Мікалай Барысевіч (фізык)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Барысевіч.
Мікалай Барысевіч
Нарадзіўся 21 верасьня 1923(1923-09-21)[1]
пас. Лучны Мост Бярэзінскага раёну Менскай вобласьці
Памёр 25 кастрычніка 2015(2015-10-25) (92 гады)
Менск, Беларусь
Навуковая сфэра фізыка
Месца працы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт
Альма-матэр Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт
Навуковая ступень доктар фізыка-матэматычных навук[d]
Вучні Аляксандар Вайтовіч[2]
Узнагароды і прэміі
Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
Ордэн Айчыннай вайны 2 ступені
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Францішка Скарыны

Мікала́й Алякса́ндравіч Барысе́віч (21 верасьня 1923, пас. Лучны Мост Бярэзінскага раёну Менскай вобласьці — 25 кастрычніка 2015) — беларускі фізык, доктар фізыка-матэматычных навук (1965), прафэсар (1967), акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (1969), Акадэміі навук СССР (1981), шэрагу замежных акадэміяў. Заслужаны дзяяч навукі Беларусі (1994).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 21 верасьня 1923 году. Перад пачаткам Другой сусьветнай вайны скончыў Сялібскую сярэднюю школу. У вайну займаўся падпольнай працай, а затым пайшоў у партызанскі атрад. Пасьля злучэньня атраду з Чырвонай Арміяй быў жаўнерам-артылерыстам. Дайшоў да Бэрліна.

У 1950 годзе скончыў фізычна-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Леніна. Затым скончыў асьпірантуру Дзяржаўнага аптычнага інстытуту імя С. І. Вавілава (Ленінград). Пасьля абароны дысэртацыі вярнуўся ў Менск і прыняў удзел у стварэньні Інстытуту фізыкі Акадэміі навук БССР. У 1954—1963 — дацэнт БДУ. У 1955—1969 гг. намесьнік дырэктара, з 1957 году загаднік лябараторыі Інстытуту фізыкі, з 1992 г. Інстытуту малекулярнай і атамнай фізыкі.

З 22 студзеня 1969 г. віцэ-прэзыдэнт, з 14 траўня таго ж году прэзыдэнт Акадэміі навук БССР (да 1987 году). У 1969—1987 гадах галоўны рэдактар часопісу «Доклады Академии наук БССР».

У 1971—1987 гг. старшыня камітэту па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне навукі і тэхнікі. З сакавіка 1987 г. загаднік лябараторыі Фізычнага інстытуту імя П. М. Лебедзева Расейскай акадэміі навук. З 1992 г. ганаровы прэзыдэнт НАН Беларусі. З 1994 г. галоўны рэдактар «Журнала прикладной спектроскопии». У 1969—1989 гг. дэпутат Вярхоўнага Савету СССР.

Памёр 25 кастрычніка 2015 году[3].

Навуковая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Займаўся дасьледваньнямі па люмінэсцэнцыі і спэктраскапіі складаных малекулаў, квантавай электроніцы, інфрачырвонай тэхніцы. Распрацаваў статыстычную тэорыю фотафізычных працэсаў у складаных малекулах, увёў новыя спэктраскапічныя характарыстыкі малекулаў і распрацаваў мэтады іх вызначэньня. Адкрыў зьяву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекулаў, зарэгістраваную як навуковае адкрыцьцё. Выявіў тэрмічна актываваную і ініцыяваную лязэрным выпраменьваньнем запаволеную флюарасцэнцыю, люмінэсцэнцыю пры электрычным узбуджэньні, палярызацыю люмінэсцэнцыі і вымушанага выпраменьваньня, а таксама генэрацыю выпраменьваньня складана-малекулярных пароў. З дапамогаю піка- і фэмтасэкундавых лязэрных імпульсаў дасьледаваў звышхуткія рэляксацыйныя працэсы і структурныя перабудовы ў арганічных малекулах; пры ахаладжэньні малекулаў у звышгукавых струменях атрымаў тонкаструктурныя спэктры вольных малекулаў і комплексаў.

Аўтар больш чым 270 навуковых працаў, у тым ліку 3 манаграфіяў.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герой Сацыялістычнай Працы (1978), заслужаны дзяяч навукі Беларусі (1994).

Дзяржаўная прэмія СССР 1973 году за дасьледваньні расьсеяньне выпраменьваньня дыспэрснымі сыстэмамі і стварэньне новае клясы аптычных фільтраў для шырокай вобласьці інфрачырвонага спэктру. Ленінская прэмія 1980 году за стварэньне новага навуковага напрамку — спэктраскапія вольных складаных малекулаў. Дзяржаўная прэмія Беларусі 1998 году за нізку працаў «Дынаміка аварачальнага руху электронна-узбуджаных шмататамных малекулаў у газавым асяродзьдзі».

Замежны чалец Чэхаславацкай акадэміі навук (1977), Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1981), чалец Расейскай акадэміі навук (1991), сапраўдны чалец Эўрапейскай акадэміі навук, мастацтваў і славеснасьці (1991), ганаровы доктар прыродазнаўчых навук Енскага ўнівэрсытэту імя Ф. Шылера (1983).

Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1971, 1975, 1978, 1983), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1973), Працоўнага Чырвонага Сьцягу (1967), Айчыннай вайны I (1945) і II (1985) ступеняў, Чырвонай Зоркі (1944, 1945), Дружбы (2001), Францішка Скарыны (2003), мэдалямі. Мэдаль Мікалая Каперніка Польскай АН (1973), залаты мэдаль «За заслугі перад навукай і чалавецтвам» Чэхаславацкай АН (1983), залаты мэдаль Славацкай АН «За выключныя заслугі перад навукай» (1983).

Прэмія НАН Беларусі і Сыбірскага аддзяленьня Расейскай АН імя акадэміка В. А. Капцюга (2001).

Ганаровы грамадзянін Менску.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папярэднік
Васіль Купрэвіч
Прэзыдэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі
травень 1969 — сакавік 1987
Наступнік
Уладзімер Платонаў