Перайсьці да зьместу

Міхал Жыгімонтавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Міхаіл Жыгімонтавіч»)
Міхал Жыгімонтавіч
лац. Michał Žygimontavič
Міхал Жыгімонтавіч
 Князь
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1380-я г.
Памёр 1451 або 1452,
Дынастыя Гедзімінавічы
Сужэнец Яўфімія Варшаўская[d][2], Кацярына Мазавецкая[d][2] і Ганна Мазавецкая[d][2]
Бацька Жыгімонт Кейстутавіч

Міхал Жыгімонтавіч (Міхайла Жыгімонтавіч, Баляслаў; 1380-я — 1451 або 1452) — князь у Вялікім Княстве Літоўскім.

Варыянты імя ў гістарычных крыніцах: Michayłuszko Żygimontowicz (Хроніка Быхаўца)[3]; князь Михайло Жигимонтовичь (Хроніка літоўская і жамойцкая)[4].

Сын вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча ад ягонай першай жонкі, дачкі князя Андрэя Адзінцэвіча. У 1390 годзе разам з бацькам і іншымі быў аддадзены Вітаўтам у заклад да крыжакоў за падтрымку яго ў барацьбе за велікакняскі пасад. Калі Вітаўт не стрымаў слова і склаў зь Ягайлам Востраўскае пагадненьне 1392 году, ён і іншыя закладнікі былі зьняволеныя крыжакамі і пасаджаны ў вязьніцу.

З 1398 году ён ізноў у Вялікім Княстве Літоўскім, дзе ажаніўся з Ганнай, дачкой плоцкага князя Земавіта.

У 1427—1429 гадох знаходзіўся пры двары вялікага магістра Нямецкага ордэну. З 1434 году, калі ягоны бацька заняў велікакняскі пасад, знаходзіўся пры ім, быў прызначаны камандуючым войскамі, што выступілі супраць Сьвідрыгайлы, і 1 верасьня 1435 году атрымаў над ім перамогу пад Вількамірам, заняў Воршу, узяў у аблогу Віцебск і Полацак. Атрымаў у валоданьне Слуцак, Хоўхлу, Слонім, землі на Падляшшы.

Па забойстве ягонага бацькі, у сакавіку 1440 году, некаторыя фэадалы, у асноўным на Жамойці, падтрымалі ягоную кандыдатуру на велікакняскі пасад, але ў 1440 году вялікім князем быў абраны Казімер Ягайлавіч, і ў мэтах прадухіленьня паўстаньняў іншых прэтэндэнтаў на вялікакняскі пасад, а таксама магчымага паўстаньня жамойтаў на чале зь Міхалам, Казімер пайшоў на пацьвярджэньне ранейшых прывілеяў Жамойцкай зямлі. Паводле «Хронікі Быхаўца», Казімер, умацаваўшыся на велікакняскім пасадзе, падараваў Міхалу Жыгімонтавічу Бельск, Сураж, Клецак, Койданаў, Бранск і Старадуб.

У 1439 годзе Міхал Жыгімонтавіч заснаваў ў Койданаве касьцёл Сьвятой Ганны, які існуе і цяпер[5]. У Клецку ён задумаў змову супраць вялікага князя Казімера, у якой удзельнічалі таксама князі Валожынскія, але яна была раскрытая. Паводле іншых крыніц, Міхал Жыгімонтавіч па абраньні Казімера вялікім князем выехаў да сваякоў у Мазовію за падтрымкай у барацьбе супраць яго, потым у Малдову, а пазьней да хана Сэід-Агмэда. У пачатку 1449 году Міхал Жыгімонтавіч з татарскім войскам на кароткі час захапіў у Вялікага Княства Літоўскага Севершчыну і Кіеў[6]. Потым шукаў падтрымкі ў Маскве, але там быў зьняволены і, паводле некаторых зьвестак, каля 1452 году атручаны.

  1. ^ а б Bolesław Zygmuntowicz Michał
  2. ^ а б в г д Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 161.
  3. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 157.
  4. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 86.
  5. ^ Валахановіч А. Міхаіл Жыгімонтавіч. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2004. С. 77-78.
  6. ^ Пазднякоў В. Міхаіл Жыгімонтавіч // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 213.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2004. — 704 с.: іл. ISBN 985-6302-64-1.
  • ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міхал Жыгімонтавічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў