Перайсьці да зьместу

Нэўры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нэўры (Neuri) на мапе XIX стагодзьдзя «Сьвет Герадота»

Нэ́ўры (па-старажытнагрэцку: Νευροί, па-лацінску: Neuri) — старажытны народ. Тэрыторыяй пражываньня лічацца вярхоўі Днястра і Паўднёвага Бугу. Распаўсюджанаму меркаваньню пярэчаць дасьледаваньні пазьнейшага гісторыка Плінія, які сьцьвярджаў, што вытокі Дняпра знаходзяцца ў краіне нэўраў.

Антычныя сьведчаньні

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Нэўры згадваюцца ў 4-й кнізе «Гісторыі» Герадота як народ, землі якога на захадзе межавалі з агафірсамі, на поўдні са скіфамі, а на ўсходзе з андрафагамі. На поўначы Герадот зьмяшчаў бязьлюдную пустэльню[1].

Нэўры быццам змушаныя былі «за адно пакаленьне да паходу Дарыя» пакінуць свае землі з-за «мноства зьмеяў, якіх нарадзіла іх краіна» (то бок, ворагаў), і пасяліцца «разам з будзінамі». Герадотавы нэўры былі, «можна думаць, чараўнікамі», і, паводле словаў скіфаў і элінаў, што жылі ў скіфаў, па некалькі разоў за год прымалі воўчае аблічча[2]. Гэтае паведамленьне дазволіла прасачыць славянскія ўяўленьні пра пярэваратняў-ваўкоў углыб гісторыі. Пазьней, правёўшы аналёгіі з татэмнымі культамі індзейцаў (у асаблівасьці племені квакіюталь, навукоўцы прыйшлі да высновы пра наяўнасьць між нэўраў культу ваўка.

У Герадота ёсьць згадка і пра тое, што цар (цары) нэўраў разам зь іншымі царамі Вялікай Скіфіі прымалі ўдзел у знакамітай Радзе цароў Скіфіі 512 (514) року да н. э. У адказ на просьбу пра дапамогу супраць пэрсыдзкага цара Дарыя нэўры і іншыя плямёны адмовіліся, тлумачачы гэта тым, што ня маюць спрэчак з пэрсамі, і не дапамогуць скіфам, якія самі спрычынілі вайну. У рэшце рэшт скіфы, выматваючы пэрсаў, прайшлі па царствах Паўночнай Скіфіі, адступіўшы і ў зямлю нэўраў, якія сышлі на поўнач у пустэльню[3].

Гістарыяграфія

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Старажытнарымскія аўтары I—V стст. (Пампоній Мела, Гай Пліній Секунд, Марцін Капела) зьвязвалі тэрыторыю герадотавых нэўраў з рэкамі Тырас (Днестр) і Барысфен (Дняпро).

У новы час швэдзкі гісторык Улёф фон Далін (XVIII ст.) вызначыў нэўраў як «сумесь расаў» і лякалізаваў месца іхняга знаходжаньня ў Скандынавіі. У XIX стагодзьдзі чэскі гісторык Павал Ёзэф Шафарык памяшчаў нэўраў у басэйне р. Нараў (Польшча), а расейскі этнограф П. М. Шпілеўскі — на тэрыторыі Беларусі, бо лічыў, што тут найбольш былі пашыраныя ўяўленьні аб ваўках-пярэваратнях. Савецкі археоляг В. М. Мельнікоўская (1950-я—1960-я гг.) лічыла нэўраў насельніцтвам мілаградзкай археалягічнай культуры, якое ў VIII—III стст. да н. э. займала паўднёвы ўсход Беларусі. Яна меркавала, што плямёны мілаградзкай культуры прыйшлі на тэрыторыю Беларусі з заходняй часткі Валыні. Гэтую думку падтрымаў акадэмік Б. А. Рыбакоў на падставе таго, што будзіны[4], да якіх перасяліліся нэўры, жылі на тэрыторыі сучаснай Бранскай вобласьці, побач з Гомельшчынай.

На думку Б. М. Гракава, нэўрам належаць помнікі на правым беразе сярэдняга Дняпра ўсутыч да лесастэпавых водаў Паўднёвага Бугу і Днястра[5]. Пра нэўраў, што перасяліліся ў свой час у зямлю будзінаў, то бок на Дняпроўскае левабярэжжа[2], нагадваюць зьвязаныя са сваім паходжаньнем з культурой правабярэжжа помнікі басэйну Ворсклы[6].

Беларускі археоляг С. Я. Рассадзін удакладніў лякалізацыю нэўраў у басэйне р. Гарынь (заходняя частка мілаградзкага арэалу). На ягоную думку, адтуль нэўры рушылі да Паўднёвага Буга — да скіфаў, а згадваньне будзінаў — памылка перапісчыка. Зь ім згодны дасьледнік скіфскай культуры А. І. Цераножкін. Зьмеі Герадота[7], на думку Рассадзіна, азначаюць зьмену клімату — паніжэньне сярэдніх тэмпэратураў і ўзрастаньне вільготнасьці (шмат дажджоў, паводкі, забалочваньне нізінаў), якія мелі месца ў сяр. VI ст. да н. э., і якія прымусілі нэўраў перасяліцца на сушэйшыя месцы.

Паводле Рассадзіна і на падставе таго, што да нэўраў па дапамогу звярталіся скіфы, нэўры былі даволі шматлікімі і моцнымі; не былі дзікунамі, а мелі палітычную арганізацыю — «норавы скіфскія»[8].

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. Герадот. Гісторыя IV 17, 100
  2. 1 2 Герадот. Гісторыя. IV, 105
  3. Герадот. Гісторыя IV 125
  4. Носьбіты юхнаўскай археалягічнай культуры
  5. Граков Б. Н. Скифы. М., 1971. С. 120 сл.
  6. Граков Б. Н. Скифы. М., 1971. С. 161.
  7. Зьмяя — міталягічны сымбаль дажджу.
  8. У тагачаснай Скіфіі ўжо склалася рабаўладальніцкая дзяржава.
  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна: ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7
  • Гісторыя Беларусі: Вучэбна-метадычны комплекс / Дз.С. Самахвалаў, В.М. Лянцэвіч, С.А. Кізіма, А.А. Крыварот / Пад агульн. рэд. Дз.С. Самахвалава. — Мн.: Мінскі інстытут кіравання, 2004.