. Мархеля выказаў здагадку, што паніч ад імя якога вядзецца вершаванае апавяданьне, — гэта сам паэт у час маладосьці. Што тычыцца лесьніка, то яго Лучына мог сустрэць у арандаванай бацькамі Мархачоўшчыне, куды яшчэ студэнтам прыяжджаў на канікулы[2].
«Стары лясьнік»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Апублікаваны ў зборніку «Вязанка» (Пецярбург, 1903) верш «Стары лясьнік» традыцыйна разглядаецца як лучынаўскі самапераклад разьдзелу «Стары паляўнічы»[3]. На думку Ул. Мархеля, разам з тым гэта арыгінальны твор, які мае прыкметы самастойнасьці, выяўленай у нязначнай зьмене назвы і ў беларускамоўнай інтэрпрэтацыі тэмы, першасна раскрытай аўтарам па-польску[4].
Сюжэт верша пачынаецца з настойлівай просьбы Грышкі даць яму пораху. Былы паляўнічы (лясьнік) наважыўся забіць шкадлівага мядзьведзя, што задраў жарабя. Ні сьвядомыя перашкоды з боку родных, ні спакусьлівыя прапановы пана ня могуць адмяніць ягонага намеру. Верш завяршаецца стрыманай просьбаю Грышкі прыслаць у лес падводу, што ўказвае на пасьпяховы вынік паляваньня[4].
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратурныя крытыкі далі высокую ацэнку паэме, ставячы гэты твор у адзін шэраг з «Песьняй пра зубра» Міколы Гусоўскага і «Панам Тадэвушам» Адама Міцкевіча. Некаторымі крыніцамі паэма характарызуецца як «энцыкляпэдыя паляўнічага»[5]. Паводле Ўладзімера Мархеля, «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» адкрылі перад беларускімі паэтамі шляхі пошукаў у напісаньні нацыянальных эпічных твораў («Новая зямля» Якуба Коласа і іншыя)[6].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Лучына Я. Творы: Вершы, нарысы, пераклады, лісты / Я. Лучына; Уклад., прадм. і камент. У. Мархеля. — Мн.: Маст. літ., 2001. — С. 192. — 206 с.
- ^ а б Лучына Я. Творы: Вершы, нарысы, пераклады, лісты / Я. Лучына; Уклад., прадм. і камэнт. У. Мархеля. — Мн.: Маст. літ., 2001. — С. 15. — 206 с.
- ^ Лойка А. А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. Пад. рэд. Ю. С. Пшыркова. Мн., «Вышэйшая школа», 1977. — С. 273. — 304 с.
- ^ а б Мархель У. Прадвесце адраджэнскага ўздыму. Штрыхі да творчага партрэта Янкі Лучыны // Роднае слова. — 2001. — № 7. — С. 4.
- ^ Бібліятэка паляўнічага(недаступная спасылка). — Белорусская лесная газета № 13 (1087) 31 сакавіка 2016. (бел.)
- ^ Мархель У. І.Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 1999 Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. Янка Лучына.