Перайсьці да зьместу

Хатынь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мэмарыяльны комплекс Хатынь»)
Мэмарыяльны музэй «Хатынь»
Месцазнаходжаньне Беларусь
Закрыты 22 сакавіка 1943
Геаграфічныя каардынаты 54°20′10″ пн. ш. 27°56′26″ у. д. / 54.33611° пн. ш. 27.94056° у. д. / 54.33611; 27.94056Каардынаты: 54°20′10″ пн. ш. 27°56′26″ у. д. / 54.33611° пн. ш. 27.94056° у. д. / 54.33611; 27.94056
Мэмарыяльны музэй «Хатынь» на мапе Беларусі
Мэмарыяльны музэй «Хатынь»
Мэмарыяльны музэй «Хатынь»
Мэмарыяльны музэй «Хатынь»
khatyn.by

Хаты́нь — колішняя вёска ў Лагойскім раёне Менскай вобласьці Беларусі. 22 сакавіка 1943 году была зьнішчаная(de) падчас рэйду нямецкай акупацыйнай улады пры ўдзеле 118-га батальёну дапаможнай паліцыі у якасьці карнай акцыі за забойства некалькіх нямецкіх ваеннаслужачых. У адпаведнасьці з прынцыпам калектыўнага пакараньня 149 жыхароў вёскі былі расстраляныя або спаленыя жыўцом за магчымае аказаньне жыхарамі вёскі дапамогі савецкім партызанам.

У 1969 годзе на месцы спаленай вёскі быў адкрыты мэмарыяльны комплекс. Хатынь стала сымбалем масавага зьнішчэньня нацыстамі мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі ўсяго былога СССР.

Напярэдадні трагедыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 сакавіка 1943 году ў Хатыні заначавалі партызаны з атраду Дзядзі Васі (Васіля Варанянскага). Раніцай 22 сакавіка яны сышлі ў бок Плешчаніц. Адначасова з Плешчаніц ім насустрач у кірунку Лагойску выехаў легкавік і два грузавіка 118 шуцманшафт батальёну 201 нямецкай ахоўнай дывізіі. На скрыжаваньні дарог за 6 км ад Хатыні калёна была абстраляная. Застаецца невядомым, кім былі абстраляныя немцы: ці то партызанамі Дзядзі Васі, ці то нейкай іншай невялікай неарганізаванай узброенай групай. Былі забітыя шэф-камандзір першай роты капітан паліцыі Ганс Вэльке, кулямётчык Шнайдэр і трое паліцаяў, яшчэ двое былі параненыя. Камандзір узводу Мялешка, паранены ў галаву, аддаў загад зьнішчыць партызанаў. Падчас перасьледу карнікі натыкнуліся на жыхароў вёскі Казыры, што працавалі на лесанарыхтоўцы, 26 зь якіх былі забітыя пры спробе ўцячы, а астатнія накіраваныя ў Плешчаніцы. Аб нападзе на карны батальён было дакладзена штурмбанфюрэру СС Оскару Дырлевангеру.

Дырлевангер, дазнаўшыся аб забойстве Ганса Вэльке, чэмпіёна Летніх Алімпійскіх гульняў 1936 году і асабіста знаёмага з Гітлерам, загадаў зьнішчыць Хатынь разам з жыхарамі. Паручэньне было даручанае 118-й шуцманшафт батальёну. У другой палове дня 22 сакавіка 1943 году карнікі атачылі вёску.

118-ы батальён дапаможнай паліцыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

118-ы батальён дапаможнай паліцыі быў сфармаваны ў чэрвені 1942 году ў раёне Кіеву ў асноўным з ваеннапалонных Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі (РСЧА), якія трапілі ў Кіеўскі кацёл, а таксама мясцовых жыхароў[1]. Камандаваў батальёнам ураджэнец Кубані, былы маёр Войска Польскага Канстантын Смоўскі, начальнік штабу — былы кадравы афіцэр, старшы лейтэнант Чырвонай Арміі Рыгор Васюра, камандзір узводу — былы лейтэнант Чырвонай Арміі Васіль Мялешка. Нямецкім «шэфам» 118-га ахоўнага батальёну быў маёр паліцыі Эрых Кернэр. У канцы 1942-га 118 батальён быў накіраваны на тэрыторыю Беларусі.

Дзеяньні ў Хатыні былі не адзінымі ў «паслужным» сьпісе батальёну. 13 траўня Васюра ўзначальваў баявыя дзеяньні супраць партызанаў у раёне сяла Дальковічы. 27 траўня батальён праводзіць карную апэрацыю ў сяле Осаві, дзе былі расстраляныя 78 чалавек. Далей карная апэрацыя «Котбус» на тэрыторыі Менскай і Віцебскай абласьцей — расправа над жыхарамі вёскі Вялейкі; зьнішчэньне жыхароў вёскі Макоўе і Ўборак, расстрэл 50 габрэяў ля сяла Камінская Слабада. За гэтыя «заслугі» гітлераўцы надалі Васюры званьне лейтэнанта і ўзнагародзілі двума мэдалямі.

У ліпені 1944 году ў выніку адступленьня нямецкіх войскаў зь Беларусі батальён быў перакінуты ў Францыю, дзе амаль у поўным складзе перайшоў на бок францускага Руху Супраціву «Макі». Пасьля вызваленьня тэрыторыі Францыі асабовы склад быў уключаны ў 13-ую паўбрыгаду францускага Замежнага легіёну, у складзе якога ваяваў да канца вайны. Пасьля вайны некаторыя з ацалелых працягнулі службу ў Замежным францускім легіёне.

Спаленьне вёскі і жыхароў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыхары вёскі нічога ня ведалі аб ранішнім інцыдэнце, у адказ на які быў ужыты прынцып калектыўнага пакараньня, які парушае правілы і звычаі вядзеньня вайны.

На загад Кэрнэра і Смоўскага паліцаі пад кіраўніцтвам Васюры сагналі ўсіх жыхароў Хатыні ў калгасны хлеў і замкнулі ў ім. Тых, хто спрабаваў уцячы, забівалі на месцы. Сярод жыхароў вёскі былі шматдзетныя сем’і: так, напрыклад, у сям’і Ёсіфа і Ганны Бараноўскіх было дзевяць дзяцей, у сям’і Аляксандра і Аляксандры Навіцкіх — сямёра. У хляве замкнулі таксама Антона Кункевіча зь вёскі Юркавічы і Хрысьціну Слонскую зь вёскі Камена, якія апынуліся ў гэты час у Хатыні. Хлеў аблажылі саломай, аблілі бэнзінам, перакладчык-паліцай Луковіч падпаліў яго. Дакладна вядома, што ў ачапленьні падчас карнай апэрацыі стаяў прынамсі і адзін зь мясцовых паліцаяў, нейкі Іван Петрычук зь Плешчаніц.

Драўляны хлеў хутка заняўся. Пад націскам дзясяткаў чалавечых целаў ня вытрымалі і ўпалі дзьверы, людзі кінуліся бегчы, але тых, хто вырываўся з полымя, расстрэльвалі. Згарэлі ў вогнішчы і былі расстраляныя 149 жыхароў вёскі, зь іх 75 дзяцей маладзейшыя за 16 гадоў. Сама вёска была зьнішчана цалкам.

Дзьве дзяўчыны — Марыя Федаровіч і Юлія Клімовіч — цудам змаглі выбрацца з палаючага хлява і дапаўзьці да лесу, дзе іх падабралі жыхары вёскі Хварасьцені Каменскага сельсавету. Пазьней і гэтая вёска была спаленая, і абедзьве дзяўчыны загінулі.

Двое дзяцей, сямігадовы Віктар Жалабковіч і дванаццацігадовы Антон Бараноўскі, якія знаходзіліся ў падпаленым хляве, засталіся ў жывых. Віця схаваўся пад целам сваёй маці, якая прыкрыла сына сабой. Дзіця, параненае ў руку, праляжала пад трупам маці да адыходу карнікаў зь вёскі. Антон Бараноўскі быў паранены ў нагу куляй, і яго прынялі за мёртвага. Абгарэлых, параненых дзяцей падабралі і выхадзілі жыхары суседніх вёсак. Пасьля вайны дзеці выхоўваліся ў дзіцячым доме ў мястэчку Плешчаніцы. Яшчэ траім — Валодзю Яскевічу, яго сястры Соні і Сашу Жалабковічу — таксама ўдалося схавацца.

З дарослых жыхароў вёскі выжыў толькі 56-гадовы вясковы каваль Ёсіф Ёсіфавіч Камінскі (1887—1973). Зь ягоных словаў, абгарэлы і паранены, ён прыйшоў у прытомнасьць толькі позна ўначы, калі аддзелы нацыстаў пакінулі вёску. Яму давялося перажыць яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод трупаў аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго сына Адама. Хлопчык быў сьмяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі. Ён памёр на руках у бацькі. Ёсіф Камінскі з сынам Адамам паслужылі прататыпамі знакамітага помніку ў мэмарыяльным комплексе.

Аднаму з тых, хто выжыў, жыхару Хатыні Антону Бараноўскаму 22 сакавіка 1943 году было 12 гадоў. Ён ніколі не хаваў праўду пра падзеі ў Хатыні, адкрыта пра гэта казаў, ведаў імёны многіх паліцаяў, якія спальвалі людзей. У сьнежні 1969 году — праз 5 месяцаў пасьля адкрыцьця мэмарыяльнага комплексу — Антон загінуў пры нявысьветленых абставінах.

Вэрсію падзей з шэрагам адрозьненьняў апублікаваў у 2012 годзе ўкраінскі гісторык Іван Дэрэйко ў манаграфіі «Місцеві формування німецької армії та поліції у Райхскомісаріаті „Україна“ (1941—1944 роки)». Ён піша, што 118-й паліцэйскі батальён пасьля нападу аддзелу «Народныя мсьціўцы» атакаваў вёску, дзе замест адыходу ў лес зь невядомай прычыны вырашылі замацавацца партызаны. У выніку штурму вёскі было забіта 30 партызан і некаторая колькасьць мірных жыхароў, яшчэ каля 20 чалавек былі захопленыя ў палон. Сама ж вёска з астатнімі жыхарамі пасьля бою на загад обэргрупэнфюрэра Курта фон Готбэрга была спалена батальёнам СС пад камандаваньнем Дырлевангера.

У адпаведнасьці з Актам камісіі Лагойскага выканкаму райсавету народных дэпутатаў ад 26 траўня 1969 году ўстаноўлена дата і час спаленьня вёскі Хатынь 22 сакавіка 1943 году а другой дня, а таксама сьпіс спаленых мірных жыхароў:

Усяго 149 чалавек (зь іх 75 дзяцей), 26 двароў:

  • I
    • Жалабковіч Андрэй Іванавіч (1897 г.н.) — 46 гадоў
    • Жалабковіч Ганна Вікенцеўна (1905 г.н.) — 38 гадоў
    • Жалабковіч Сьцяпан (1928 г.н.) — 15 гадоў
    • Жалабковіч Ганна (1929 г.н.) — 14 гадоў
    • Жалабковіч Софія (1933 г.н.) — 10 гадоў
  • II
    • Жалабковіч Пётар Антонавіч (1898 г.н.) — 45 гадоў
    • Жалабковіч Стэфаніда (Стэфанія) Аляксееўна (1903 г.н.) — 40 гадоў
    • Жалабковіч Вольга (1928 г.н.) — 15 гадоў
    • Жалабковіч Станіслаў (1929 г.н.) — 14 гадоў
    • Жалабковіч Раіса (1932 г.н.) — 11 гадоў
    • Жалабковіч Лідзія (1934 г.н.) — 9 гадоў
  • III
    • Жалабковіч Раман Сьцяпанавіч (1881 г.н.) — 62 гады
    • Жалабковіч Стэфаніда (Стэфанія) Іванаўна (1892 г.н.) — 51 год
    • Жалабковіч Віктар (1933 г.н.) — 10 гадоў
    • Жалабковіч Галіна (1935 г.н.) — 8 гадоў
  • IV
    • Бараноўскі Язэп Іванавіч (1899 г.н.) — 44 гады
    • Бараноўская Ганна Вікенцеўна (1906 г.н.) — 37 гадоў
    • Бараноўскі Мікалай (1928 г.н.) — 15 гадоў
    • Бараноўскі Станіслаў (1929 г.н.) — 14 гадоў
    • Бараноўскі Ўладзімер (1931 г.н.) — 12 гадоў
    • Бараноўскі Генадзь (1932 г.н.) — 11 гадоў
    • Бараноўская Леаніда (1932 г.н.) — 11 гадоў
    • Бараноўская Марыя (1933 г.н.) — 10 гадоў
    • Бараноўская Софія (1934 г.н.) — 9 гадоў
    • Бараноўская Алена (1936 г.н.) — 7 гадоў
  • V
    • Навіцкі Аляксандар Раманавіч (1896 г.н.) — 47 гадоў
    • Навіцкая Аляксандра (1901 г.н.) — 42 гады
    • Навіцкі Леанід (1928 г.н.) — 15 гадоў
    • Навіцкі Яўген (1930 г.н.) — 13 гадоў
    • Навіцкая Марыя (1932 г.н.) — 11 гадоў
    • Навіцкая Ганна (1934 г.н.) — 9 гадоў
    • Навіцкі Канстантын (1938 г.н.) — 5 гадоў
    • Навіцкі Антон (1939 г.н.) — 4 гады
    • Навіцкі Міхаіл (1941 г.н.) — 2 гады
  • VI
    • Бараноўская Софія (1895 г.н.) — 48 гадоў
    • Бараноўская Ванда (1918 г.н.) — 25 гадоў
    • Бараноўская Ганна (1926 г.н.) — 17 гадоў
    • Бараноўскі Мікалай (1937 г.н.) — 6 гадоў
  • VII Дом згарэў без жыхароў
  • VIII
    • Жыдовіч Савелі Казімеравіч (1905 г.н.) — 38 гадоў
    • Жыдовіч Алена Антонаўна (1908 г.н.) — 35 гадоў
    • Жыдовіч Сьцяпан (1931 г.н.) — 12 гадоў
    • Жыдовіч Казімер (1933 г.н.) — 10 гадоў
    • Жыдовіч Адам (1934 г.н.) — 9 гадоў
    • Жыдовіч Мікалай (1935 г.н.) — 8 гадоў
    • Жыдовіч Вячаслаў (1936 г.н.) — 7 гадоў
    • Жыдовіч Міхал (1938 г.н.) — 5 гадоў
    • Жыдовіч Марыя Антонаўна (1883 г.н.) — 60 гадоў
  • IX
    • Камінскі Іван Язэпавіч. (1892 г.н.) — 51 год
    • Камінская Вольга Антонаўна (1896 г.н.) — 47 гадоў
    • Камінскі Вячаслаў (1924 г.н.) — 19 гадоў
    • Камінская Марыя (1928 г.н.) — 15 гадоў
    • Камінскі Станіслаў (1932 г.н.) — 11 гадоў
    • Камінская Ганна (1933 г.н.) — 10 гадоў
    • Камінская Юзэфа (1938 г.н.) — 5 гадоў
  • X
    • Камінская Адэля (1890 г.н.) — 53 гады
    • Камінская Ядвіга (1922 г.н.) — 21 год
    • Камінскі Адам (1928 г.н.) — 15 гадоў
    • Камінскі Міхал (1930 г.н.) — 13 гадоў
    • Камінская віляць (1932 г.н.) — 11 гадоў
    • Кункевіч Антон (1912 г.н.) — 31 год
  • XI
    • Жалабковіч Іван Іванавіч (1904 г.н.) — 39 гадоў
    • Жалабковіч Софія Антонаўна (1907 г.н.) — 36 гадоў
    • Жалабковіч Уладзімер (1922 г.н.) — 21 год
    • Жалабковіч Алена (1933 г.н.) — 10 гадоў
    • Жалабковіч Леаніда (1939 г.н.) — 4 гады
    • Жалабковіч Міхал (1941 г.н.) — 2 гады
    • Жалабковіч Марыя (1885 г.н.) — 58 гадоў
    • Яскевіч Іван Антонавіч (1904 г.н.) — 39 гадоў
    • Яскевіч Юлія Іванаўна (1913 г.н.) — 30 гадоў
    • Яскевіч Софія (1933 г.н.) — 10 гадоў
    • Яскевіч Алена (1935 г.н.) — 8 гадоў
    • Яскевіч Ганна (1939 г.н.) — 4 гады
    • Яскевіч Міхал (1941 г.н.) — 2 гады
  • XII
    • Іотка Казімер Феліксавіч (1896 г.н.) — 47 гадоў
