Мсьціўцы (фільм, 2012)
Мсьціўцы | |
The Avengers | |
Жанр | баявік[d][1], навукова-фантастычны фільм[d], мешаніна[d], супэргеройскі фільм[d], кінафантастыка і прыгодніцкі фільм |
---|---|
Рэжысэр | Джос Ўідан |
Сцэнарыст | Джос Ўідан |
Заснаваны на | Мсьціўцы[d] |
Прадусар | Кэвін Файгі |
У ролях | |
Кампазытар | Алан Сыльвэстры |
Апэратар | Шэймас Макгарві |
Мантаж | |
Вытворчасьць | Marvel Studios |
Распаўсюд | Дыснэй+[d] і Walt Disney Studios Motion Pictures[d] |
Дата выхаду | 11 красавіка 2012 (12 гадоў таму) |
Працягласьць | 143 хв. |
Краіна | ЗША |
Мова | ангельская |
Бюджэт | $220 млн |
Прыбытак | $1519 млрд |
Старонка на IMDb | |
Афіцыйны сайт |
«Ма́рвэлавы Мсьці́ўцы» (па-ангельску: Marvel's The Avengers), ці проста «Мсьціўцы» (анг. The Avengers) — амэрыканскі супэргеройскі фільм 2012 року, сфільмаваны студыяй «Marvel» пра аднайменную групу супэргерояў. Гэта шосты фільм у кінасусьвеце Marvel. Рэжысэр — Джос Ўідан, аўтары сцэнару — Зак Пэн і Джос Ўідан. У галоўных ролях: Робэрт Даўні (малодшы), Крыс Эванз, Марк Рафала, Крыс Гэмсўарт, Скарлет Ёхансан, Джэрэмі Рэнэр (каманда Мсьціўцаў), а таксама Том Гідэлстан, Кларк Грэг, Кобі Смалдэрз, Стэлян Скаршгорд і Сэмюэл Джэксан. У фільме Нік Ф’юры, кіраўнік міратворчай арганізацыі Ш.Ч.Ы.Т., наймае Тоні Старка, капітана Амэрыку, Халка і Тора ў каманду, якая будзе супрацьстаяць спробе Локі заваяваць Зямлю.
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асгардзец Локі сустракае Іншага, лідэра па-зазямной расы Чытаўры. Наўзамен за вяртаньне Тэсэракту, магутнай крыніцы энэргіі невядомага патэнцыялу, Іншы абяцае прадаставіць Локі войскі, зь якім ён зможа падпарадкаваць Зямлю. Нік Ф’юры, кіраўнік выведніцкай агенцыі Ш.Ч.Ы.Т., прыбывае з агенткай лейтэнантам Марыяй Гіл на дасьледчую базу падчас ейнай эвакуацыі. Агент Філ Кулсан дакладае, што падчас дасьледаваньня Тэсэракта, якое вядзе доктар Эрык Сэльвіг, аб’ект пачаў выпраменьваць невядомы від энэргіі. У іхняй прысутнасьці Тэсэракт нечакана актывізуецца і адчыняе кратовую нару, празь якую на Зямлю трапляе Локі. Ён забірае Тэсэракт і некалькіх агентаў разам з Сэльвігам і Клінтам Бартанам, падпарадкоўваючы іх сваім скіпэтрам.
Напад Локі падштурхоўвае Ф’юры перазапусьціць «Ініцыятувы Мсьціўцаў». Агент Наташа Раманава выпраўляецца ў Калькуту, каб запытаць дапамогі доктара Бруса Банэра ў высочваньні Тэсэракта па ягоным гама-выпраменьваньні. Кулсан зьвяртаецца да Тоні Старка, каб той вывучыў вынікі досьледаў Сэльвіга, а Ф’юры дае заданьне Стыву Роджэрзу знайсьці Тэсэракт.
