П’ер дэ Кубэртэн
П’ер дэ Кубэртэн | |
Pierre de Fredy, baron de Coubertin | |
Дата нараджэньня | 1 студзеня 1863 |
---|---|
Месца нараджэньня | Парыж, Францыя |
Дата сьмерці | 2 верасьня 1937 (74 гады) |
Месца сьмерці | Жэнэва, Швайцарыя |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | гісторык, пэдагог, настаўнік, пісьменьнік, rugby union match official, палітык, спартовы чыноўнік, заснавальнік |
Псэўданімы | Georges Hohrod і Martin Eschbach |
Сябра ў | Міжнародны алімпійскі камітэт, Glory of sport[d], World Rugby Hall of Fame[d] і Éclaireurs français[d] |
Бацька | Шарль Люі дэ Фрэдзі, барон дэ Кубэртэн[d] |
Маці | Мары Марсэль Гіго дэ Крызнуа[d] |
Узнагароды | |
Подпіс | |
П’ер дэ Фрэдзі, барон дэ Кубэртэн (па-француску: Pierre de Fredy, baron de Coubertin; 1 студзеня 1863, Парыж — 2 верасьня 1937, Жэнэва, Швайцарыя) — францускі спартыўны й грамадзкі дзяяч, гісторык, пэдагог, літаратар; барон. Ініцыятар арганізацыі сучасных Алімпійскіх гульняў (праводзяцца з 1896 году). Прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК, 1896—1916, 1919—1925).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Парыжы ў арыстакратычнай сям’і, трэцяе дзіцё Шарля Люі й Агаты-Габрыель дэ Мірвіль. Наведаўшы шэраг каледжаў і ўнівэрсытэтаў Вялікабрытаніі й Амэрыкі, вырашыў разнастаіць сваю адукацыю. Вялікае значэньне Кубэртэн надаваў заняткам спортам, як важнаму складальніку жыцьця маладых людзей, аднаго з умоваў гарманічнага разьвіцьця асобы. У прыватнасьці, Кубэртэн захапляўся рэгбі й выконваў абавязкі рэфэры на фінальным матчы першага францускага чэмпіянату паміж камандамі «Расінг Мэтро» й «Стад Франсэ».
Алімпійскія гульні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кубэртэн шмат разважаў над ідэяй правядзеньня міжнародных спаборніцтваў у мэтах папулярызацыі спорту. Заўважыўшы ўзрастаючую цікавасьць грамадзтва да Антычных алімпійскіх гульняў, выкліканую гучнымі археалягічнымі адкрыцьцямі ў Алімпіі, Кубэртэн распрацаваў праект адраджэньня Алімпійскіх гульняў і выступіў 25 лістапада 1892 году ў Сарбоне, сусьветна вядомым Парыскім унівэрсытэце, з дакладам «Адраджэньне алімпізму».
23 чэрвеня 1894 году стараньні Кубэртэна ўвянчаліся посьпехам. На кангрэсе ў Сарбоне было прынятае гістарычнае рашэньне: «Паколькі няма ніякіх сумневаў у перавагах, якія прадстаўляюцца адраджэньнем Алімпійскіх гульняў, як з пункту гледжаньня спартовага, так і міжнароднага, ды будуць адроджаныя гэтыя гульні на асновах, якія адпавядаюць патрабаваньням сучаснага жыцьця». Таксама быў заснаваны Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), у якім Кубэртэн заняў пасаду генэральнага сакратара. Было вырашана праводзіць Гульні кожныя чатыры гады. Пасьля абмеркаваньня кангрэс падтрымаў прапанову сябра Кубэртэна Дэмэтрыюса Вікеляса аб правядзеньні Першых Алімпійскіх гульняў сучаснасьці ў Атэнах, у знак пераемнасьці Гульням старажытнасьці. Дэмэтрыюс Вікеляс быў абраны прэзыдэнтам Алімпійскага камітэту.
Гульні адбыліся ўлетку 1896 году й мелі вялікі посьпех. Пасьля іх завяршэньня Кубэртэн вызваліў месца прэзыдэнта МАК.
У далейшым Алімпійскаму руху прыйшлося сутыкнуцца з сур’ёзнымі цяжкасьцямі, бо наступныя Гульні — 1900 году ў Парыжы й 1904-га ў Сэнт-Люісе — прыцягнулі мала ўвагі на фоне Сусьветнай выставы, якая праходзіла адначасова зь імі. Становішча зьмянілася ў 1906 годзе, калі адбыліся так званыя Прамежкавыя гульні ў Атэнах, і Алімпійскія гульні сталі самай значнай спартовай падзеяй.
Да Гульняў 1912 году ў Стакгольме П’ер дэ Кубэртэн стварыў новую спартовую дысцыпліну — сучаснае пяціборства.
З 1912 па 1948 год праводзіліся Конкурсы мастацтваў на Алімпійскіх гульнях, уключаныя ў праграму Гульняў па ініцыятыве П’ера дэ Кубэртэна[1]. У 1912 годзе, пад псэўданімам удзельнічаючы ў Конкурсе мастацтваў на V Алімпійскіх гульнях у Стакгольме, П’ер дэ Кубэртэн заваяваў залаты мэдаль за «Оду спорту» (намінацыя — літаратура)[2].
У 1916 годзе, у разгар Першай сусьветнай вайны, Кубэртэн надзеў мундзір і адправіўся на фронт, дзе далучыўся да Францускага войска. У гэтых умовах ён ня мог і не лічыў магчымым заставацца на пасту прэзыдэнта МАК. Кубэртэн настаяў на перадачы паўнамоцтваў аднаму з чальцоў камітэту Гадфруа дэ Блянэ, як прадстаўніку нэўтральнай Швайцарыі. Праз год пасьля сканчэньня вайны, у 1919 годзе Кубэртэн ізноў узначаліў Міжнародны алімпійскі камітэт.
Пасьля Алімпійскіх гульняў 1924 году ў Парыжы, якія мелі значна большы посьпех, чым Гульні 1900 году, Кубэртэн пакінуў пост прэзыдэнта МАК. Новым кіраўніком камітэту стаў бэльгіец Анры дэ Бае-Лятур.
П’ер дэ Кубэртэн заставаўся Ганаровым прэзыдэнтам МАК да канца жыцьця. Ён памёр у 1937 годзе ў Жэнэве й быў пахаваны ў Лязане — горадзе, дзе знаходзіцца штаб-кватэра МАК. Яго сэрца было пахаванае асобна, у манумэнце поруч з руінамі старажытнай Алімпіі.
Рух скаўтаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1911 годзе ў Францыі былі заснаваныя дзьве міжрэлігійныя скаўцкія арганізацыі, заснавальнікам адной зь якіх — Eclaireurs Francais (EF) стаў П’ер дэ Кубэртэн. Іншую, Eclaireurs de France (EdF) заснаваў Нікаля Бэнуа. Пазьней гэтыя арганізацыі былі аб’яднаныя.
Прыватнае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]П’ер дэ Кубэртэн ажаніўся ў 1895 годзе на Мары Ратан, якая паходзіла зь сям’і сяброў. Іх першынец Жак быў разумова адсталым, а дачка Рэнэ пакутавала на нэрвовыя засмучэньні. Дзеці Кубэртэна не пакінулі нашчадзтва. Абодва пляменьнікі Кубэртэна, зь якімі яны былі блізкія, загінулі падчас вайны. Жонка Кубэртэна памерла ў 1963 годзе ва ўзросьце 101 году[3][4].
Мэдаль П’ера дэ Кубэртэна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэдаль П’ера дэ Кубэртэна ўручаецца Міжнародным алімпійскім камітэтам за праяўленае высакароднасьці й вернасьць духу «Fair Play» падчас Алімпійскіх гульняў. Шматлікімі спартоўцамі й гледачамі гэтая ўзнагарода прызнаецца найважнейшай, нават больш каштоўнай за залаты алімпійскі мэдаль. МАК таксама называе ўручэньне Мэдаля П’ера дэ Кубэртэна найвялікшым гонарам, якой можа быць уганараваны спартовец.
Філятэлія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Паштовая марка Азэрбайджану, прысьвечаная П’еру дэ Кубэртэну, 1994
-
Паштовая марка Малдовы з фота дэ Кубэртэна, 1994
Сачыненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Une Campagne de 21 ans.. Paris: Librairie de l'Éducation Physique. 1908.
- La Chronique de France (7 vols.). Auxerre and Paris: Lanier. 1900—1906.
- L'Éducation anglaise en France. Paris: Hachette. 1889.
- L'Éducation en Angleterre. Paris: Hachette. 1888.
- Essais de psychologie sportive. Lausanne: Payot. 1913.
- L'Évolution française sous la Troisième République. Paris: Hachette. 1896.
- France Since 1814. New York: Macmillan. 1900.
- La Gymnastique utilitaire. Paris: Alcan. 1905.
- Histoire universelle (4 vols.). Aix-en-Provence: Société de l’histoire universelle. 1919.
- Mémoires olympiques. Lausanne: Bureau international de pédagogie sportive. 1931.
- Notes sur l'éducation publique. Paris: Hachette. 1901.
- Pages d’histoire contemporaine. Paris: Plon. 1908.
- Pédagogie sportive. Paris: Crés. 1922.
- Le Respect Mutuel. Paris: Alean. 1915.
- Souvenirs d’Amérique et de Grèce. Paris: Hachette. 1897.
- Universités transatlantiques. Paris: Hachette. 1890.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Pierre de Coubertin and the arts (анг.)
- ^ https://web.archive.org/web/20080417021747/http://olympic-museum.de/art/1912.htm Art Competition 1912 (анг.)
- ^ Біяграфія Кубэртэна на sports-reference.com (анг.)
- ^ Біяграфія Кубэртэна на gypy.sk (сайт гімназіі ім. Кубэртэна (анг.)