    • Іотка Алена Сьцяпанаўна (1898 г.н.) — 45 гадоў
    • Іотка Марыя (1925 г.н.) — 18 гадоў
    • Іотка Альбэрт (1928 г.н.) — 15 гадоў
    • Іотка Станіслава (1931 г.н.) — 12 гадоў
    • Іотка Дамінік (1936 г.н.) — 7 гадоў
    • Іотка Рэгіна (1937 г.н.) — 6 гадоў
    • Іотка Сьцяпан (1939 г.н.) — 4 гады
    • Іотка Юзэфа (1941 г.н.) — 2 гады
  • XIII
    • Жалабковіч Эўфрасіньня Іванаўна (1883 г.н.) — 60 гадоў
    • Жалабковіч Язэп (1904 г.н.) — 39 гадоў
    • Жалабковіч Вольга (1909 г.н.) — 34 гадоў
  • XIV
    • Іотка Іван Аляксандравіч (1904 г.н.) — 39 гадоў
    • Іотка Анастасія Сьцяпанаўна (1908 г.н.) — 35 гадоў
    • Іотка Казімер (1935 г.н.) — 8 гадоў
    • Іотка Юзэфа (1939 г.н.) — 4 гады
  • XV
    • Рудак Марыя Іванаўна (1898 г.н.) — 45 гадоў
    • Мірановіч Стэфаніда (Стэфанія) Кліменцеўна (1875 г.н.) — 68 гадоў
  • XVI
    • Дражынская Юзэфа Антонаўна (1911 г.н.) — 32 гады
    • Дражынская Валянціна (1933 г.н.) — 10 гадоў
    • Дражынская Міхаліна (1938 г.н.) — 5 гадоў
    • Доўгель Антон Антонавіч (1888 г.н.) — 55 гадоў
    • Доўгель Барыс (1933 г.н.) — 10 гадоў
  • XVII
    • Мірановіч Язэп Язэпавіч (1899 г.н.) — 44 гады
    • Мірановіч Тэкля Мікалаеўна (1901 г.н.) — 42 гады
    • Мірановіч Ніна (1925 г.н.) — 18 гадоў
    • Мірановіч Хведар (1934 г.н.) — 9 гадоў
    • Мірановіч Пётар (1937 г.н.) — 6 гадоў
    • Мірановіч Васіль (1940 г.н.) — 3 гады
    • Мірановіч Алена (1941 г.н.) — 2 гады
  • XVIII
    • Карабан Канстантын Юстынавіч (1897 г.н.) — 46 гадоў
    • Карабан Марыя (1900 г.н.) — 43 гады
    • Карабан Леакадзія (1928 г.н.) — 15 гадоў
    • Карабан Надзея (1933 г.н.) — 10 гадоў
    • Карабан Канстантын (1939 г.н.) — 4 гады
  • XIX
    • Федаровіч Ганна Сідараўна (1892 г.н.) — 51 год
  • XX
    • Карабан Пётар Васілевіч (1914 г.н.) — 29 гадоў
    • Карабан Алена Гаўрылаўна (1925 г.н.) — 18 гадоў
  • XXI
    • Карабан Юлія Амбросіеўна (1878 г.н.) — 65 гадоў
    • Карабан Язэп (1918 г.н.) — 25 гадоў
    • Карабан Марыя (1923 г.н.) — 20 гадоў
    • Карабан Ганна (1923 г.н.) — 20 гадоў
    • Карабан Віктар (1925 г.н.) — 18 гадоў
    • Карабан Уладзімер (1941 г.н.) — 2 гады
  • XXII
    • Яскевіч Антон Антонавіч (1896 г.н.) — 47 гадоў
    • Яскевіч Алена Сідараўна (1895 г.н.) — 48 гадоў
    • Яскевіч Віктар (1922 г.н.) — 21 год
    • Яскевіч Ванда (1923 г.н.) — 20 гадоў
    • Яскевіч Вера (1924 г.н.) — 19 гадоў
    • Яскевіч Надзея (1934 г.н.) — 9 гадоў
    • Яскевіч Уладыслаў (1936 г.н.) — 7 гадоў
    • Яскевіч Антон (1943 г.н.) — 7 тыдняў
  • XXIII
    • Рудак Стэфаніда (Стэфанія) Антонаўна (1898 г.н.) — 45 гадоў
    • Рудак Зіна (1925 г.н.) — 18 гадоў
    • Рудак Аляксандар (1932 г.н.) — 11 гадоў
    • Рудак Рэгіна (1934 г.н.) — 9 гадоў
    • Рудак Антон (1938 г.н.) — 5 гадоў
  • XXIV
    • Рудак Язэп Іванавіч (1874 г.н.) — 69 гадоў
    • Рудак Параска Іванаўна (1877 г.н.) — 66 гадоў
    • Рудак Міхал Язэпавіч (1905 г.н.) — 38 гадоў
    • Рудак Крыстына (1912 г.н.) — 31 год
    • Рудак Софія (1938 г.н.) — 5 гадоў
    • Рудак Крыстына (1940 г.н.) — 3 гады
  • XXV
    • Федаровіч Язэп Сідаровіч (1889 г.н.) — 54 гады
    • Федаровіч Пятрунэля Амброзіеўна (1894 г.н.) — 49 гадоў
    • Федаровіч Марыя (1922 г.н.) — 21 год
    • Федаровіч Антон (1925 г.н.) — 18 гадоў
    • Федаровіч Язэп Язэпавіч (1913 г.н.) — 30 гадоў
    • Федаровіч Юлія Антонаўна (1913 г.н.) — 30 гадоў
    • Федаровіч Кацярына (1938 г.н.) — 5 гадоў
    • Федаровіч Ганна (1940 г.н.) — 3 гады
  • XXVI
    • Клімовіч Антон Максімавіч (1890 г.н.) — 53 гады
    • Клімовіч Юлія (1922 г.н.) — 21 год
    • Клімовіч Антон (1926 г.н.) — 17 гадоў
    • Слонская Крыстына Максімаўна (1895 г.н.) — 48 гадоў
    • Сакалоўскі Пётр Лявонавіч (1933 г.н.) — 10 гадоў

Мэмарыяльны комплекс «Хатынь»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Від асноўнай часткі мэмарыяльнага комплексу (ад уваходу)
Від асноўнай часткі мэмарыяльнага комплексу (ад уваходу)

У памяць беларускіх вёсак, зьнішчаных нацыстамі ў гады апошняй вайны, у студзені 1966 году было прынятае рашэньне аб стварэньні ў Лагойскім раёне мэмарыяльнага комплексу «Хатынь». У сакавіку 1967 быў аб’яўлены конкурс на стварэньне праекту мэмарыялу. У конкурсе перамог калектыў архітэктараў: Юры Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін, скульптар народны мастак БССР Сяргей Селіханаў (усе чацьвёра атрымалі Ленінскую прэмію). Урачыстае адкрыцьцё мэмарыяльнага комплексу «Хатынь» адбылося 5 ліпеня 1969 году[2].

Мэмарыяльны комплекс «Хатынь» на месцы спаленай вёскі.

Мэмарыяльны архітэктурна-скульптурны комплекс плошчай 50 гектараў месьціцца на месцы Хатыні, паўтараючы пляніроўку былога селішча, улучаючы Могілкі вёсак, плошчу Памяці, Сьцяну Жалобы і Дрэва жыцьця. У цэнтры кампазыцыі мэмарыялу знаходзіцца шасьцімэтровая бронзавая скульптура «Няскораны чалавек» зь мёртвым дзіцём на руках. Побач злучаныя гранітныя пліты, што сымбалізуюць дах адрыны, у якой былі спаленыя жыхары вёскі. На брацкай магіле зь белага мармуру — Вянок памяці. На ім — наказ загінулых жывым:

«

Людзі добрыя, памятайце:
Любілі мы жыцьцё, і Радзіму, і вас, дарагія.
Мы згарэлі жывымі ў агні.
Наша просьба да ўсіх:
Хай жалоба і смутак абярнуцца ў мужнасьць вашу і сілу,
Каб змаглі вы зацьвердзіць навечна мір і спакой на зямлі.
Каб ад сёньня нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыцьцё не канала!

Арыгінальны тэкст  (рас.)

Люди добрые, помните:
любили мы жизнь, и Родину нашу, и вас, дорогие.
Мы сгорели живыми в огне.
Наша просьба ко всем:
Пусть скорбь и печаль обернутся в мужество ваше и силу,
Чтобы смогли вы утвердить навечно мир и покой на земле.
Чтобы отныне нигде и никогда в вихре пожаров жизнь не умирала!

»
  • Колокола Хатыни // 100 великих некрополей / Автор-сост. Н. А. Ионина. — М.: Вече, 2004. — С. 448-453. — (100 великих). — 15 000 ас. — ISBN 5-9535-0219-3

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  611Д000279