У Штутгарце Бартан скрадае ірыд, неабходны дзеля стабілізацыі энэргіі Тэсэракта, пакуль Локі займаецца адцягвальнай апэрацыяй. Тым яго застаюць Роджэрз, Старк і Раманава; у выніку сутычкі Локі здаецца. Яго эскартуюць у Ш. Ч.Ы. Т., аднак ягоны зводны брат Тор вызваляе Локі, спадзеючыся, што здолее ўгаварыць брата адмовіцца ад свайго пляну і вярнуцца ў Асгард. Пасьля спрэчкі са Старкам і Роджэрзам Тор пагаджаецца перадаць Локі на лётаючы авіяносец Ш. Ч.Ы. Т.у, Гэліавіяносец. Тут Локі саджаюць у вязьніцу, пакуль Банэр і Старк займаюцца пошукамі Тэсэракта.
Мсьціўцы разыходзяцца ў стаўленьні да Локі, а таксама ў поглядах на тое, што Ш. Ч.Ы. Т. плянуе выкарыстаць Тэсэракт дзеля распрацоўкі зброі стрымліваньня супраць нападу іншаплянэцянаў. Даходзіць да спрэчкі, і ў гэтым час Бартан і іншыя апанаваныя скіпэтрам Локі агенты атакуюць Гэліавіяносец, выводзяць са строю адзін зь ягоных рухавікоў і выклікаюць пераўтварэньне Банэра ў Халка. Старк і Роджэрз спрабуюць адрамантаваць рухавік, а Тор спрабуе спыніць Халкаву лютасьць. Раманава хоцькі-няхоцькі вымушаная біцца з былым паплечнікам Бартанам, і зьбіваючы яго да бяспамяцтва, выводзіць таго з-пад кантролю Локі. Локі вызваляецца, забіўшы Кулсана і скінуўшы з авіяносца Тора, а Халк вывальваецца зь яго пры спробе напасьці на зьнішчальнік Ш. Ч.Ы. Т.у. Ф’юры выкарыстоўвае сьмерць Кулсана як матывацыю Мсьціўцаў зьядняцца ў каманду. Старк і Роджэрз здагадваюцца, што для Локі перамога над імі — не канчатковая мэта; яму неабходна прынізіць іх публічна, каб зацьвердзіць сябе валадаром Зямлі. З дапамогай збудаванай Сэльвігам прылады Локі выкарыстоўвае Тэсэракт, каб адчыніць кратовую нару над Старкавай вежай, празь якую на Зямлю ўрываецца флёт Чытаўры.
Роджэрз, Старк, Раманава, Бартан і Тор становяцца на абарону Нью-Ёрку ад іншаплянэцянаў. Зьяўляецца Банэр і, ператварыўшыся ў Халка, далучаецца да Мсьціўцаў, пакуль адбываецца эвакуацыя насельніцтва. Халк знаходзіць Локі і атрымлівае над ім верх. Раманава прабіваецца да генэратара кратовай нары, дзе Сэльвіг, вызвалены з-пад падпарадкаваньня Локі, высьвятляе, што генэратар можа быць спынены скіпэтрам Локі. Тым часам вышэйстаячыя чыноўнікі з Сусьветнай рады бясьпекі адхіляюць Ф’юры ад камандаваньня за няздольнасьць абараніць Нью-Ёрк і вырашаюць зьнішчыць іншаплянэтнікаў разам з жыхарамі, запусьціўшы ядзерную ракету. Старк перахоплівае яе па шляху і накіроўвае праз кратовую нару да флёту Чытаўры. Выбух ракеты зьнішчае флагманскі карабель прыхадняў, што прыводзіць да адключэньня іхніх войскаў на Зямлі. У Старкавым касьцюме сканчаецца энэргія, і ён падае назад у кратовую нару за імгненьні да таго, як Раманава яе зачыняе. Ад падзеньня на зямлю Старка ратуе Халк. Скончыўшы справы, Тор вяртаецца з Локі і Тэсэрактам у Асгард, а Ф’юры выказвае ўпэўненасьць у тым, што Мсьціўцы зьбяруцца зноў пры патрэбе.
