Беларусізм
Беларусі́зм — словы і фразэалягізмы, а таксама сынтаксічныя і граматычныя канструкцыі беларускай мовы, якія выкарыстоўваюцца ў іншай мове (літаратурнай або размоўнай).
У расейскай мове
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У расейскай мове да беларусізмаў адносяцца[1]:
- словы беларускай мовы, якія ня маюць цалкам супадальных па форме і зьмесьце адпаведнікаў у расейскай мове;
- словы беларускай мовы, якія маюць адпаведныя па форме і зьмесьце словы на расейскай мове; словы расейскай мовы маюць іншую стылістычную афарбоўку альбо належаць да абласной лексыкі;
- словы беларускай мовы, якія маюць адпаведнасьці па форме ў расейскай мове пры несупадзеньні аб’ёму значэньняў.
Сынтаксычныя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выкарыстаньне элемэнтаў іншае мовы ў сынтаксісе выяўляецца дзякуючы нетрадыцыйнаму кіраваньню часьцінаў сказу.
- «Смеяться с (кого-л.)» замест «смеяться над (кем-л.)».
- «Богатый на урожай» замест «богатый урожаем».
Лексычныя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З палітычнай канатацыяй
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Незалежность» (саркастычна, з адмоўнай афарбоўкай) замест «независимость» (пра Беларусь).
- «Мова» замест «белорусский язык».
- «Свядомый» (саркастычна, з палітычнай канатацыяй) замест «сознательный» (пра беларускіх патрыётаў).
- «Беларускомоуный» (або «беларускомовный») замест «белорусскоязычный».
- «Ганьба» замест «позор» (часьцяком ужываецца падчас пратэстаў).
Бытавыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Акрамя лексэмаў з выражанай палітычнай канатацыяй, ужываньне мае шэраг лексэмаў беларускае мовы з галінаў гаспадарчай або культурнай лексыкі, напрыклад:
- «Шуфлядка» замест «выдвижной ящик».
- «Бурак» замест «свёкла».
- «Шильда» замест «табличка», «вывеска».
- «Боровик» замест «белый гриб».
- «Сбольшего» замест «по большей мере».
Маўленчыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вымаўленьне словаў па беларускіх правілах у расейскай мове. Гэта можа таксама праяўляцца ў «гэканьні», «чэканьні».
- «Крапива́» замест «крапи́ва».
- «Терез» замест «через».
Словаўтваральныя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выкарыстаньне словаўтваральнай мадэлі беларускай у расейскай мове, напрыклад:
- замена часткі «ичка» на «ица» ў словах кшталту «математичка», «историчка» і таксама скасоўваньне гэтым зьневажальнага значэньня (у літаратурнай расейскай мове гэткія формы на «ичка» лічацца пагардлівымі і жаргоннымі).
У летувіскай мове
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У летувіскую мову патрапіла каля 1000 беларускіх словаў. Пачатковае беларускае г (=лац. h) у летувіскай мове адпадае або замяняецца гукам g[2]. Найбольш характэрнымі словамі, перанятымі зь беларускай, зьяўляюцца: anykas — унук, baravikas — баравік, blinas — блін, botgas — батог, cesnykas — часнок, часнык, duda — дуда, grybas — грыб, gutaryti — гутарыці, kisilius — кісель, krupos — крупы, miestas — места (горад), norgas — нарог, slyvа — сьліва, visnia — вішня, telyjа — цялё, цяля[3].
Некаторыя лацінскія й нямецкія словы патрапілі ў летувіскую празь беларускую. Напрыклад: kvarmas — хворма (форма), kvartugas — хвартух (фартух)[2]. У якасьці пасярэдніку беларуская мова выступала таксама пры пазычаньні шэрагу палянізмаў у гэтую мову (напрыклад, branyti «абараняцца» < польск. bronia або рус. бронити)[3].
Беларускі ўплыў пашырыўся й на фанэтыку летувіскай мовы. Нярэдка сустракаецца дзеканьне, дзе д, т перад е, і замененыя беларускім спосабам гукамі дзь, ць: Dzievas (Бог) замест Dėvas, žalcis (зьмяя) замест žaltis, kaść (рыць) замест kasti[2] (падобная зьява ў большай меры ўласьцівая аднаму з дыялектаў летувіскае мовы, які мяжуе з арэалам беларускае мовы — дзукійскаму).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Беларускія моўныя элементы ў перакладах аднолькавых мастацкіх тэкстаў (рас.)
- ^ а б в Ян Станкевіч Беларушчына ў чужых мовах // Язык і языкаведа / рэд. Валер Булгакаў. — другое выданьне. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2007. — С. 311. — 1214 с. — ISBN 978-80-86961-23-1
- ^ а б Літвіновіч А. Беларуская мова на старонках «Энцыклапедыі літоўскай мовы» // Наша Слова. — № 32 (975).