Перайсьці да зьместу

Нарцыза Жмыхоўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нарцыза Жмыхоўская
Narcyza Żmichowska
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Narcyza Kazimiera Józefa Żmichowska[
Псэўданімы Gabryella
Нарадзілася 4 сакавіка 1819
Варшава
Памерла 25 сьнежня 1876
Варшава
Пахаваная Варшава, Паванзкоўскія могілкі
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці Пісьменьніца, паэтка, пэдагогіца, грамадзкая дзяячка, фэміністка
Гады творчасьці 1846-1876
Жанр Раман, паэзія, эсэ
Мова Польская
Дэбют 1846
Значныя творы Раман "Паганка" (1846)
Подпіс Выява аўтографу

Нарцыза Жмыхоўская (па-польску: Narcyza Żmichowska, поўнае імя: Narcyza Kazimiera Józefa Żmichowska; 4 сакавіка 1819, Варшава — 25 сьнежня 1876, Варшава) ― польская пісьменьніца, паэтка, грамадзкая дзяячка, адна зь піянэрак польскага фэмінізму. Аўтарка фэмінісцкага рамана «Паганка»[1].

Нарадзілася ў Варшаве, куды прывезьлі нараджаць ейную маці, якая памерла праз тры дні пасьля родаў. Нарадзілася ў беднай памешчыцкай сям’і, якая страціла маёмасьць з-за пазбаўленьня спадчыны ейнай бабулі. Бацька Ян Жмыхоўскі быў пісарам на саляной капальні ў Новым Мясьце над Піліцай. Выхоўвалася ў сваякоў на Падляшшы. Навучалася ў пансыянаце Зузаны Вільчынскай, а потым у Інстытуце гувэрнантак у Варшаве, дзе ейнай настаўніцай была Клеманціна Танска-Гофман. У 1838 годзе стала гувэрнанткай у сям’і графаў Замойскіх[2].

У Парыжы, куды яна паехала зь сям’ёй Замойскіх, Жмыхоўская сустрэла свайго брата Эразма, эмігранта пасьля Лістападаўскага паўстаньня. Значны ўплыў на Жмыхоўскую зрабілі ягоныя левыя погляды і знаходжаньне ў сям’і Замойскіх, у тым ліку крытычнае стаўленьне да арыстакратыі[3].

На заклік і пад кіраўніцтвам брата яна пачала грунтоўную вучобу ў Парыскай нацыянальнай бібліятэцы ў Францыі, вывучаючы творы Готфрыда Ляйбніца, Ягана Фіхтэ, Аўгуста Шлегеля, Імануіла Канта, Фрыдрыха фон Шэлінга і Адама Міцкевіча. Яна была адной зь першых жанчынаў, якая прысутнічала на пасяджэньнях Францускай акадэміі [4].

Важнае месца ў ейных інтарэсах займала барацьба за польскую незалежнасьць. Знаходжаньне ў Францыі цалкам зьмяніла яе: яна стала эксцэнтрычнай, сьмела выказвала свае погляды і паліла цыгары на публіцы. Выдатнае веданьне францускай мовы і ўсебаковая адукацыя дазволілі ёй лёгка знайсьці працу хатняй настаўніцай для чатырох дзяцей Станіслава Кісялецкага ў маёнтку пад Ломжай. Яна часта езьдзіла ў Варшаву, дзе кантактавала зь мясцовай інтэлігенцыяй[5].

З 1842 па 1845 год Жмыхоўская жыла ў Жэчыцы, дзе вяла нелегальную вясковую школу і напісала свой самы вялікі твор «Паганка»[1].

Пасьля выяўленьня г.зв. «змовы рамесьнікаў» у 1849 годзе яна трапіла ў турму, а потым пад хатні арышт[1].

З 1844 па 1845 г. заставалася ў Вялікай Польшчы, дзе прадавала нелегальны друк па загадзе Польскага дэмакратычнага таварыства. У 1846 г. пераехала назад у Варшаву і ўстанавіла стыпэндыі дзяўчатам[1].

Пасьля сьмерці брата Жмыхоўская стварыла групу энтузіястак, у якую ўвайшлі эмансыпаваныя жанчыны з Варшавы, якія таксама ўдзельнічалі ў падпольлі ў 1842–1849 гадах. На працягу многіх гадоў яна вяла інтымнае і асабістае ліставаньне з сваёй вучаніцай Вандай Жэленьскай, а таксама з паплечніцай Бібіянай Марачэўскай. Гэтыя лісты і дасьледаваньні ейных твораў вельмі яскрава паказваюць лесьбійскую арыентацыю аўтаркі[6].

Пасьля Студзеньскага паўстаньня Жмыхоўская зноў паехала ў Парыж, дзе навучалася ў Сарбоне[1].

Яна памерла пасьля вяртаньня на радзіму з-за цяжкай хваробы. Пахаваная на Паванзоўскіх могілках у Варшаве[7].

Нарцыза Жмыхоўская плянавала дэбютаваць у Парыжы ў прозе на францускай мове, але пачала літаратурную дзейнасьць у Каралеўстве Польскім з паэзіі; і менавіта дзякуючы вершам набыла першапачатковую адносную папулярнасьць. Паэзіяй займалася таксама, праўда, радзей і пасьля выхаду рамана «Паганкі»[8]. У ейнай творчасьці ўсё ж пераважала проза. Галоўная тэма ейных самых раньніх твораў, датаваных першай паловай 1840-х гадоў, — пазыцыя творцы ў адносінах да мастацкіх і грамадзкіх абавязкаў, паміж мастацтвам і справай[1].

Раманы Н. Жмыхоўскай закраналі сацыяльныя праблемы і паказвалі герояў, якія настойліва дамагаюцца сваёй мэты. Пісьменьніца была прыхільніцай зьмены мэтаў нацыі: на зьмену рамантычным імкненьням да незалежнасьці, хутчэй асуджаным на правал, павінна было прыйсьці задавальненьне патрэбаў асобы як умовы грамадзкага дабрабыту[9].

Адзіны завершаны раман Н. Жмыхоўскай — «Паганка» (у поўнай вэрсіі выйшаў у 1846 годзе). Напісаны складанай для сёньняшняга чытача мовай, ён, аднак, цалкам сучасны — ягоная структура амаль нагадвае постмадэрнісцкія экспэрымэнты ХХ стагодхьдзя. У пэўным сэнсе, гэта раман-шкатулка — чытаючы яго, вы адкрываеце для сябе новыя гісторыі і альтэрнатыўныя сэнсы[1].

Піянэрка польскага фэмінізму

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жмыхоўская была настаўніцай і выхавацелькай; ейныя погляды сфармаваліся ў апазыцыі да поглядаў сваёй настаўніцы Клеманціны Танскай-Гофман, якую яна абвінаваціла ў «мужчынскім пункту гледжаньня», кансэрватызьме і адсутнасьці патрыятызму. Жмыхоўская распрацавала праграму для навучаньня дзяўчынак. Яна лічыла, што жанчынам патрэбныя веды ў першую чаргу для таго, каб яны маглі прымаць сьвядомыя рашэньньі ў жыцьці і выбіраць іншыя формы грамадзкай дзейнасьці, акрамя звычайных функцыяў жонкі і маці[9].

Жмыхоўска заахвочвала жанчынаў ствараць паміж сабой «сястрынскія сувязі», бо іх падзяляе агульны лёс (яна нават увяла назву такой сувязі: «posiestrzenie» (пасястэрства))[9].

Дзейнасьць Жмыхоўскай зьвяртала ўвагу на ролю і значэньне адукацыі жанчынаў у грамадзтве[9].

  • Poganka (рамантычны раман, 1846)
  • Książka pamiątek (раман на сутычцы рамантызму і пазытывізму, 1847-48 [часткі I-XII] i 1885 [часткі XIII-XIV], кніжнае выданьне 1861)
  • Dwoiste życie
  • Czy to powieść?
  • Ścieżki przez życie
  • Biała róża (раман)
  • Wolne chwile Gabryelli tom 1
  • Wykład nauk przeznaczonych do pomocy w domowym wychowaniu panien
  • Pewność (вершы)
  • O Pawle Edmundzie Strzeleckim.
  1. ^ а б в г д е ё Natalia Mętrak, Narcyza Żmichowska - Życie i twórczość, Culture.pl, grudzień 2016, https://culture.pl/pl/tworca/narcyza-zmichowska
  2. ^ Anna Dziadzio, Była jedną z największych polskich feministek. Dlaczego nigdy o niej nie słyszałeś?, „opinie.wp.pl”, 26 października 2017, https://opinie.wp.pl/byla-jedna-z-najwiekszych-polskich-feministek-dlaczego-nigdy-o-niej-nie-slyszales-6179850923243137a
  3. ^ T. Żeleński – Boy, Wstęp do: N. Żmichowska (Gabriella), Poganka, Wrocław 1950.
  4. ^ Maria Woźniakiewicz-Dziadosz, Dzieje przyjaźni entuzjastek w świetle listów Narcyzy Żmichowskiej do Bibianny Moraczewskiej, https://web.archive.org/web/20050523132959/http://www.annales.umcs.lublin.pl/FF/2002_2003/31.pdf.
  5. ^ Maria Woźniakiewicz-Dziadosz, Dzieje przyjaźni entuzjastek w świetle listów Narcyzy Żmichowskiej do Bibianny Moraczewskiej, https://web.archive.org/web/20050523132959/http://www.annales.umcs.lublin.pl/FF/2002_2003/31.pdf
  6. ^ Barbara Winklowa, Narcyza Żmichowska i Wanda Żeleńska. Kraków 2004, s.11,12.
  7. ^ Cmentarz Stare Powązki: NARCYZA ŻMICHOWSKA, [w:] Warszawskie Zabytkowe Pomniki Nagrobne, http://mbc.cyfrowemazowsze.pl/dlibra/docmetadata?id=52586&from=publication(недаступная спасылка)
  8. ^ "Poganka" Narcyzy Żmichowskiej.Geneza, źródła, artyzm i idea utworu; M. Mann, Warszawa, 1916, str.12-13.
  9. ^ а б в г Anna Dziadzio, Była jedną z największych polskich feministek. Dlaczego nigdy o niej nie słyszałeś?, https://opinie.wp.pl/byla-jedna-z-najwiekszych-polskich-feministek-dlaczego-nigdy-o-niej-nie-slyszales-6179850923243137a