У паміжсубтытравай сцэне Іншы абмяркоўвае са сваім валадаром няўдалую атаку на Зямлю. У пасубтрытравай сцэне Мсьціўцы ў цішыні ядуць шавурму ў рэстаране.
У ролях
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Робэрт Даўні (малодшы) — Тоні Старк / Жалезны чалавек, геніяльны вынаходнік, мільярдэр, вісус і філянтроп, носьбіт электрамэханічнага бронекасьцюму ўласнага вынаходніцтва.
- Крыс Эванз — Стыў Роджэрз / Капітан Амэрыка, вэтэран II сусьветнай вайны, з дапамогай экспэрымэнтальнай сыроваткі выведзены на пік чалавечай фізычнай моцы і замарожаны, а пасьля абуджаны ў цяперашні час.
- Марк Рафала — Брус Банэр / Халк, геніяльны навуковец, які з-за апраменьваньня гама-радыяцыяй пры раззлаваньні ці хваляваньні ператвараецца ў монстра.
- Крыс Гэмсўарт — Тор, кронпрынц Асгарду, прадстаўляе аднайменнага пэрсанажа скандынаўскай міталёгіі.
- Скарлет Ёхансан — Наташа Раманава / Чорная ўдава, высокакваліфікаваны агент Ш. Ч.Ы. Т.у.
- Джэрэмі Рэнэр — Клінт Бартан / Сакалінае Вока, майстарскі лучнік, агент Ш. Ч.Ы. Т.у.
- Том Гідэлстан — Локі, прыёмны брат Тора, заснаваны на скандынаўскім бостве.
- Кларк Грэг — Філ Кулсан, агент Ш. Ч.Ы. Т.у, нагляднік розных палявых апэрацыяў арганізацыі.
- Кобі Смалдэрз — Марыя Гіл, высокапастаўлены агент Ш. Ч.Ы. Т.у, паплечніца Ніка Ф’юры.
- Стэлян Скаршгорд — Эрык Сэльвіг, астрафізык і сябар Тора, дасьледуе Тэсэракт, пасьля чаго ягоным розумам авалодвае Локі.
- Сэмюэл Джэксан — Нік Ф’юры, кіраўнік Ш. Ч.Ы. Т.у, каардынатар «Ініцыятывы Мсьціўцаў».
Вытворчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2007 року студыя «Marvel» наняла для «Мсьціўцаў» сцэнарыста Зака Пэна, які раней склаў сцэнар «Неймавернага Халка». У кастрычніку 2008 пачаўся падбор актораў.
Здымкі пачаліся ў красавіку 2011 року ў Албукерке (Нью-Мэксыка) і праходзілі таксама ў Пэнсыльваніі ды Агаё, а скончыліся ў Нью-Ёрку.
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Мсьціўцы» зарабілі $623,4 мільёны ў ЗША і Канадзе і $895,5 млн у астатнім сьвеце — агулам $1519 млрд, што зрабіла яго на той час трэцім фільмам у сьвеце паводле касавых збораў, найлепшым касавым фільмам 2012 року, найлепшым касавым фільмам па коміксах, найлепшым касавым супэргеройскім фільмам і найлепшым касавым фільмам студыя Ўолта Дыснэя.
На Rotten Tomatoes фільм атрымаў рэйтынг 92%, на Metacritic — 69/100.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мсьціўцы (фільм, 2012) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Афіцыйная бачына
- Мсьціўцы (анг.) на сайце IMDb
|
- Фільмы 2012 году
- Фільмы на ангельскай мове
- Фільмы-баевікі ЗША
- Фэнтэзійныя фільмы ЗША
- Навукова-фантастычныя фільмы ЗША
- Фільмы пра супэргерояў
- Фільмы ў 3D
- Фільмы пра ўварваньні іншаплянэцянаў
- Фільмы Джоса Ўідана
- Фільмы пра Нямеччыну
- Фільмы пра Індыю
- Фільмы пра ЗША
- Фільмы пра Расею
- Фільмы з кампутарнай графікай
- Фільмы IMAX
- Фільмы кінасусьвету Marvel
- Кратовыя норы ў культуры і мастацтве