Перайсьці да зьместу

Міла Ёвавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міла Ёвавіч
па-ўкраінску: Мілла Йовович
па-сэрбску (кірыліцай): Мила Јововић
па-сэрбскахарвацку: Mila Jovović
Дата нараджэньня 17 сьнежня 1975(1975-12-17)[1][2] (48 гадоў)
Месца нараджэньня
Занятак кінаакторка, мадэлька, сьпявачка, тэлеактор, фотамадэль, акторка агучваньня, выканаўчая прадусарка, гітарыстка, аўтар-кампазытар, глямурная мадэлька, кінарэжысэрка
Жанры поп, фолк-рок[d], альтэрнатыўны рок і софт-рок[d]
Бацька Bogdan Jovovich[d]
Маці Galina Jovovich[d]
Дзеці Ever Anderson Jovovich[d], Dashiel Edan Anderson[d] і Osian Lark Elliot Jovovich-Anderson[d]
IMDb ID nm0000170
Сайт millaj.com (анг.)

Міла Ёвавіч (поўнае імя Міліца Ёвавіч; па-ангельску: Milla Jovovich, нар. 17 сьнежня 1975, Кіеў) — амэрыканская акторка, сьпявачка, мадэль і мадэльер украінскага паходжаньня.

Яе маці Галіна Логінава пазнаёмілася з бацькам Багданам Ёвавічам у Кіеве, калі ён вучыўся на лекара-тэрпэўта ў Кіеўскім мэдычным інстытуце па праграме навучаньня для замежных студэнтаў[4][5][6]. Маці, Галіна Логінава, скончыла школу ў Дніпро, потым у 1972 годзе скончыла Усерасейскі дзяржаўны інстытут кінэматаграфіі, пасьля атрыманьня дыплёму вярнулася ва Ўкраіну і працавала акторкай (1973—1980) на кінастудыі імя Аляксандра Даўжэнкі ў Кіеве[4][5]. Міла Ёвавіч першыя пяць гадоў пражыла ва Ўкраіне, і амаль адзін год хадзіла ў дзіцячы садок у Дніпро[7], потым жыла з маці ў Кіеве на вуліцы Багамольца[5]. У студзені 1981 году яны эмігравалі ў ЗША, бацьку (сэрбу паводле паходжаньня) не далі візу ў СССР[4]. Але спачатку сям’я Мілы Ёвавіч жыла ў Лёндане, і толькі потым у Сакрамэнта, пасьля чаго пераехала ў Лос-Анджэлес (ЗША)[4][6]. Вышэшай адукацыі Міла не атрымала, але кар’еру мадэлі пачала вельмі рана — у адзінаццаць гадоў.

Міла хадзіла ў дзяржаўныя школы ў Лос-Анджэлесе. Яна досыць хутка вывучыла ангельскую мову — за тры месяцы. Але ў школах іншыя дзеці ўсё адно ставіліся да яе варожа, бо яе бацькі былі с Савецкага Саюзу (што было выклікана новым абвастрэньнем у Халоднай вайне). У 1994 годзе Багдан (бацька) быў арыштаваны і асуджаны на 20 гадоў за фінансавыя махлярствы з мэдычнымі страхоўкамі, але правёў у турме толькі пяць гадоў і быў выпушчаны ў 1999 годзе (паводле словаў Мілы, турма пайшла ейнаму бацьку на карысьць і зьмяніла яго ў лепшы бок). Выхаваньнем Мілы і прамоцыяй яе ў шоў-бізнэсе на пачатковым этапе займалася мама, якая адпаведна сама вярнулася ў кіно.

Акторская кар’ера

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У мадэльным бізнэсе з 9 гадоў, спачатку зьявілася на вокладцы італьянскага часопіса «Lei». Пазьней вядомы амэрыканскі фатограф Рычард Авэдан прапанаваў ёй фотасэсію для часопіса «Mademoiselle». Калі рэдактар часопіса даведаўся пра ўзрост мадэлі, ён хутка прыбраў фатаграфію Ёвавіч. Толькі пасьля папярэджаньня Авэдана фатаграфіі былі вернутыя. Праблема выкарыстаньня непаўнагадовых ў шоў-бізнэсе на некалькі месяцаў стала тэмай для абмеркаваньня на амэрыканскіх ток-шоў. На гэты момант Міла зьявілася на вокладках 15 часопісаў. Яшчэ пад час вучобы ў сёмым клясе, 12-гадовая Міла кінула школу, каб канчаткова сканцэнтравацца на працы мадэльлю. У 1994 годзе, калі Міле было 19 гадоў, яна атрымала грамадзянства ЗША.

Дэбют Мілы ў кіно адбыўся ў трынаццаць гадоў — яна зьявілася на экране ў ролі малодшай сястры гераіні Шэрылін Фэн у «Зьліцьці двух Месяцаў». Потым здымалася ў такіх кінафільмах, як «Вяртаньне ў Блакітную Лагуну» (1991, галоўная жаночая роля), «Кафс» (1992, галоўная жаночая роля); «Чаплін» (1992 (адна з жонак Чарлі Чапліна, Мілдрэд Гарыс); «Ягоная гульня» Спайка Лі (роля прастытуткі); ды тэлефільме «Начны цягнік у Катманду» (студыя Дыснэя). Самымі яркімі можна лічыць ролю Лілу ў «Пятым элемэнце» ды Жаны д’Арк у фільме «Жана д’Арк»; абедзьве стужкі здымаў Люк Бэсон.

Міла Ёвавіч прыняла ўдзел у рэклямнай кампаніі Revlon «Самыя незабыўныя жанчыны сьвету». Яна заключыла кантракты з Hugo Boss, Guess, Calvin Klein; ганарары дасягалі 3 тысячаў даляраў за дзень. З 1998 году — твар L'Oréal.

У 2000 годзе на адкрыцьці Бэрлінскага кінафэстывалю адбылася прэм’ера новага фільма з удзелам Ёвавіч і Мэла Гібсана — карціны Віма Вэндэрса «Гатэль Мільён даляраў» паводле сцэнару саліста U2 Бона. Карціна атрымала прыз фэстывалю — «Срэбнага мядзьведзя». У 2001 годзе Ёвавіч зьнялася ў камэдыі Бэна Стылера «Узорны самец».

Ёвавіч разам з мадэльлю Кармэн Гоўк зьяўляецца стваральнікам лініі вопраткі «Jovovich-Hawk». У 2004 годзе была самай высокааплочваемай мадэльлю, рэклямуючы касмэтыку L’Oreal. Адпаведна рэйтынгу часопіса Forbes, яе даход склаў 10,5 млн даляраў (з улікам ганарараў за здымкі ў фільмах). У 2005 годзе Ёвавіч наведала Ўкраіну для ўдзелу ў сьвяткаваньні 80-годзьдзя міжнароднага дзіцячага лягера «Артэк» у Крыме.

Зьнялася ў шасьці баевіках «Прытулак зла» рэжысэра Пола Андэрсана. У сакавіку 2006 году выйшаў трылер «Ультрафіялет». У тым самым годзе адбыўся абмежаваны выпуск крымінальнай драмы «45-ы калібр».

На афіцыйным сайце Ёвавіч было абвешчана пра ўдзел у фільме Пола Вэрговэна «The Winter Queen» паводле рамана Барыса Акуніна. 28 лютага 2007 году Вэрговэн паведаміў, што назва фільма будзе замененая на «Азазэль» (Азазэль — дэман пустыні паводле веры старажытных габрэяў). Новая назва, на ягоную думку, выклікае большую інтрыгу.

У 2009 годзе зьнялася ў эратычнай фотасэсіі для часопіса «Purple Fashion», фатаграфаваў яго Марыё Сарэнта.

У 2010 годзе стала вобразам спэцыяльнай дабрачыннай сумкі ад Tommy Hilfiger, выпушчанай абмежаваным тыражом у дапамогу асацыяцыі Breast Health International. Арганізацыя займаецца праблемамі раку малочнай залозы ў жанчын.

У тым жа годзе зьнялася ў фільме «Выкрутасы», у якім згуляла разам з расейскім акторамі Канстантынам Хабенскім і Іванам Ургантам. Падчас прамоцыі фільма прыняла ўдзел у шоў «Пражэктарпэрысхілтан» (выпуск ад 19 лютага 2011).

У студзені 2019 году на кінафэстывалі «Сандэнс» адбылася прэм’ера фантастычнай мэлядрамы "Райскія", у якой Міла Ёвавіч згуляла адну з галоўных роляў.

Музычная кар’ера

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь дзяцінства займалася вакалам і гульнёй на фартэпіяна, гульнёй на электрагітары — з 13 гадоў, а гуказапісам — з 15 гадоў. Усяго Міла запісала два альбомы. У першай — «The divine comedy» — увайшоў запіс украінскай народнай песьні «Ой у гаі пры Дунаі» ў яе выкананьні. У 1993 годзе саўндтрэкам да фільма «Пад кайфам у сумятні» стала яе «Песьня чужынца» (па-ангельску: The alien song). Пачаць музычную кар’еру ёй дапамог Крыс Брэнэр.

У 1994 годзе Ёвавіч выпусьціла свой першы музчыны альбом «The Divine Comedy». Ёвавіч адпраўляецца са сваёй групай «Plastic Has Memory» у гастролі па Эўропе і ЗША.

Выйшла замуж у 1992 годзе за Шона Эндруса, які быў партнэрам у фільме «Пад кайфам у сумятні». Тады Эндрусу быў 21 год, а Ёвавіч было толькі 16. х шлюб доўга не працягнуўся, і ўсяго праз два месяцы яны разышліся[8]. У другі раз выйшла замуж за Люка Бэсона, які быў старэйшы за яе на 17 гадоў, у Лас-Вегасе — ён лічыў яе сваёй музай. Іх вясельле запомнілася тым, што маладыя прыгнулі з парашутам з самалёта. Але яны разьвяліся ў 1999 годзе. Яе муж — Пол Андэрсан, ажаніліся 22 жніўня 2009. Пара выхоўвае траіх дзяцей — Эвэр Габо Андэрсан (3 лістапада 2007), Дэшэл Ідэн Ёвавіч-Андэрсан (1 красавіка 2015) ды Ошын Ларк Эліят Ёвавіч-Андэрсан (2 лютага 2020). Жыве ў Лос-Анджэлесе і Парыжы[9][10].

У 2017 годзе ёй з-за пагрозы заўчасных родаў зрабілі экстрэны аборт, калі яна была на 5-м месяцы цяжарнасьці.

На сваім афіцыйным сайце Ёвавіч публікуе ўрыўкі зь дзёньніка, у якіх распавядае пра розныя падзеі ў сваім жыцьці. Яна выступае за легалізацыю марыхуаны і зьявілася на вокладцы «High Times». Міла займаецца баявымі мастацтвамі, у тым ліку джыў-джытсу.

  1. ^ Milla Jovovich // filmportal.de — 2005.
  2. ^ Milla Jovovich // Munzinger Personen (ням.)
  3. ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #130895326 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  4. ^ а б в г Мілла Йовович, біографія (анг.)
  5. ^ а б в Галина Логінова: Сьогодні Київ, наче весела дівчина, гарно вбрана і нафарбована (укр.)
  6. ^ а б Інтэрв’ю Галини Логінової (анг.)
  7. ^ Цікавий факт: голлівудська зірка Мілла Йовович майже рік ходила до дитячого садка Дніпра (укр.) Праверана 29 студзеня 2022 г.
  8. ^ Milla Jovovich (анг.)
  9. ^ From Milla (анг.) Праверана 7 лістапада 2007 г. Архіўная копія ад 25 чэрвеня 2013 г.
  10. ^ Milla Jovovich gives birth to baby girl, names her Ever (анг.). Times Daily (4 лістапада 2007). Праверана 4 лістапада 2007 г.