Новая Гвінэя
Новая Гвінэя | |
Месца | Мэланэзія |
---|---|
Плошча | 786 000 км² |
Найвышэйшы пункт | 4509 м |
Краіна | Інданэзія |
Вобласьць | Правінцыя Папуа[d] і West Papua[d] |
Насельніцтва (2005) | 7 500 000 |
Каардынаты | 5°20′ пд. ш. 141°36′ у. д. / 5.333° пд. ш. 141.6° у. д.Каардынаты: 5°20′ пд. ш. 141°36′ у. д. / 5.333° пд. ш. 141.6° у. д. |
Новая Гвінэя |
Но́вая Гвінэ́я, Но́вая Ґвінэ́я — другі па велічыні востраў Зямлі (пасьля Грэнляндыі), плошча выспы — 786 тыс. км².
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разьмешчаная ў заходнім Ціхім акіяне выспа Новая Гвінэя знаходзіцца на поўнач ад Аўстраліі (паміж імі праліў Торэса). Захад выспы належыць Інданэзіі, у той час як усходняя частка выспы адносіцца да Акіяніі і на ёй разьмяшчаецца незалежная дзяржава Папуа-Новая Гвінэя. Выспа зьяўляецца найбуйнейшай выспай сярод падзеленых паміж краінамі.
У заходняй частцы знаходзіцца горны масіў Маокэ, самая высокая вяршыня якога Пунчак-Джая дасягае амаль 4884 мэтраў над узроўнем мора. На ўсходзе разьмяшчаюцца горы Бісмарка, найвышэйшы пункт — гара Вільгэльм — налічвае 4509 мэтраў. Самай доўгай ракой выспы зьяўляецца рака Флай.
Расьлінны і жывёльны сьвет
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Новая Гвінэя — трапічная выспа і таму мае даволі вялікую разнастайнасьць відаў. Яе насяляюць 11 тысяч відаў расьлін, 600 унікальных відаў птушак, звыш 400 відаў земнаводных, 455 відаў матылёў і каля ста вядомых відаў сысуноў.
Эдэмскі сад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2005 годзе група амэрыканскіх дасьледчыкаў выявіла ў трапічных лясах горнага раёну Новай Гвінэі месца, якое яны назвалі «Эдэмскім садам».
Гэты раён плошчай каля 300 тысяч гектараў разьмешчаны на схілах гор Фоджа ў заходняй частцы Новай Гвінэі і апынуўся ізаляваны ад узьдзеяньня навакольнага сьвету.
Навукоўцы выявілі ў «Эдэмскім садзе» больш за 20 невядомых раней відаў рапух, чатыры новыя віды матылёў, пяць невядомых навуцы відаў пальмаў і мноства расьлін. Былі выяўлены некалькі відаў рэдкіх сумчатых — драўняных кэнгуру, а таксама шасьціпёрая «райская птушка» Бэрлепша, якая раней лічылася вымерлай.
Усе жывёлы — насельнікі нагор’я — не баяцца чалавека, у прыватнасьці, рэдкая даўгадзюбая праэхідна дазволіла навукоўцам ўзяць сябе ў рукі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньняя гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У глыбокай старажытнасьці Новая Гвінэя была злучана з Аўстраліяй. Падзел адбыўся ў выніку павышэньня ўзроўню сусьветнага акіяна параўнальна нядаўна. Гэтым тлумачыцца наяўнасьць на выспе вялікай колькасьці відаў сумчатых, якія насяляюць Аўстралію. Засяленьне чалавекам адбылося як мінімум 45 тысяч гадоў да н. э. з Азіі. У выніку ад перасяленцаў пайшла больш як тысяча папуаска — мэланэзійскіх плямён. Адсутнасьць буйных, здатных да прыручэньня жывёл на выспе перашкаджала разьвіцьцю земляробства і рабіла немагчымай жывёлагадоўлю. Гэта садзейнічала захаваньню першабытна-абшчыннага ладу на вялікіх тэрыторыях Новай Гвінэі да сёньняшніх дзён. Разнастайнасьць моваў і мноства плямён былі абумоўлены ізаляванасьцю людзей адзін ад аднаго, бо горны ляндшафт і адсутнасьць тэхнічных сродкаў перашкаджалі стасункам і культурнаму абмену.
На тэрыторыі Новай Гвінэі знаходзіцца старажытнае земляробчае пасяленьне Кука, якое паказвае ізаляванае разьвіцьцё на працягу 7—10 тысячагоддзяў і якое ўваходзіць ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА.
Адкрыцьцё эўрапейцамі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першымі адкрывальнікамі Новай Гвінэі былі гішпанскія і партугальскія мараплаўцы ў пачатку 16 стагодзьдзя. У 1526 годзе на паўночна-заходнім узьбярэжжы выспы высадзіўся партугалец дон Жоржы ды Мэнэзеш. Згодна з паданьнем, ён назваў адкрытыя ім землі Ilhas dos Papuas — «выспы Папуа», ад малайскага слова, якое абазначае «кучаравы»; відаць, ён меў на ўвазе жорсткія кучаравыя валасы мэланэзійскіх абарыгенаў.
Пазьней, у 1545 годзе паблізу выспы праплываў гішпанец Іньіга Ортыс дэ Рэтэс і назваў яё «Новая Гвінэя», паколькі ўзьбярэжжа нагадвала яму берагі афрыканскай Гвінэі, якія ён бачыў раней. Яшчэ пазьней з Новай Гвінэі гішпанскія купцы пачалі вывозіць золата, срэбра, какосы, каўчук і каштоўныя пароды драўніны.
Значны ўнёсак у дасьледваньне народаў Новай Гвінэі належыць расейскаму вучонаму і вандроўніку М. М. Міклуха-Маклаю, які працаваў на высьпе ў 70-х — 80-х гадах 19 стагодзьдзя.
Эпоха каляніялізму
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1828 годзе ў якасьці першай эўрапейскай дзяржавы Нідэрлянды набылі заходнюю паўвыспу Вогелькоп. У 1884 годзе астатнюю частку выспы падзялілі паміж сабой Нідэрлянды, Вялікабрытанія і Нямецкая імпэрыя. За Нідэрляндамі засталася заходняя палова Новай Гвінэі, брытанцы набылі паўднёвы ўсход, немцы — паўночны ўсход, які яны назвалі Зямлёй кайзэра Вільгэльма І. Брытанская частка потым была аддадзена Аўстраліі ў 1906 годзе, а нямецкая пасьля Першай сусьветнай вайны стала аўстралійскім мандатам Лігі Нацыяў.
Другая сусьветная вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падчас Другой сусвьетнай вайны выспа была акупавана Японіяй. Адрынутыя зьверствамі японскай ваеншчыны папуасы дапамагалі сілам саюзьнікаў як маглі, транспартуючы рыштунак і параненых праз усю выспу. Пасьля вайны Інданезія, якая стала незалежнай у 1949 годзе, выказала прэтэнзіі на заходнюю частку Новай Гвінэі, якая, аднак, засталася пад адміністрацыяй Нідэрляндаў.
Незалежнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 1957 году Нідэрлянды і Аўстралія пачалі будаваць пляны па наданьні незалежнасці аб’яднанай Новай Гвінэі. У 1961 годзе ў заходняй частцы былі праведзеныя выбары і створаны парлямэнт. Не жадаючы такога палітычнага разьвіцьця, Інданэзія ў адказ на гэта ўвяла свае войскі і абвясьціла аб далучэньні заходняй паловы выспы да Інданэзіі. Пасьля гэтага пачаліся масавыя дэпартацыі папуаскага насельніцтва, на месца якога рушылі перасяленцы зь Явы. Мяркуецца, што ў выніку «этнічнай чысткі» заходняй Новай Гвінэі да сёньняшняга дня загінула каля 300 тысяч папуасаў. У 1975 годзе ва ўсходняй частцы Аўстралія дала незалежнасьць дзяржаве Папуа-Новая Гвінэя.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Новая Гвінэя — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў